Не можаш змагацца з логікай гісторыі? Змагайся з беларускім праваслаўным святаром на пенсіі!

Беларускаму святару Аляксандру Шрамку забаранілі служэнне за пост у «Facebook» у той час, як адбываюцца тэктанічныя зрухі ў Расейскай Праваслаўнай Царкве, – упершыню амаль за 400 гадоў праваслаўны Кіеў афіцыйна выведзены з падпарадкавання Маскве.

Здавалася б, навошта звяртаць увагу на меркаванне аднаго чалавека, калі прымаюцца рашэнні, рэзананс якіх мае адчувацца стагоддзямі?

Патрыярх Маскоўскі Кірыл і патрыярх Канстанцінопалю Варфаламей падчас сустрэчы ў Стамбуле 31 жніўня 2018 года. Фота – прэсавая служба РПЦ

Нагадаю, што пытанне ўласна пра тое, што Канстанцінопальскі Патрыярхат у 17-м стагоддзі даў Маскве пакіраваць Кіеўскай мітраполіяй, бо Кіеў тады трапіў пад уладу маскоўскіх цароў, а цяпер гэтае права забірае ў сувязі з аналагічнымі (толькі супрацьлеглымі) палітычнымі пераменамі.

Што характэрна, пакуль Канстанцінопаль не збіраўся даваць аўтакефаліі ўкраінскім праваслаўным, ерэтыком Канстанцінопальскага патрыярха ніхто не называў. А вось тэрытарыяльна-адміністрацыйная спрэчка (якая, дарэчы, ніяк не датычыць дагматычных пытанняў веры), відаць, прымушае праціўніка называць ерэтыком…

«Даслаць усім Памесным Праваслаўным Цэрквам ультыматум, што, калі яны ў прызначаны час не разарвуць еўхарыстычнай еднасці з Канстанцінопальскім патрыярхатам, то Маскоўскі патрыярхат і з імі таксама разрывае еўхарыстычную еднасць», – заклікае, напрыклад, Аркадзь Малер, кіраўнік уплывовага каляцаркоўнага клубу «Катэхон» і чалец камісіі багаслоўя РПЦ МП.

То бок пытанне наўпрост пра тое, што Масква ўвогуле можа выйсці з еднасці з праваслаўнымі ўсёй Зямлі, і што цяпер вернік РПЦ МП не зможа зайсці ані ў грэцкую, ані ў сербскую, ані ў румынскую праваслаўную царкву, калі тамтэйшыя іерархі не падтрымаюць Маскву ва ўкраінскім пытанні.

Агулам колькасць праваслаўных у свеце ацэньваецца на 220–300 мільёнаў чалавек, з іх у Маскоўскім патрыярхаце – дзясяткі мільёнаў. Такім чынам можа адбыцца ці не самы вялікі ў гісторыі раскол унутры сусветнай Праваслаўнай Царквы. Цэрквы існуюць стагоддзі ды тысячагоддзі, і такім чынам наступствы магчымага расколу захаваюцца на дзесяцігоддзі, калі не на стагоддзі, прывядуць да вялікай бяды, узаемнай варожасці на доўгія пакаленні.

І на гэтым фоне іерархі… забараняюць у служэнні беларускага праваслаўнага святара, які проста задаў некалькі пытанняў адносна таго, як арганізаваны візіт Патрыярха Маскоўскага Кірыла ў Беларусь:

А.Аляксандр Шрамко (у белым аблачэнні) з парафіянамі. Фота з Facebook

«Вось цябе чакаюць не адну гадзіну на вуліцы. Цябе. Чакаюць. Яшчэ. Не так шмат, як у былыя гады. Але ўсё ж нехта прыходзіць… Яны прыйшлі і будуць увесь вечар стаяць на вуліцы, задавальняючыся трансляцыяй на экране. Чаму не даць ім мінімальнага жывога кантакту? Чаму трэба пад’язджаць на машыне да самай брамы сабору і, выйшаўшы з яе, нават не азірнуцца? Няўжо так цяжка выйсці хаця б за сто ці пяцьдзясят метраў і прайсці некалькі дзясяткаў крокаў, вітаючы і дабраслаўляючы народ? Сказаць некалькі цёплых словаў, камусьці паціснуць рукі?» – напісаў беларускі праваслаўны святар.

Здавалася б, прасцей проста не заўважаць звычайнага допісу ў сацыяльнай сетцы звычайнага святара. Здавалася б, нават заўважыўшы, можна абмежавацца вуснай просьбай зняць пост ці неяк іншым негалосным шляхам даць святару зразумець, што «не час цяпер для такіх пастоў, сітуацыя надта сурʼёзная».

Аднак або нервовасць маскоўскіх царкоўных уладаў, або імкненне нашых мясцовых царкоўных уладаў, якія падпарадкаваныя Маскве, выслужыцца перад начальствам, прывялі да рэпрэсіяў, якія толькі выклікалі не лепшы для РПЦ розгалас у беларускім грамадстве.

Патрыярх Кірыл у Менску

Атрымалася дробная помста чалавеку за тое, што не можаш нічога зрабіць з логікай гісторыі. Гэтак баязлівец зрывае злосць на дзецях і жонцы, калі на яго накрычаў начальнік на працы. А можа, гэта сімвал будучага маскоўскага «закручвання гаек» у Беларускай Праваслаўнай Царкве? Бо ў Маскве баяцца, што пра самастойнасць задумаюцца і беларускія праваслаўныя?

Але ж такімі бязглуздымі дзеяннямі можна выклікаць якраз адваротную рэакцыю. І менавіта ад тых, хто нават і не думаў пра нейкую аўтакефалію.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў