Не больш за дзве кошкі ў доме? Канстытуцыйны суд супраць


Дзякуючы грамадскай кампаніі Міністэрства ЖКГ можа перагледзець праект нормы, якая забараняе трымаць удома больш за дзве жывёліны. Да таго ж абаронцы жывёлінаў знайшлі дакумент, паводле якога Канстытуцыйны суд рэкамендаваў прадугледзіць права на ўтрыманне большай колькасці жывёлінаў.

Паводле праекту закону «Аб абыходжанні з жывёлінамі», у адной кватэры можна трымаць не больш за дзве хатнія жывёліны – два каты, кот і сабака або дзве сабакі. Пры гэтым не бярэцца пад увагу тое, што кватэры могуць быць рознымі – з вялікай плошчаю і малой, добрай або кепскай гукаізаляцыяй. Таксама і хатнія жывёлы могуць адрознівацца: адна справа трымаць у доме дзве балонкі, іншая – два догі.

Таксама, на думку абаронцаў жывёлінаў, такія абмежаванні парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзяніна на валоданне ўласнасцю. Пасля больш як сямі соцень зваротаў грамадзянаў і грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства ЖКГ абяцае ўлічыць гэтыя прапановы.

Актывісты падкрэсліваюць, што пытанне пра абмежаванне колькасці жывёлінаў у кватэрах уздымалі і раней. У 2004 годзе Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне, у якім рэкамендаваў прадугледзіць магчымасць утрымліваць больш чымся дзве жывёліны – «пры ўмове наяўнасці для іх у кватэрах вызначанага заканадаўствам мінімуму прасторы, і строгага датрымання зоагігіенічных, ветэрынарна-санітарных нормаў і правіл у галіне абыходжання з жывёлінамі, а таксама законных правоў і інтарэсаў іншых жыхароў-суседзяў».

Цяпер законапраект знаходзіцца на стадыі ўзгаднення і дапрацоўкі, і згаданае рашэнне Канстытуцыйнага суда мусіць быць улічанае. Адпаведны калектыўны зварот ад грамадзянаў быў накіраваны ў Канстытуцыйны суд з просьбаю нагадаць Міністэрству ЖКГ пра ранейшую рэкамендацыю. Далучыцца да звароту можна падпісаўшы петыцыю.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў