Не да беларусаў: Кіеў забыўся пра добраахвотнікаў, што ваююць за Украіну


Пяць месяцаў таму Пятро Парашэнка паабяцаў спрасціць працэдуру надання ўкраінскага грамадзянства беларусам і расейцам, якія змагаюцца на баку Украіны на Данбасе. Справа да сёння так і не зрушыла з месца, нягледзячы на тое, што на радзіме імі ўсё актыўней цікавяцца спецслужбы.

2 снежня 2015 года ў адказ на просьбу беларускіх і расейскіх добраахвотнікаў дапамагчы ім у вырашэнні фармальных пытанняў, Пятро Парашэнка чарговы раз паабяцаў падпісаць указ пра надаванне ім украінскага грамадзянства.

Ужо тады спецслужбы абодвух краінах актыўна шукалі сваіх грамадзянаў, якія ваююць ва Украіне на ўкраінскім баку. Цяпер сітуацыя толькі пагоршылася

«Паводле неафіцыйных каналаў я ведаю пра тое, што ідуць настойлівыя просьбы з беларускага боку з канкрэтнымі прозвішчамі канкрэтных хлопцаў – у першую чаргу тых, у чыіх бацькоў былі праведзеныя вобшукі ў Беларусі», – кажа народны дэпутат Украіны Ігар Гузь.

Так, напрыканцы сакавіка прайшоў вобшук у бацькоў былога палітвязня Эдуарда Лобава, што адкрыта заявіў, што змагаецца на баку Украіны ў вайне на Данбасе. Такая сітуацыя пагражае прыкладна сотні нашых суайчыннікаў, што бароняць Украіну са зброяй у руках. І хаця ўкраінскія сілавыя ды дзяржаўныя структуры заяўляюць, што інфармацыя пра замежных байцоў трэцім краінам не перадаецца, заўсёды застаецца фармальны спосаб пакараць добраахвотнікаў.

«Заўтра вылезе нейкі прадстаўнік МУС Беларусі і скажа «ведаеце, гэты чалавек абрабаваў кватэру 15 гадоў назад, тэрмінова трэба яго да нас выслаць». Украінскія бюракраты скажуць: «калі ласка». На гэты момант я такіх сітуацыяў не ведаю, яны ўсё намагаюцца зрабіць на ўзроўні добраахвотнага выезду», – кажа Док, беларускі баец з батальёну «Данбас».

Пра тое, што на Бацькаўшчыне іх, мякка кажучы, не чакае цёплы прыём, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Нашае стаўленне да так званых ваякаў, што з таго ці іншага боку ваявалі, вы ведаеце. Таму разбірайцеся з міліцыяй і КДБ – ніякіх пазёраў ды баевікоў у краіне быць не павінна», – загадаў прэзідэнт Беларусі. І праваахоўнікі распачалі актыўныя пошукі такіх асобаў.

Тым часам семʼям беларускіх добраахвотнікаў або ім самім ад Украіны таксама дапамогі чакаць не варта: у Менску дагэтуль нават няма амбасадара нашай паўднёвай суседкі.

«Я не магу зразумець, чаму больш за год мы не можам знайсці годнай кандыдатуры. Тым не менш, сама амбасада мелася б умешвацца ў гэтую сітуацыю, бо гэтыя людзі ваююць за інтарэсы Украіны. Але агулам я не магу сказаць, што ў нас напружаныя дачыненні з Беларуссю, бо ідзе ж такая геапалітычная барацьба за Беларусь паміж Расеяй і Еўразвязам з ЗША і Украінай», – кажа Ігар Гузь.

Нічога новага

Пакуль ціск на беларускіх добраахвотнікаў расце, ва ўкраінскай уладзе – іншыя праблемы: у чацвер Вярхоўная Рада прыняла адстаўку Арсенія Яцэнюка авацыямі і прызначыла новага прэмʼер-міністра – былога спікера парламенту Уладзіміра Гройсмана. Новаабраны прэмʼер асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасці абвесціў барацьбу з карупцыяй, папулізмам ды неэфектыўнасцю дзяржаўнага кіравання.[/vc_column_text][vc_single_image image=”166511″ img_size=”large” add_caption=”yes”][vc_column_text]«Гэта пагражае нашай дзяржаве не менш, чымся вораг на ўсходзе Украіны. Мы можам колькі заўгодна гаварыць з гэтае трыбуны, што любім Украіну, але калі мы не будзем гэтага пацвярджаць сваймі высілкамі і справамі – нам ніхто не будзе давяраць», – заявіў новы прэмʼер.

Тым часам фракцыя «Бацькіўшчына» на чале з Юліяй Цімашэнкаю абвесціла пераход у апазіцыю да новага Кабміну. «Самапоміч» і Радыкальная партыя таксама не далучаюцца да парламенцкае кааліцыі, што фактычна пакідае Раду без кааліцыі з упэўненай большасцю галасоў. Улічваючы адносную цішыню на фронце, праблемы замежнікаў, што рызыкуючы жыццём бароняць Украіну, могуць адысці на другі, а то і на трэці план.

Глядзіце рэпартаж Усевалада Шлыкава ў найноўшым выданні «ПраСвету»

[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/PpP5Eefb4vc?t=27m57s”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў