Назарбаеў: Развал СССР быў натуральным працэсам


Прэзідэнт Казахстану выказаўся пра развал Савецкага саюзу.

На думку Нурсултана Назарбаева, развал СССР быў натуральным працэсам. Вось што заявіў казахстанскі лідар у нядаўнім інтэрвʼю:

«Якое было мінулае, выдатнае ці дрэннае – гэта ўжо гісторыя. Гісторыю не пераробіш і ўмоўны лад тут недарэчны. Я чытаю, чую ўсе меркаванні людзей, разумею, чаму мне заўсёды задаецца гэтае пытанне. Я, як той казаў, быў у самым цэнтры шторму таго часу, усё бачыў на свае вочы, адчуваў, праз сябе прапускаў. Натуральна, перажываў. Калі вы памятаеце, як раз у час, калі ішлі гэтыя бурныя дэбаты на зʼездзе народных дэпутатаў апошніх гадоў, калі ўсё ішло ў тартарары, менавіта дэпутаты з Цэнтральнай Азіі і Казахстану заўсёды былі на баку рэформаў і захавання Савецкага Саюзу. Так было, бо такое было стаўленне. Можна па-рознаму гаварыць і судзіць, але развал Саюзу – быў натуральным працэсам».

Чытайце таксама >>> Бог савецкіх перамогаў – мёртвы. Ягоная царква пустая…

Нурсултан Назарбаеў прывёў у якасці прыкладу эканоміку, дзе «кампаніі, што не вытрымаюць канкурэнцыі, паглынаюцца больш паспяховымі». Савецкі Саюз, як мяркуе прэзідэнт, перамог ва ўсіх войнах, але эканамічных рэсурсаў не хапіла і ў глабальным спаборніцтве эканоміка і палітычны стан СССР пацярпелі паразу.

НМ, belsat.eu, паводле «Россия 24»

Стужка навінаў