Не толькі Пуцін раздае карты ў Карабахскай гульні


На гэтым тыдні прайшлі найцяжэйшыя за апошнія дваццаць гадоў баі ў Нагорным Карабаху. Чатыры дні абстрэлаў і дзясяткі забітых анулявалі вынікі мірных перамоваў апошніх гадоў, аднавілі ўзаемную нянавісць у Арменіі і Азербайджане і прадэманстравалі, што нават калі Расея нічога не робіць – яна робіць вельмі шмат.

Увесну, калі з гораў сыходзіць снег, у Карабаху пачынаецца страляніна. Штогод армяне і азербайджанцы губляюць па некалькі дзясяткаў жаўнераў. На мінулым тыдні тут здарыліся найцяжэйшыя за апошнія дваццаць гадоў баі, якія распачалі «яны». Абедзве краіны паказваюць рукой у супрацьлеглы бок і кажуць пра жаданне міру.

«Арменія і Нагорны Карабах выступаюць за спыненне ваенных дзеянняў і строгае захаванне рэжыму спынення агню, абвешчанага ў 1994 годзе», – заявіў прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян.

Азербайджан адказаў бескампрамісна. Вось што заявіў прэзідэнт гэтай краіны Ільхам Аліеў:

«Мы змагаемся на нашай уласнай тэрыторыі. Калі армянскія жаўнеры не хочуць паміраць, яны мусяць пакінуць азербайджанскую зямлю».

Але пасля візіту ў Баку міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова тон Аліева злагаднеў:

«Азербайджан схільны да перамоўнага працэсу. Мы хочам урэгуляваць гэты канфлікт мірных шляхам, на падставе прынцыпаў і нормаў міжнароднага права».

5 красавіка бакі заявілі пра спыненне агню падчас сустрэчы начальнікаў генштабоў Арменіі і Азербайджана ў Маскве. І хаця стрэлы можна пачуць і сёння, напружанне спала.

За чатыры дні перастрэлак Азербайджан страціў 31 жаўнера, верталёт Мі-24 і танк. Па армянскім баку было забіта 36 чалавек, 122 параненыя, 21 жаўнер знік без звестак.

Азербайджан вёў атакі па чатырох напрамках. Па выніках, яму ўдалося прасунуцца на некалькі кіламетраў на поўдні і заняць некалькі вышыняў каля гораду Фізулі.

Прычыны шукаюць у Ерэване, Баку і Маскве. Кажуць пра незадаволены дыялогам Азербайджану з Захадам Крэмль, спробы Пуціна трымаць свой высокі рэйтынг вечнай вайной і бунт Расеі супраць пабудовы новага газаправоду «TANAP» з Азербайджану ў Еўропу праз Турцыю.

Сама Турцыя лічыць ініцыятарам Ерэван.

«Мы ўважліва сочым за перыядам сутыкненняў, якія распачаліся з армянскай атакі, і я асуджаю гэтыя напады ад імя ўсёй маёй партыі. Я выказваю свае спачуванні пакутнікам Азербайджана, якія загінулі падчас армянскай атакі», – заўважыў турэцкі прэмʼер Ахмэт Давутаглу.

Эксперты кажуць, што эскалацыю мог ініцыяваць Баку – каб спраўдзіць стан і пазіцыі армянскага войска або адцягнуць увагу ад эканамічных праблемаў.

Сітуацыю пракаментаваў «Белсату» Іса Юніс оглы Гамбал, лідар азербайджанскай апазіцыйнай партыі Мусават:

«Зразумела, сацыяльныя і эканамічныя праблемы адышлі на другі план. Але гэтыя ж праблемы не вырашаныя. І спадзявацца, што з дапамогай такіх вайсковых сутыкненняў народ забудзе пра свае эканамічныя праблемы, несурʼёзна».

Палітык мяркуе, што вырашэнне карабахскага пытання адбыцца пасля дэмакратычных зменаў у Баку, Ерэване… і Маскве.

«І карабахскі канфлікт, і канфлікт у Грузіі – паўднёваасетынскі, – і канфлікт Прыднястроўя, і крымская, данбаская праблемы – усе яны створаныя Масквой, каб захаваць кантроль над постсавецкай прасторай і ўмешвацца ў справы новых незалежных дзяржаваў», – працягвае Іса Юніс оглы Гамбар.

Тое, што праблему вырашаць не тут і не вайсковым шляхам, у Карабаху аддаюць сабе справу.

«Наш стратэгічны саюзнік прадае зброю Азербайджану. Вядома ж, усё гэта вельмі небяспечна: калі Расея сапраўды наш стратэгічны саюзнік, яна не павінна з Азербайджанам нават абедаць, не кажучы ўжо пра продаж зброі», – мяркуе Віталь Баласанян, генерал-маёр, дэпутат Нацыянальнага сходу непрызнанай НКР.

На гэтым тыдні азербайджанцы і армяне страцілі не толькі па некалькі дзясяткаў жаўнераў, але і надзею, што наступнае пакаленне вырасце без ваенных ранаў.

«А мы хочам толькі аднаго: мы пабудавалі краіну, мы яе стварылі, мы пра яе клапоцімся ўжо 25 гадоў. Мы сядзім у страху перад узнаўленнем вайны, якая вось ужо ўзнавілася», – кажа жыхарка Гадруту (Нагорны Карабах) Маргарыта Карамʼян.

Блізкая Расеі палітыка «раздзяляць і ўладарыць» сёння мае папраўку: напружанне павіннае быць тут невысокай тэмпературы. Расея гандлюе з двума краінамі, неспакой на Паўднёвым Каўказе можа перакінуцца на Паўночны, і, нарэшце, сапраўдная вайна азначала б вайсковае ўмяшанне ў канфлікт на баку Арменіі ды магчымую вайну з Турцыяй. Наўрад ці Пуціну патрэбны чарговы фронт: ён хоча быць міратворцам у вачах Захаду, трымаючы рэгіён на ланцужку.

Аналіз і прагноз сітуацыі ў Карабаху з палітолагам Аннай Дынэр – глядзіце ў апошнім выданні «Прасвету».

Таксама ў выданні знойдзеце адказы на наступныя пытанні:

Чаму ў панамскай афёры не фігуруе прозвішча Лукашэнкі? Чаму галандцы паказалі жоўтую картку ўкраінцам? Што робяць два беларусы ва ўкраінскім палку «Азоў»?

Стужка навінаў