«Назад дарогі няма». Кыргызстан прынялі ў Еўразійскі эканамічны саюз


Краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС) прынялі рашэнне аб далучэнні да аб’яднання Кыргызстану.

Створаны ў студзені 2015 года саюз аб’ядноўвае Расею, Беларусь, Казахстан і Арменію.

«Усе пытанні, якія выклікалі сумневы, знятыя, і мы сёння прымаем дакумент аб паўнавартасным прыняцці кіргізскага боку ў наш саюз, з чым я вас віншую», – сказаў казахстанскі лідар Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савету 8 траўня, падае «РИА Новости».

Дамова аб далучэнні Кыргызстану была падпісаная ў снежні 2014 года. Планавалася, што краіна ўвойдзе ў ЕАЭС 8 траўня пасля завяршэння ратыфікацыі. Між тым бакам не ўдавалася дамовіцца па некаторых пытаннях. Як раней паведаміў журналістам памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, Кыргызстан у сакавіку прапанаваў унесці змены ў дзейныя пратаколы, «якія ўдзельнікам саюзу не падаюцца лагічнымі».

Прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў пацвердзіў падпісанне дакументаў аб далучэнні рэспублікі да ЕАЭС.

«Мы, вядома ж, падпішам усе гэтыя дакументы. Назад дарогі няма, як той казаў», – сказаў Атамбаеў ў ходзе пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савету.

МЯ, паводле ria.ru

Стужка навінаў