Назіральніца, якая не падала руку Лукашэнку: Паказала стаўленне людзей да яго


Карыстальнікі інтэрнэту ўражаныя ўчынкам назіральніцы, якая не ўстала перад Лукашэнкам. Але гэта не першы выпадак, калі жанчына праяўляла адвагу.

«Наша Ніва» пагаварыла з Наталляю Гарачкаю, згодна з назіраннямі якой, яўка на «асаблівым участку» не дасягнула 50 %. Камісія на ім складалася з супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізкультуры і спорту, прадстаўнікоў ЛДПБ, КПБ, Саюзу жанчын.

«Усе падняліся, калі Лукашэнка зайшоў, ён пачаў ціснуць рукі. Я рукі не падала. Бо лічу, што ён, як чыноўнік, не стварыў умоваў для развіцця Беларусі. Такім чынам я паказала стаўленне да яго людзей, не тых, хто з года ў год яго аблізваюць, а простых людзей Рэспублікі Беларусь».

Наталля Гарачка кажа, што было было не страшна. І прыгадвае, як калісьці ў адзіночку стаяла на Кастрычніцкай плошчы з бел-чырвона-белым сцягам і балонікам, на якім быў перакрэслены партрэт Лукашэнкі.

«Нехта з журналістаў сфатаграфаваў і змясціў у часопіс з цудоўнай фразай: «Улада баіцца тых, хто яе не баіцца, і не любіць тых, хто яе любіць», – узгадвае Наталля Гарачка.

На думку Наталлі, большасць назіральнікаў на ўчастку, дзе галасаваў кіраўнік краіны, былі «фіктыўнымі»:

«Яны добрыя знаёмыя сябраў камісіі, віталіся за руку з людзьмі, што прыходзілі галасаваць, абдымаліся. Гэта ж асаблівы ўчастак. Там людзі з Драздоў, спартоўцы».

Паводле незалежнай назіральніцы Наталлі Гарачкі, на ўчастак кіраўніка дзяржавы прыйшлі 1368 чалавек, афіцыйныя ж лічбы падаюць 2053 выбарнікі.

Наталля Гарачка займаецца грамадскай дзейнасцю з 1996 года. З 2000-га актыўна ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту. Праваабаронца Алег Волчак прыгадаў пра яшчэ адзін выпадак, калі Наталля праявіла адвагу.[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=ftnBL_1vjWo”][/vc_column][/vc_row]

«Жанчына, якая спыняе мікрааўтобус, у які невядомыя запіхваюць удзельнікаў «маўклівага пратэсту» – менавіта Наталля. Яна ішла з крамы з торбамі і вырашыла праявіць актыўнасць, рызыкуючы жыццём», – паведаміў Belsat.eu Алег Волчак.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў