«Не пойдзеце зараз працаваць – заробкаў не будзе ўвогуле!»


Працаўнікі Заводу металаканструкцыяў у Маладзечна зладзілі страйк праз тое, што ім затрымліваюць заробкі. У інтэрнэт трапіла відэа спрэчкі рабочых і начальства.

Абураныя працаўнікі вінавацяць сваёй кіраўніцтва ў тым, што тыя толькі абяцаюць выплаціць заробкі, аднак не робяць гэтага. Начальства скардзіцца, што ў прадпрыемства няма грошаў ды знізіўся попыт на прадукцыю ў Расеі.

«Паводле кантракту, заробак павінен быць 21 чысла кожнага месяца, але не ў першы раз яго затрымліваюць. Раней давалі хоць часткамі, а гэтым разам аніяк. Людзям няма чым сплочваць крэдыты, аплочваць камунальныя, школу, садочкі, купляць ежу», – піша ў апісанні да відэароліка карыстальнік Дзмітрый Ваховіч.

На відэа начальства пераконвае рабочых вярнуцца на працоўныя месцы. Аргумент – «не пойдзеце зараз працаваць – заробкаў не будзе ўвогуле!»

Маладзечанскі завод металаканструкцыяў – адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў вырабаў для будаўнічай індустрыі. На прадпрыемстве вырабляюць металаканструкцыі для мастоў, супер-маркетаў, складоў і г.д.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў