Навукоўцы прапанавалі, як уратаваць Каложскую царкву


Святыня на стромкім беразе Нёмну. Царква Барыса і Глеба ў Горадні, або Каложская царква, унікальны помнік архітэктуры XII стагоддзя. З той далёкай эпохі, апрача Каложы, на тэрыторыі Беларусі засталася толькі Спаская царква ў Полацку. У сярэдзіне XIX стагоддзя палова гарадзенскай бажніцы абваліліся ў Нёман. Трагедыя можа паўтарыцца, папярэджваюць адмыслоўцы. Як жа ўратаваць шэдэўр дойлідства?

«Трэба правесці вялікі цыкл даследчых работ, які ўключае пагорка, на якім стаіць помнік архітэктуры. На канферэнцыі прагучала інфармацыя, што нібы грунт пад храмам стабільны. Гэта радуе. Але мы павінны пераправерыць гэтую інфармацыю, бо менавіта нестабільнасць грунту стала прычынаю разбурэння помніка дойлідства ў мінулым», – распавядае Яўген Торшын, навуковы супрацоўнік Эрмітажу.

Апошняе грунтоўнае даследаванне муроў царквы рабілі на сродкі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

«Няма сумненняў, што царква святых Барыса і Глеба заслугоўвае ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО», – кажа Ежы Усціновіч, доктар архітэктуры з Беластоку.

Адмыслоўцы звярнуліся да гарадзенскіх уладаў, каб тыя ініцыявалі ўлучэнне Каложы ў спіс ЮНЭСКО.

Максім Кот belsat.eu

Стужка навінаў