Ва Украіне працягваюцца сустрэчы беларускіх добраахвотнікаў са школьнікамі


​​​​​​​​​​​​​​​​​​Ва Украіне працягваецца праект, накіраваны на інфармаванне ўкраінскіх школьнікаў пра ўдзел беларускіх добраахвотнікаў у вайне.



Арганізатарам праекту з’яўляецца Грамадскі сектар Атрада «Пагоня». На сустрэчы са школьнікамі прыходзяць байцы Тактычнай групы Беларусь. Адзін з іх – добраахвотнік Зубр.

Добраахвотнік Зубр на сустрэчы з украінскімі школьнікамі

Сустрэчы з ім прайшлі ўжо ў васьмі школах Уладзімір-Валынскага, Ковеля і Любомля. У агульнай суме іх наведала больш за 1500 школьнікаў.

На кожнай сустрэчы навучэнцы праяўлялі актыўнасць і з цікавасцю задавалі пытанні, якія ў асноўным тычыліся Беларусі і сітуацыі на фронце, распавядае Зубр:

«Пыталіся, ці знайшоу я каханне на фронце. Ці было страшна. Пыталі, ці дапамагаюць валанцёры. Цікава ім было. Але шмат чаго нельга казаць дзецям: пра смерць,кроў, даслоўна не распавядзеш, што адбывалась – шмат лаянкі на вайне. Таму я ўходзіу ад адказаў».

Напрыканцы ўкраінскія школьнікі мелі магчымасць сфатаграфавацца з бел-чырвона-белым сцягам і беларускім добраахвотнікам.

Сустрэча ўкраінскіх школьнікаў з добраахвотнікам Зубром

Як стварыўся Атрад «Пагоня»

Беларускія добраахвотнікі Атрада «Пагоня» прыпынілі ўдзел у вайсковых дзеяннях і стварылі арганізацыю «Грамадскі сектар Атрада «Пагоня», якая ў першую чаргу займаецца рознабаковай дапамогай беларускім добраахвотнікам. Пра гэтае яны заявілі на старонцы ў Facebook 16 верасня 2016 году.

Пасля завяршэння «Еўрамайдана» беларусы, якія прымалі ўдзел у падзеях на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, пачалі папаўняць шэрагі добраахвотніцкіх батальёнаў. У прыватнасці ўліліся ў рады «Данбаса» і «Азова».

3 чэрвеня 2014 года камандзір батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка ў інтэрвʼю журналістам паведаміў, што ў яго падраздзяленні ваююць 15 беларусаў. Сярод іх, паводле яго, былі і тыя, хто прыбыў з Беларусі, і тыя, хто да гэтага жыў ва Украіне.

Адным з арганізатараў атраду стаў украінскі палітык з Валыні Ігар Гузь. Ён паведаміў журналістам, што фармаванне атраду, як баявой адзінкі пачалося ў ліпені 2014 года ў спецыяльна абсталяваным лагеры на Валыні. Зрэшты, у баявыя дзеянні, як самадастатковая адзінка падраздзяленне не ўступаў. Яго байцы пасля падрыхтоўкі былі абʼяднаныя ў групы па 3-7 чалавек і ўліваліся ў добраахвотніцкія батальёны і іншыя фармаванні. Такая схема была прынятая для канспірацыі, каб беларускія спецслужбы не змаглі вылічыць удзельнікаў.

Калі з’явілася тактычная група «Беларусь»

«Пасля правядзення шэрага перамоў кіраўніцтвам Добраахвотніцкага Украінскага Корпуса прынята рашэнне аб стварэнні тактычнай групы «Беларусь»», – паведамілі адміністратары суполкі «Згуртаванне Патрыётаў» 7 чэрвеня 2015 году.

З таго часу тактычная група «Беларусь» яднае беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў