Не баяцца нават турмы! Чаму беларускія мужчыны ўсё радзей плоцяць аліменты

video

https://youtu.be/PpufhOBpOog

Не жадаеш плаціць аліменты – сядай на лаву падсудных. І хоць дзяржава праводзіць жорсткія дзеянні ў дачыненні да злосных неплацельшчыкаў, іх колькасць з кожным годам толькі павялічваецца.

Сёлета колькасць крымінальных справаў, заведзеных на людзей, вінных аліменты, павялічылася амаль на тысячу і складае 5472 асобаў. Кожны пяты парушальнік – жыхар Менскай вобласці. Адмыслоўцы звязваюць праблему з падзеннем заробкаў ды беспрацоўем у краіне.

«Многія імігруюць, так званая працоўная міграцыя, для таго каб зарабіць недзе ў іншых месцах. Але не ўсе, зарабляючы недзе больш, выконваюць абавязкі па аплаце аліментаў. Некаторыя, з’ехаўшы за межы Беларусі не аплочваюць аліменты, хаваюцца, запазычанасці растуць», – зазначае праваабаронца Гары Паганяйла.

Большасць апытаных жыхароў праблему звязваюць не з хібамі дзяржаўнай сістэмы, а з уласцівасцямі асобы, незалежна ад памеру гаманца ў кішэні:

«Ёсць многа метадаў пазбягаць выплаты аліментаў, як гэта робяць многія багатыя людзі, якія кажуць, што іх афіцыйны даход састаўляе недзе пяцьсот тысячаў беларускіх рублёў, і гэта іх базавы аклад, і яны не могуць нічога плаціць».
«Ёсць людзі, якія самі па сабе ненадзейныя, якіх не мучыць сумленне».
«Я думаю, што ў нас не бывае залатой сярэдзіны. Або ў нас вельмі жорстка, каб пазбаўляць свабоды, усялякіх свабодаў – перасоўвання… або ўвогуле – ніяк».

Змагацца з праблемаю трэба ў індывідуальным парадку, кажа Гары Паганяйла. Але сітуацыя не зменіцца, пакуль не будзе развязаная асноўная праблема – эканамічная.

«Атрымоўваючы два мільёны, асабліва не дапаможаш у такой сітуацыі. Нават тыя драбніцы выплат – не забяспечваюць нармальнага ўтрымання дзяцей», – кажа Гары Паганяйла.

Але дзяржава працягвае змагацца з неплацельнікамі сваймі метадамі. Пагадненне з Расеяй, падпісанае сёлета ў сакавіку, прадугледжвае выкананне прысуду ў дачыненні парушальнікаў на тэрыторыі як Беларусі, гэтак і Расеі.

А значыць, што цяпер беларусы, якія ўхіляюцца ад аліментаў, не змогуць схавацца ў Расеі. У дадатак, Беларусь і Расея аб’ядналі базы невыязных. Але карані праблемы – у сацыяльнай палітыцы дзяржавы, кажуць адмыслоўцы. Рашэнне ж праблемы залежыць ад таго, ці гатовае кіраўніцтва краіны да рэформаў.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары