Не ў тым месцы і не ў той час. Тры з паловаю гісторыі пра выбух 3 ліпеня


Здараецца, што чалавек знаходзіць бомбу і яна цудам не выбухае ў яго ў руках. Здараецца, бомба выбухае ў некалькіх метрах і цудам удаецца пазбегнуць моцных пашкоджанняў. Але ў Беларусі здараюцца і іншыя «цуды»: калі за краты трапляюць людзі, якія аніякага дачынення да бомбы не мелі.

Гісторыя першая. Пра чалавека, які падфутболіў бомбу нагою

Руслан Якімовіч жыве ў пасёлку Чысць паміж Менскам і Маладзечнам. У 2008 падчас святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці менавіта ён разам са сваім сябрам знайшоў бомбу, замаскаваную пад пакет соку «Садочок».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

– Ну, што тут распавядаць: былі на свяце. Пагулялі ў парку Горкага, потым пайшлі ў бок стэлы. Прайшлі праз кардон… Тады яшчэ распіццё не было пад такой забаронаю. У нас і з сабою троху было…

На гары ля гатэлю «Планета» мы пабачылі: дзяўчаты сядзяць. Глядзяць на сцэну. Мы побач праходзім, гляджу: пакет ад соку валяецца. Ну, мы выпіўшы былі, я гэтага не адмаўляю. Там усе распівалі. Дык я тую двухлітровую каробку ад соку пнуў нагою. Там шмат усялякага смецця валялася пад нагамі.

Падбіў нагой – а яна цяжкая. Кажу: Жэнік, прыкінь, халяўны сок! Можа хто згубіў. У нас было чым гарэлку запіць, але мала. Я думаю: якая розніца? Раз халява, то пашанцавала і я яе забіраю.

Потым ідзем мы да той горкі, сядаем каля дзяўчат. П’ем гарэлку. Ну бо ўсе пілі. Тады распіццё не было пад забаронаю. Квас дапіваем, думаю, сачку цяпер пап’ем.

Я адчыняю корак, выдзіраю гэтую фольгу. А тут раптам тумблер выскоквае. Такі белы пластмасавы, як у старых магнітафонах. Што за ерундаЖэнік у войску служыў – таксама не ведае. Дай, думаю, пагляджу. Выпіўшы, можна зразумець. Узяў ключ ад кватэры, пакет гэты разразаю: а там фольга, правады, будзільнічак кітайскі.

Сябры падумалі, што гэта мог быць муляж бомбы – чыйсці кепскі жарт. Але вырашылі занесці каробку да міліцыянтаў.

– Прапаршчык стаяў, здаецца. Мы яму паказваем, а ён глядзіць на нас, маўляў, вы прыкалваецесяпацаны? Але кажа – прайдзёмце. Рацыю сваю выключыў, бомбу ўзяў і мы разам пайшлі на гару да аператыўнікаў. Ну і на гэтым для нас свята скончылася. Пачалі нас пытаць – міліцыянты, КДБ, аддзел па барацьбе з тэрарызмам. Паклікалі сапёраў. Перад намі размініравалі. Нас адпусцілі.

Службы бяспекі вырашылі не перарываць канцэрту. Магчыма, вырашылі, што другой бомбы няма, аднак аддалі загад аператыўным працаўнікам пільна спраўджваць усе падазроныя прадметы. Праз дзве гадзіны выбухнула.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

– Нас ізноў павялі. Спраўджвалі на дэтэктары ілжы. Пачалі цягаць туды-сюды. А потым нас яшчэ часценька выклікалі. На судзе пазней я бачыў… як іх прозвішчы? Кавалёў і Канавалаў. Яны сядзелі, смяяліся. Але я на судзе асабліва не быў – мне яшчэ з Менску вяртацца доўга… Яны ці не яны гэта зрабілі, я не ведаю. Следчыя гэта мусяць высвятляць. А што мы знайшлі тую першую бомбу… Мне потым казалі, што калі б яна выбухнула, калі я яе пнуў нагою – на нас бы ўсё «павесілі» і нікога больш не шукалі. А сапёр сказаў: вы нарадзіліся ў кашулі.

На пытанне, ці адчувае сябе героем, які выратаваў ад выбуху дзясяткі асобаў, Руслан паціскае плячыма: «Ну, знайшлі выпадкова. Аддалі міліцыі, дзе тут геройства?»

Гісторыя другая. Незагойныя раны

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Пасля апоўначы грымнуў выбух. Бомба была ўдвая меншая за тую, што знайшоў Руслан са сваім сябрам. Аднак ад яе пацярпелі каля 50 асобаў: гайкі і балты, якімі была начыненая выбухоўка, разляцелася ў бакі, упіваючыся ў ногі, дробячы косці.

«Белсату» удалося адшукаць каля дзясятка пацярпелых ад выбуху. Найбольш дасталася Стасу Маёраву, які атрымаў два раненні, што мусілі прывесці да смерці. «Мне цяжка пра гэта размаўляць», «я не хачу ўзгадваць» – раны на целе даўно загаіліся, але не ў свядомасці. Большасць пацярпелых, якіх нам удалося знайсці, не хочуць размаўляць пра падзеі ў 2008. Віктар Міхайлаў – гэта імя, прыдуманае на просьбу нашага суразмоўцы. Бомба выбухнула ў 3-4 метрах ад яго.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

– Гайка крыху вышэй за каленны сустаў прайшла, нібы адскочыла, толькі гематома была. А вось сябру майму голень у двух месцах прабіла. Я тры дні у шпiталi праляжаў, тыдні 2-3 кульгаў потым. Кампенсацыю атрымаў, здаецца, каля $ 250.

Выбух бомбы стаўся сур’ёзным выпрабаваннем для ўлады. У навінах галоўнымі асобамі сталіся сілавікі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, які пагражаў тэрарыстам ды супакойваў беларусаў. «У маёй палаце хлапец ляжаў, дык яму тэлевізіёншчыкі казалі, каб ён на камеру гаварыў, што прэзідэнт да яго падыходзіў», – распавядае Віктар. І адразу ўзгадвае суд, дзе ён быў у якасці пацярпелага.

– Суд i вырак – цырк. Кавалёў вінаваты толькі у тым, што з сябрам гарэлку піў, а пра Канавалава нічога не магу сказаць – вельмі мала вядома пра яго. Моўчкі сядзець у клетцы па 6 гадзінаў кожны дзень i амаль не варушыцца – ён ці супермен, ці пад галаперыдолам быў.

Адвакату Стасу Абразею нават слова вымавіць не давалі, калі ён нешта не тое, што па сцэнарыю казаў. Гэта называецца суд? Ды i на відэа следчага эксперыменту бомба ляжала не там i не так, як мне бачылася. Я не веру ў афіцыйную версію,

Мы там кампаніяй былі i бачылі падазронага мужчыну, дзяўчат нашых следчыя органы апыталі, фотаробат зрабiлi. Паказвалі яго i мне. Аднак гэта быў не Канавалаў i не Кавалёў. Той быў значна шырэйшы ў плячах i дужэйшы мужчына гадоў 35. Дзе гэты фотаробат i што з  зрабiлi – нават не ведаю. Ды i не хачу надта ў мінулае лезці. Усім вядома, у якой краіне мы жывем…

Гісторыя трэцяя. «Мы ведаем, што вы гэта арганізавалі»

Выбух у 2008 годзе і намаганні знайсці вінаватых змянілі дачыненні «грамадзянін – дзяржава»: павальная прымусовая дактыласкапія, масавыя допыты ўсіх – ад апазіцыянераў да студэнтаў-хімікаў. Для спецслужбаў самай простаю і быць можа нават пажаданаю версіяй было тое, што выбух здзейснілі апазіцыянеры-нацыяналісты. У кола падазраваных трапіў Міраслаў Лазоўскі, адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну», хоць гэтая арганізацыя на той час ужо не дзеяла. Яго затрымалі на 10 содняў для допытаў, у кватэры шукалі доказы датычнасці да выбуху.

[vc_single_image image=”13″ img_size=”large”]

– Я не мог уявіць, што нас, беларускіх нацыяналістаў, пад гэта нейкім чынам будуць «падпісваць». Калі зранку ўсё пачалося, я быў рэальна здзіўлены. Але наколькі я зразумеў, яны ўсурёз разглядалі версію аб тым, што мы стаім за гэтым злачынствам. Нават была абсалютная ўпэўненасць.

Задавалі пытанні, я ўсё адмаўляў, але яны гэтым не надта пераймаліся, маўляў, зараз прыедуць аператыўнікі з ператрусаў і на руках будуць рэальныя доказы. «Ты можаш нічога не казаць – доказаў і так хопіць», – заявіў мне следчы.

[vc_single_image image=”15″ img_size=”large”]

– А падчас ператрусаў што знайшлі: цвікі, фольга. У мяне нейкія старыя радыёдэталі. У Сяржука Чыслава (адзін з лідараў «Белага легіёну» – belsat.eu) знайшлі пакункі ад соку. Вось і ўсе доказы. Мяне дапытвалі адразу, як узялі. Допыт быў увесь дзень і потым яшчэ ўночы. «Я ўсё разумею – ты арганізатар. Ты асабіста не рукі не мараў, але ты зарганізаваў» – гэтак мне казалі.

Што да суда – дужа шмат цьмяных момантаў. Вельмі хутка гэта ўсё расследавалі, вельмі хутка схапілі. І вельмі хутка расстралялі. Па шмат якіх больш простых справах суды могуць цягнуцца паўгода, год. І ад пачатку казалі, што бомбы зрабілі нейкія мегапрафесіяналы, працавалі з вельмі небяспечнаю выбухоўкаю. А потым апынулася, што гэта два ПТВ-шніка, без досведу. І ў судзе лагічныя пытанні з боку абароны «заціраліся», працэс як быццам меўся ісці паводле дакладнага сцэнару.

А гэты выбух быў выкарыстаны, каб «закруціць гайкі». Сілавікі заўсёды хацелі ўсё кантраляваць, а тут – такая нагода.

Гісторыя чацвёртая, без адказаў і працягу.

[vc_single_image image=”19″ img_size=”large”]

Суд прызнаў вінаватым у выбуху ў Менску ў 2008 годзе Дзмітрыя Канавалава, а Уладзіслава Кавалёва – вінаватым у неданясенні аб злачынстве. Але і праз 7 гадоў застаюцца пытанні што да расследавання гэтай справы.

Падчас следчага эксперыменту Канавалаў ледзь сабраў «бомбу». То выбухоўка не змяшчалася ў пакет, то ён не ведаў, як падлучыць правады. Тумблер, пра які распавёў Руслан Якімовіч, Кавалёў змясціў праз гарлавіну каробкі. Хоць каробка ад соку з бомбай, якая не выбухнула, была запячатаная.

Журналіст Віктар Федаровіч, які ў судзе бачыў відэа следчага эксперымента, напісаў так: «калі б не адбіткі пальцаў, то цалкам магло б скласціся ўражанне, што пра бомбу ў пакце з надпісам «Садочок» яму хтосьці распавёў, ці ён назіраў за працэсам з боку. У асобныя моманты падавалася, што Канавалаў паводзіць сябе як вучань, што кепска вывучыў урок, а голас за кадрам належыць не да чальца следчай групы, а настаўніку, які з дапамогаю наводзячых пытанняў спрабуе давесці шкаляра да пазітыўнай ацэнкі».

Да расследавання выбуху ў метро – яшчэ больш сумневаў і пытанняў, толькі яны ўжо застануцца без адказу.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў