«Не!» расейскім базам у Беларусі! У нядзелю ў Менску – антываенны пікет

video

https://youtu.be/Ltkr2MESUoU

У нядзелю ў Менску а 17 гадзіне на плошчы Свабоды адбудзецца пікет супраць стварэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

Прыйсці на акцыю заклікаюць экс-кандыдаты на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў, а таксама лідар Аб’яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька.

У Беларусі цяпер знаходзяцца два расейскіх вайсковых аб’екта. Радыёлакацыйная станцыя «Волга» у Клецкім раёне Менскай вобласці дазваляе адсочваць пускі міжкантынентальных ракетаў на захад і паўночны захад ад Беларусі. Згодна з пагадненнем, якое было падпісана ў 1995 годзе, уся нерухомая маёмасць на базе і зямля пад ёй перададзеная Расеі да 2020 года.

Максімальная колькасць расейскага вайсковага і цывільнага персаналу на РЛС «Волга» – тысяча дзвесце чалавек. У адказ РФ бясплатна дае Беларусі карыстацца сваім палігонамі падчас вучэнняў частак супрацьпаветранай абароны.
У Вілейцы на такіх жа ўмовах знаходзіцца 43 вузел сувязі ВМФ РФ, які забяспечвае сувязь з атамнымі падводнымі лодкамі ў Атлантычным, Індыйскім і часткова Ціхім акіянах. Расейскі персанал у Вілейцы, згодна з пагадненнем 1995 года, не можа быць болей за 250 чалавек.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары