«(Не)расстраляная паэзія». Прэм’ера музычнага праекту і курсу відэалекцый пра паэтаў 1930-х (аўдыё+відэа)

Wideo

Пабачыў свет праект парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія», героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песні, на Facebook з’явіліся старонкі іхнай памяці, даследчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыццё і творчасць, з друку выйшлі дызайнерскія нататнікі з выявамі творцаў і цытатамі зь іх творамі.

Праект «(Не) расстраляная паэзія» – плён полугадавой працы больш чым 60 чалавек: музыкаў, даследчыкаў літаратуры, дызайнераў, саўндпрадусараў, рэжысёраў ды актораў. У кранальным прома-роліку Арцёма Лобача ў ролі «паэтаў маладой краіны» зняліся Павал Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка. Таксама з’явілася 12 відэазваротаў удзельнікаў праекту з заклікам звярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў

Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў пагадзіліся напісаць вядучыя беларускія выканаўцы. Кожны з іх па-свойму адгукнуўся на тую радасць і боль, спадзевы і безвыходнасць, якімі прасякнутыя творы паэтаў. Якраз гэтую супярэчлівасць пачуццяў перадае ў сваёй п’есе на словы Юркі Лявоннага «Настроі» гурт Vuraj. Рэпер Vinsent напісаў ліст паэту Зяму Півавараву ў адказ на ягонае захапленне будаўніцтвам метро ў Маскве: «Ты ім пракапаў метро, яны табе – магілу». Святлана Бень вырашыла перадаць настрой верша Ізі Харыка праз містычную кампазіцыю, у якой гучыць жывы голас сярод бязмоўнай сусветнай пустэчы. Лявона Вольскага крануў лірычны верш Юлія Таўбіна, у якім 18-гадовы паэт сумуе па сваёй маладосці, а гурт Naka выканаў песню на верш Валерыя Маракова, у якім гучыць трагічная прадвызначанасць: «Хтось будзе на нашых магілах вясной спяваць з захапленнем пра шчасце і волю!». Нечаканы трэк запісаў Зміцер Вайцюшкевіч. Каб перадаць сваё адчуванне верша Ўладзіслава Галубка «Будучыня» ён сплёў разам электронную і класічную музыку. Гуллівы блюз на словы Майсея Кульбака стварыў Павал Аракелян. Песняю зрабілі апавяданне Міхася Зарэцкага музыкі з гурту Re1ikt. Нібы адмыслова для гурту Dzieciuki Міхась Чарот напісаў верш «Бунтар», тая ж гісторыя з вершам Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», які выдатна падышоў пад ідэйную ды эстэтычную канцэпцыю гурту Akute. Вельмі кранальнай атрымалася песня ў Кацярыны Ваданосавай на верш Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». Песні былі запісаныя (акром Сьветы Бень і Akute) і зведзеныя саўндпрадусарам праекту Паўлам Сінілам на студыі Everest.

Падзякаваць за праект

Усе песні з праекту «(Не)расстраляная паэзія» удзельнічаюць у адмысловым туры гіт-параду на TuzinFM. У камерным гучанні яны прадстаўляюцца на лекцыях праекту, якія праходзяць з пачатку верасьня штотыдня ў кнігарні «Логвінаў». Даследчыкі беларускай літаратуры апавядаюць пра жыццё і творчасць кожнага з 12 паэтаў-герояў «(Не) расстралянай паэзіі». Лекцыі транслююцца онлайн у Facebook праз старонкі паэтаў, якія таксама былі створаныя ў межах гэтага праекту. Старонкі напаўняюцца фота, вершамі, успамінамі пра гэтых асобаў. Адрасы ўсіх старонак можна знайсьці ў гайдзе па праекце, які падрыхтаваў сайт 34mag.net

Лекцыі будуць працягвацца да 16 лістапада. 27 кастрычніка Віктар Жыбуль распавядзе пра Зяму Піваварава, а Vinsent выканае песню з праекту. 31 кастрычніка Антон Рудак падзеліцца самымі цікавымі фактамі з біяграфіі Валерыя Маракова (пры ўдзеле Naka). 3 лістапада пра Ўладзіслава Галубка раскажа Васіль Дранько-Майсюк (чакаецца прэм’ера песні ад Зьмітра Вайцюшкевіча). Лекцыя Ганны Севярынец 10 лістапада будзе прысвечаная Алесю Дудару (пры ўдзеле Кацярыны Ваданосавай), а завершыць цыкль Андрэй Хадановіч расповедам пра Тодара Кляшторнага (граць будзе TonqiXod). На кожнай з лекцый можна набыць дызайнерскія нататнікі аўтарства Кацярыны Пікірэні з выяваю кожнага з паэтаў і цытатаю зь ягонага твору.

Канцэртная прэзентацыя праекту пройдзе 29 кастрычніка ў менскім клубе «Брюгге». Квіткі на яе скончыліся за чатыры дні да пачатку імпрэзы.

Кропка ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» на прэзентацыі альбому, лекцыях і канцэрце ня будзе пастаўлена. Прадзюсар праекту Сяргей Будкін кажа, што магчымы працяг. Што ды як будзе рабіцца далей залежыць у тым ліку і ад падтрымкі слухачоў, якую можна выказаць да 17 лістапада праз Talaka.by.

Глядзі таксама
Каментары