Не змог запусціць бензапілу: Як МІТСО пазбег разні


Улад Казакевіч каля дзесяці хвілінаў спрабаваў запусціць інструмент ува ўніверсітэцкай прыбіральні.

17-гадовы мянчук Уладзіслаў Казакевіч, які 8 кастрычніка напаў з бензапілой і сякерай на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Еўропа», першапачаткова меў намер учыніць масавае забойства ў сваім універсітэце – МІТСО. Студэнтаў ад трагедыі збярог шчаслівы збег акалічнасцяў.

Ананімная крыніца ў ВНУ паведаміла «Беларускім навінам», што першакурснік Казакевіч у пачатку кастрычніка прыйшоў у МІТСО з бензапілой і закрыўся ў прыбіральні, дзе цягам прыкладна дзесяці хвілін спрабаваў яе завесці, але так і не здолеў гэтага зрабіць.

На яго пачалі звяртаць увагу, пасля чаго Казакевіч пакінуў будынак ўніверсітэту.


Завесці бензапілу – справа няпростая. Нават тыя, хто працуе з пілой штодня могуць не даць рады: віной можа быць брак іскры або падачы паліва ці засмечаны паветраны фільтр. Дадатковыя цяжкасці могуць з’явіцца пры запуску цалкам новага інструмента.


10 кастрычніка праваахоўнікі паведамлялі, што рашэнне аб здзяйсненні масавага забойства з асаблівай жорсткасцю затрыманы прыняў даўно: «Сёлета ў кастрычніку ён меў намер здзейсніць аналагічнае дзеянне па месцы вучобы, аднак не давёў свой намер да канца па не залежных ад яе прычынах. Сваю віну малады чалавек прызнаў. Матывам злачынства, паводле ягоных словаў, стала расчараванне ў самім сабе, агіда да чалавецтва, дэпрэсіўны настрой».

Папяровая сякера

Адна са студэнтак МІТСО распавяла, што 11 кастрычніка Казакевіча прывозілі ўва ўніверсітэт на следчы эксперымент.

«Было каля 9:20, скончылася першая пара, – цытуе дзяўчыну TUT.BY. – З старога корпуса, дзе мы займаемся, я пайшла ў галоўны – у ларок. Цэнтральны ўваход галоўнага корпуса быў зачынены, і ахоўнік паказаў, што трэба ісці ў абход. Я не ведала, што адбываецца, але каля КПП ужо сабралася шмат людзей. Я збегала ў шапік, а калі вярталася, убачыла, як паводзяць Улада. Ён ішоў, апусціўшы галаву ўніз. Побач – людзі ў чорным».

Універсітэт ад разні, імаверна, уратавала тое, што Казакевіч ня здолеў запусціць бензапілу.
Універсітэт ад разні, імаверна, уратавала тое, што Казакевіч ня здолеў запусціць бензапілу.

Паводле дзяўчыны, Казакевіч паводзіў сябе спакойна, на ягоных руках былі кайданкі, ён трымаў папяровую сякеру.

Пакуль інфармацыю аб правядзенні следчага эксперыменту ўва ўніверсітэце праваахоўнікі не каментуюць.

ДД

Глядзі таксама
Каментары