Не на жыццё, а на смерць

Немагчыма чытаць без холаду, які праймае цябе знутры, словы Святланы Коржыч – маці жаўнера Аляксандра Коржыча, знойдзенага павешаным у Печах: «Цяпер у мяне ўсё забралі. Усё забралі – сучаснасць і будучыню. Мне губляць няма чаго».

Рэакцыя маці, якая не верыць ў тое, што яе сын мог павесіцца са звязанымі нагамі і нацягнуўшы сабе майку на галаву.

Але следства выбрала менавіта гэтую версію.

Я не ведаю, ці спрабаваў следчы праводзіць следчы эксперымент – як трэба, з відэакамерай. Ці спрабаваў ён павесіцца ў такой позе – са звязанымі нагамі і нацягнуўшы сабе майку на галаву. Калі спрабаваў, я б хацеў пабачыць гэтыя кадры. І хацеў бы, каб іх паказалі Святлане Коржыч. І калі б раптам – больш спадзевы – эксперымент скончыўся б станоўча – то бок, паспяхова, пацвердзіўшы версію следчага цалкам, я б нават гатовы быў бы пажыццёва выплачваць яго сям’і пенсію па страце карміцеля.

Але мы не ведаем, ці праходзіў следчы эксперымент.

Мы наогул мала чаго ведаем.

Мы можам толькі меркаваць. Меркаваць, напрыклад, як будзе праходзіць суд над трыма сяржантамі, якія прызнаныя адказнымі за «самагубства» Аляксандра Коржыча.

Абарона абвінавачаных: Над імі самімі падчас тэрміновай службы так здзекаваліся, і яны думалі, што гэта звычайная рэч …

Абвінавачаныя (гледзячы ў падлогу): Звычайная рэч…

Абарона абвінавачаных: Яны не падазравалі, што ён апынецца слабым…

Абвінавачаныя (гледзячы ў падлогу): Слабым …

Абарона абвінавачаных: Яны не хацелі, каб ён забіў сябе …

Абвінавачаныя (гледзячы ў падлогу): Не хацелі …

Абарона абвінавачаных: Яны раскайваюцца …

Абвінавачаныя (адзін з якіх шукае ў кішэні цыгарэту): Раскайваемся…

Яны не хацелі. Яны раскайваюцца. І дзяржава не хацела. І яна раскайваецца.

Але Святлане Коржыч не трэба раскаянне на лаве падсудных. Ёй патрэбна справядлівасць. І праўда. Пасля гэтага яна сама вырашыць, ці прымае яна раскаянне і абвінавачаных, і «бацькоў-камандзіраў», і следства, і дзяржавы – ці не.

Пакуль ёй няма чаго губляць і яна збіраецца дамагацца сустрэчы з прэзідэнтам. Можа быць, даб’ецца. Можа быць, прызначаць новае следства. Усё можа быць.

Акрамя аднаго.

Гэта ніяк не паўплывае на стаўленне дзяржавы да грамадзянаў. Дзяржава ўсемагутная. Грамадзяне бяспраўныя. Вера ў гэта і прымусіла, на мой погляд, следства сфармуляваць менавіта тое заключэнне па справе, якое яно сфармулявала.

Таму што за забойства вайскоўца ў мірны час паляціць шмат шапак і фуражак. А за давядзенне да самагубства пасадзяць трох сяржантаў, адправяць у адстаўку трох афіцэраў і цішком праводзяць на пенсію куратараў выхаваўчай работы з Міністэрства Абароны, нават не агучыўшы публічна іх віну за стварэнне сістэмы, не здольнай абараніць сыноў беларускіх жанчын.

Можа быць, таму, што нават у афіцыйным патрабаванні да іх ставіцца да жаўнераў як да ўласных дзяцей яны адчувалі адкрытую фальш.

Дзяржава – наша дзяржава – не здольная на дабрыню. Паглядзіце, якія фатаграфіі кіраўніка дзяржавы публікуюць дзяржаўныя медыя, які малюнак транслюе дзяржаўнае тэлебачанне. У іх ёсць падазронасць, жорсткасць, часам нянавісць, здзек. І практычна няма шчырай дабрыні. Цімаці Бэл, як бы да яго ні ставіцца, быў прафесіяналам экстра-класа, калі параіў, каб побач з Аляксандрам Лукашэнкам быў яго малодшы сын. Адзіны, на каго прэзідэнт глядзіць са шчырай любоўю і пяшчотай – гэта ён. Яго жыццё – неацэнная. Усе астатнія…

І я ўспамінаю яшчэ дзвюх маці.

Імя адной я ведаю. Любоў Кавалёва. Маці хлопца, які, быўшы абвінавачаным у здзяйсненні тэрарыстычнага акту ў менскім метро, ​​не змог скарыстацца канстытуцыйным правам на абарону (суддзя не даў параіцца з адвакатам у перапынку) і быў забіты па прыгаворы суда. Кавалёва не змагла нават пахаваць яго. Не заведзена.

Імя другой – не ведаю. Але памятаю, што яе сын быў забіты па папярэдняй змове трыма аднавяскоўцамі, западозрылі яго ў падпале пуні з сенам. Тады прэзідэнт асабіста ўмяшаўся і не дапусціў – слова аказалася дастаткова, – каб забойцы атрымалі сапраўднае, прадугледжанае законам пакаранне. Цяпер яны на волі. Здаецца, нават дзесьці ў інтэрнэце быў рэпартаж, які сведчыць пра тое, што яны не пакаяліся.

Я не памятаю яе імя, але памятаю яе словы. Яна казала: «Ён быў добры, ён любіў мяне…»

Тое ж кажа цяпер і Святлана Коржыч. Але ёй, як і той, імя якой я не памятаю, адмаўляюць у праве на справядлівасць.

Дзяржава ў нас жорсткая. Яна абапіраецца не на жыццё чалавечае, а на смерць. Нават калі на кожным слупе будзе напісана – «Дзяржава для жыцця» – Святлана Коржыч у гэта не паверыць. Як і Любоў Кавалёва. Як і тая, імя якой я не памятаю.

Страшная ў нас дзяржава.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў