«Не хвалюйся, мама, я ў аўтазаку». Глядачка «Белсату» распавяла сваю гісторыю пра Дзень Волі


Глядачка «Белсату» напісала ліст у рэдакцыю, дзе распавяла пра тое, што асабіста пабачыла ў Менску на Дзень Волі. У гэты дзень яе сын быў затрыманы і яна да вечара ня ведала, дзе ён знаходзіцца.

У суботу, 25 сакавіка, жыхарка Берасця Лада разам з сынам паехала ў Менск – яна хацела прагуляцца па горадзе, а хлопец мусіў сустрэцца з дзяўчынай.

Апынуўшыся ў цэнтры Менску, жанчына была ўражана вялікай колькасцю міліцыянтаў і спэцтэхнікі. Паўсюль стаялі кардоны амапаўцаў, людзей абшуквалі і затрымлівалі. Ля кінатэатру «Кастрычнік» да яе сына таксама падышоў амапавец, схапіў за куртку і патрабаваў прайсці ў аўтазак. Глядачка «Белсату» паспрабавала заступацца за сына, але яе адцяснілі.

Куды павезлі сына жанчына ня ведала, таму яна проста паехала ў бліжэйшы РУУС – РУУС Савецкага раёну. Інфармацыю пра затрыманых там не давалі, у будынак не пускалі.

«Сталі прыбываць людзі. Сярод іх былі як сваякі і сябры затрыманых, так і прадстаўнікі розных СМІ. Адна маці распавяла пра тое, што яе дачка ішла пра праспекце ў цырульню, у якую запісалася месяц назад. Схапілі, запіхнулі ў машыну. У іншай сын ішоў да рэпетытара – тая ж гісторыя. Адна маці з разгубленым выглядам падышла і стала распытваць аб тым, што адбываецца, ня ведаючы, куды знік яе сын, які толькі і паспеў даслаць SMS «не хвалюйся, мама, я ў аўтазаку». Праз некаторы час да будынку пад’ехала машына хуткай дапамогі, дактары зайшлі і праз паўгадзіны выйшлі. На пытання не адказвалі. Інфармацыі ніякай. Хтосьці з затрыманых выйшаў на сувязь і напісаў пра тое, што ўсе яны стаяць па перыметру ўнутранага двара тварам да сцяны. У адной з мам, дзяўчынка якой ішла ў цырульню, пачалася істэрыка», – піша глядачка «Белсату».

Праз дзве гадзіны з Савецкага РУУС з інтэрваламі ў 15-20 хвілін сталі па адному вызваляць затрыманых. Некаторых, групамі па 4-5 чалавек, вывозілі на міліцэйскіх «бусіках» за 2-3 квартала ад РУУСа. «Пры кожным выездзе такога «бусіка», людзі беглі за ім, углядаючыся ў вокны, у надзеі ўбачыць там сваіх родных і сяброў. Мне стала кепска, скруціла моцная сутарга ўнутры, відаць праз моцныя перажывання», – згадвае яна.

Самым цяжкім, паводле жанчыны, было тое, што яна дакладна ня ведала, дзе яе сын – міліцыянты нічога не тлумачылі. Сына адпусцілі толькі ўвечары – аказалася ён быў у іншым РУУСе.

«За часы чакання было аб чым і над чым падумаць. Больш за ўсе мяне ўразілі нават не самі факты затрымання бязвінных людзей, а тое, як гэта адбывалася. Уразіў выраз твараў «касманаўтаў» і амапаўцаў. Яны рабілі гэта з такім задавальненнем! Яны быццам бы гулялі ў дзіцячую гульню «воўкі-авечкі». Пабеглі, злавілі, прычым першага хто трапіў на вочы, не звяртае ўвагі ні на пол, ні на ўзрост, ні на стан – закінулі ў аўтазак, і зноў на паляванне. Яны былі ў эйфарыі, упіваліся сваёй уладай над безабароннымі людзьмі. Вось гэта было самае страшнае. Вельмі хацелася б паглядзець у вочы тым маці, якія «гэта» парадзілі», – піша глядачка «Белсату».

«Я не хачу хадзіць па гэтай зямлі з адчуваннем страха, віны і доўга, – кажа яна, – Я хачу ўзняць галаву высока, расправіць плечы, хачу каб муж і дзеці не з’язджалі. Я не хачу багацця, я хачу годнага існавання, павагі і справядлівага ўзнагароджання добрасумленнай працы. Я ўпэўнена, мы ўсе гэтага заслугоўваем. А пакуль адказ, на жаль, адзін: «Пройдзем, трэба спраўдзіць вашую асобу…».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў