Наш фільм «Зніклая паэзія», адзначаны на фестывалі «Лістапад», ужо на belsat.eu. Прыемнага прагляду!


Як жыла багема ў савецкай Беларусі да трагічнага 1937-га? Што ела-піла, як сачыняла? Глядзіце фільм «Зніклая паэзія», зняты пры падрыманні «Белсату».

Хто ведае, як расшыфроўваецца назва «Тавіз»? Таварыства аматараў выпіць і закусіць. Ці маглі ўявіць тыя, хто ў 1920-я стварыў гэтую нефармальную літаратурную суполку, як складзецца іх лёс? Яны вялі багемнае жыццё: сустракаліся з сябрамі, пілі, пісалі вершы, жаніліся… Такімі мы ніколі не ўяўлялі беларускіх літаратараў на ўроках у школе.

Фотаздымкаў тых часоў амаль не захавалася, не кажучы пра відэакадры. Таму герояў стужкі мы пабачым у розных жыццёвых сітуацыях… намаляванымі адмыслова для фільму. «Зніклая паэзія» дзначана дыпломам кінафестывалю «Лістапад», які праходзіў у Менску з 3 па 10 лістапада.

А вост наша гутарка з рэжысёрам стужкі Іллём Бажко.

– Амаль не было фота, не было відэа. Ды і ўвогуле, большасць беларусаў не любіць размаўляць на тэмы, звязаныя з рэпрэсіямі. Чаму вы вырашылі зняць гэты фільм?

– Мне вельмі хацелася зняць кіно кшталту роўд муві, але патрэбны быў сцэнар. Марта-Дарыя Клінава якраз рыхтавала дыпломную працу па сцэнары і прапанавала дапамагчы ёй зняць відэа. Трэба было ехаць у далёкую вёсачку, шукаць звесткі пра нейкага паэта. Я нават не ведаў Марту тады, але яна прапанавала адчайную авантуру, і ў апошні момант я ўсё ж такі пагадзіўся.

1920-ыя гады мне падаліся вельмі цікавымі. Бо пра царскую эпоху вядома шмат, як і пра другую сусветную вайну, і што адбывалася пасля. А вось калі НЭП, калі ў Беларусі было чатыры дзяржаўныя мовы… Гэтая эпоха неяк схавалася ў кішэньку гісторыі.

– Фільм распавядае пра Майсея Кульбака, Ізі Харыка, Тодара Кляшторнага ды Юлія Таўбіна. Двое апошніх былі сябрамі «Тавізу». Як вы абіралі герояў?

Сцэнарыстка выбрала на герояў фільму тых, пра каго менш за ўсё звестак. А мяне захапіла, што нашыя героі былі пэўным культурным андэрграўндам таго часу.

Ілля Бажко. Фота Вольгі Куваевай

Цытую Марту-Дарыю Клінаву: «У фільме важна было адлюстраваць тэматычную і стылістычную разнастайнасць у літаратурных плынях таго часу, а таксама закрануць мультыкультурнасць, якая панавала ў краіне на пачатку ХХ ст. Узгаданыя ў фільме паэты пісалі на розных мовах – на беларускай, на ідыш. Нехта з іх быў яшчэ зусім малады і толькі пачынаў творчы шлях, а некага ўжо лічылі майстрам пяра. Юлія Таўбіна называлі «гарадскім» паэтам, Тодар Кляшторны чэрпаў натхненне з родных вясковых краявідаў… Але ўсіх аб’ядноўвала любоў да Беларусі і трагічны лёс».

Нам шмат распавядалі пра творы паэтаў, пра літаратурны стыль. А мне было цікава, што гэта былі за людзі, чым яны дыхалі, як яны адчувалі тую эпоху. У якіх абставінах яны стваралі. Тое, чаго яны не пісалі пра сябе самі.

– Дзе шукалі звесткі пра герояў?

Спачатку мы ездзілі па вёсках, адкуль паходзілі паэты, і кожны раз адное і тое ж: «Тут была хата паэта, якую даўно знеслі». Ці «дрэва, якое пасадзіў дзед паэта». Ці «вось поле, на якое глядзеў…» Шмат дапамаглі Леанід Маракоў, Вольф Рубінчык, Віктар Жыбуль, Андрэй Хадановіч.

– А хто прыдумаў запоўніць прабел з адсутнасцю дакументальных кадраў анімацыяй і хто аўтар рысункаў?

На мантажы адразу сказаўся недахоп фотаздымкаў ці партрэтаў нашых герояў. А мне так хацелася ўбачыць, як Тодар Кляшторны ідзе па той вуліцы, па якой я хаджу на працу. Ці як яны выпівалі. Як хадзілі па хаце, ледзьве не ў майтках, рэдагавалі тое, што ўчора напісалі нецвярозымі.

Зрабіўшы кінапастаноўку, я б сапсаваў атмасферу фільма. Намаляваць гэтыя моманты – адзінае што заставалася. І я ўжо ведаў мастачку, якая гэта зробіць. Марго Макляцова. Я адчуваў, што жыццё нашых герояў яе зацікавіць. Я распавядаў Марго сваймі словамі, як бачу нашых герояў, мы ўчытваліся ва ўспаміны сяброў паэтаў, параўноўвалі іх з нашымі сябрамі, каб лепш разумець адзін аднаго. Яна вывучала фотаздымкі і малявала па начах. О! І мае фантазіі ажывалі, гэта было так цудоўна! Мы шмат працавалі над дэталямі, нават над тым наколькі валасатай зрабіць нагу Кульбака.

Глядзіце таксама рэпартаж Іллі Бажко «Друя»

Гутарыла Інга Астраўцова

Глядзі таксама
Каментары