«Не – паленню» ў Малдове. Краіна аб’явіла вайну тытунёваму дыму


З траўня наступнага года ў Малдове будзе забаронена паліць ва ўсіх грамадскіх месцах, у тым ліку на прыпынках грамадскага транспарту. Нельга будзе курыць у закрытых памяшканнях на працы, у рэстаранах і ў барах.

Новы закон, нядаўна прыняты нацыянальным парламентам, фактычна абвяшчае вайну паленню і ідзе, як адзначаюць эксперты, у гэтым пытанні наперадзе іншых еўрапейскіх краінаў. Але, на думку дэпутаткі парламенту Карыны Фусу, каб канчаткова выдаліць тытунёвы дым з малдаўскага паветра, прыйдзецца зламаць яшчэ масу стэрэатыпаў.

КАРЫНА ФУСУ, ДЭПУТАТКА ПАРЛАМЕНТУ МАЛДОВЫ:

«У нас вельмі шмат тых, хто паліць, сярод моладзі таксама. Гэтая мода яшчэ не прайшла, яшчэ з савецкіх часоў, бо тады гэта было модна. Гэта было заходняе такое, адрознівацца мы хацелі. Цяпер Захад сочыць за тым, каб грамадзяне былі здаровыя, каб менш клопатаў было самому чалавеку і дзяржаве».

А каб гэтых клопатаў стала яшчэ менш, у Малдове ўжо сёння забароненая рэклама тытунёвых вырабаў. Паўсюль, у тым ліку і на гарадскіх білбордах. А таксама іх продаж у начны час – з 10-й вечара да 8-й раніцы. І хоць вось гэтыя кіёскі ўсё яшчэ гандлююць тытунёвымі вырабамі на вуліцы, у недалёкай будучыні, згодна з законам, усе яны пераедуць у спецыялізаваныя крамы. Якіх, напрыклад, у сталіцы будзе ўсяго некалькі.

ЖЫХАРЫ КІШЫНЭВА:

«Паленне, сапраўды, трэба кідаць усім. Гэта – здароўе, здароўе чалавека!»

«Мусяць быць пэўныя месцы, дзе хоча паліць чалавек. За прыпынкам, але не проста там, дзе чакаюць дзеці і людзі. Гэта вельмі непрыгожа, дыхаць вось гэтым паветрам».

«Цела чалавека гэта святыня святога духу, які нельга ні ў якім выпадку апаганьваць!».

Дарэчы, «апаганьванне арганізму» ў грамадскім месцы і парушэнне правілаў гандлю цыгарэтамі будуць каштаваць не танна – штрафы складаюць ад € 50-ці да € 500 у эквіваленце мясцовай валюты. Таксама ў краіне ўвядуць забарону на продаж араматызаваных цыгарэтаў і на стымуляванне вытворчасці тытуню.

АЛЕГ РЭЙДМАН, ДЭПУТАТ ПАРЛАМЕНТУ МАЛДОВЫ:

«Гэты закон не змагаецца з курцамі. Гэты закон накіраваны на тое, каб значна зменшыць шкоду, найперш, шкоду для тых людзей, якія не паляць. Ды абмежаваць магчымасць уступлення ў шэрагі курцоў дзяцей і моладзі».

Значнае ўзмацненне антытытунёвага заканадаўства ў Малдове, на думку калегаў-журналістаў, звязанае і з тым, што афіцыйны Кішынэў актыўна глядзіць у бок Бруселю.

СЯМЁН НІКУЛІН, ЖУРНАЛІСТ «NEWSMAKER»:

«Нашая дзяржава, ужо другі яе склад, дэкларуе статус на ўваходжанне ў еўраструктуры. І збліжэнне нейкіх асноў заканадаўства, нейкіх прававых нормаў з еўрапейскімі, напэўна, гэта адзін з крокаў у гэтым кірунку».

А каб крочыць у кірунку ЕЗ яшчэ хутчэй, да 2020 года ў Малдове хочуць давесці кошты на тытунёвыя вырабы да сярэдніх у Еўразвязе. Пакуль што пачак «Мальбара» ці «Кэмэла» тут каштуе каля аднаго еўра. Калі ж ён будзе каштаваць пяць, як у Нямеччыне ці Бельгіі, тады разам з штрафамі паленне можа стаць для грамадзянаў краіны, чые эканамічныя поспехі пакуль не бліскучыя, недасяжнай раскошай.

Высокія штрафы, тым не менш, як лічаць аўтары антытытунёвага закону і грамадзяне гэтай краіны, пакліканыя, у першую чаргу, дапамагчы курцам задумацца. Задумацца і пра здароўе тых, хто вакол, і пра ўласнае. Сёння ты прызвычайваешся не паліць у грамадскіх месцах, а заўтра, можа, і завяжаш са шкоднаю звычкаю назаўжды.

Алесь Сіліч, «Белсат», Малдова

Стужка навінаў