«Не памірай, я цябе прашу»: жыхары Лунінца супраць жорсткага абыходжання з бяздомнымі сабакамі


Фота media-polesye.by

У чарговы раз праблему адстрэлу сабак у Лунінцы падняла чытачка media-polesye.by. Сабак адстрэльваюць усыпляльнымі ампуламі, і цяпер яны не гінуць імгненна, а ходзяць з дроцікамі па дварах і вуліцах, паміраючы на ​​вачах людзей.

«Як жа выкананне заканадаўства аб жорсткім абыходжанні з жывёламі? Дзе ўлада, праваахоўнікі? На якіх каштоўнасцях і прыкладах выхоўваем дзяцей?», – пытаецца занепакоеная жыхарка Лунінца ў лісце да рэдакцыі media-polesye.by.

Цэлячыся ў сабаку, лунінецкі адстрэльшчык 2 чэрвеня мінулага году,  стрэліў карцеччу ў вокны дома. Здарэнне адбылося , каля 5-й раніцы літаральна ў цэнтры гораду. У доме спаў 11-гадовы хлопчык.

Вынік працы снайпераў. 2 чэрвеня 2016. Раніца ў двары дома №9 па вул. 50 год Кастрычніка. Фота media-polesye.by

Аляксандр Пачко, старшыня Лунінецкага райвыканкаму паабяцаў сайту media-polesye.by, што ані воднай мёртвай сабакі жыхары Лунінца больш не ўбачаць у дварах і на вуліцах горада. За захаванне парадку ўсыплення жывёлаў і іх вываз з ЖКГ будзе строгі попыт, запэўніў Пачко.

Змянілі тактыку

«Мы не можам на сённяшні дзень зладзіць прытулак для жывёлаў. Але выбраны спосаб барацьбы з безнагляднымі сабакамі – больш гуманны», – каментуе Аляксандр Пачко, старшыня Лунінецкага райвыканкаму сайту media-polesye.by.

Сапраўды, пасля выпадку, калі карцеч трапіла ў вокны жылога дому, Лунінецкае ЖКГ змяніла тактыку. Цяпер сабак адстрэльваюць усыпляльнымі ампуламі.

Аднак дроцікі, якія ўсыпляюць сабак, далі нават больш паўнамоцтваў жывадзёрам. Цяпер яны страляюць жывёлаў не да 6.00 раніцы, як прадпісана рашэннем райвыканкаму, а ў любы час содняў.

Цяпер сабакі не гінуць імгненна. Яны ходзяць з дроцікамі па дварах і вуліцах, павольна паміраючы на ​​вачах людзей.

На днях дзяўчынка, выйшаўшы з крамы «Заходні» з мамай і ўбачыўшы такога сабаку, кінулася да жывёлы і гучна закрычала: «Не памірай, я цябе прашу!», – піша media-polesye.by.

Якая сітуацыя ў іншых раёнах Палесся?

Жыхар Пінскага раёну за забойства двух сабак з пнеўматычнай вінтоўкі ў сярэдзіне студзеня атрымаў штраф 2300 рублёў і 120 гадзін грамадскіх работаў і год пазбаўлення волі ўмоўна. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёламі, інфармуе telegraf.by.

Пры тым, прытулак для жывёлаў ёсць у Пінску. Пункт часовага ўтрымання жывёлаў стварылі і ў Століне, аналагічным па колькасці жыхароў, горадзе Берасцейшчыны.

Што кажа заканадаўства Беларусі?

У Палажэнні аб парадку дзейнасці арганізацыяў па адлове, адстрэле, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёлаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Пастановай Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь ад 2001/12/29 N 23 гаворыцца, што адстрэл безнаглядных жывёл дапускаецца ў выключных выпадках.

Палажэнне ўсталёўвае, што адмыслоўцы па адлове жывёлаў абавязаныя выконваць прынцыпы гуманнасці пры адлове і перавозу жывёлаў; здзейсняць адлоў безнаглядных сабак, котак пры дапамозе прэпаратаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, сетак, падхватнікаў, пастак, а таксама іншых сродкаў і прыстасаванняў, якія не наносяць жывелам фізічных траўмаў і шкоды іхнаму здароўю. Брыгадам па адлове безнаглядных жывёлаў забараняецца выкарыстоўваць прынады і іншыя сродкі адлову без рэкамендацыяў дзяржаўнай ветэрынарнай службы.

Акрамя таго, калі работнік брыгады дапусціў пры адлове жорсткае абыходжанне, якое пацягнула за сабой гібель або калецтва жывёлы, ці ж здзейсніў катаванне жывёлы, то ён можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 15.45 КаАП РБ.

Больш за тое – з 28 студзеня 2015 году за жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі ўвялі крымінальную адказнасць. Цяпер жывадзёрам пагражае пазбаўленне волі да года.

ВД, паводле media-polesye.by

 

Глядзі таксама
Каментары