Навукоўцы адкрылі, што акула можа жыць 500 гадоў


Грэнландская акула расце павольна (па сантыметры на год), але жыве доўга.

Якая жывёла жыве даўжэй за чарапаху?

Біёлагі адказалі на гэтае пытанне ў апошнім нумары навуковага часопісу «Science»: грэнландская палярная акула (Somniosus microcephalus), жыхарка Паўночнай Атлантыкі і Паўночнага Ледавітага акіяна.

«Уяўляеце, як гэта – чакаць сексу цэлае стагоддзе?», – піша выданне.

Марскі біёлаг Джон Стэфэнсэн (John Steffensen) з Капенгагскага ўніверсітэту правёў разам са сваім (ужо даўно былым) студэнтам Юліюсам Нільсэнам некалькі гадоў на Грэнландыі, вывучаючы мёртвых акулаў, якія выпадкова траплялі ў тралавыя сеткі, прызначаныя на іншых рыбаў.

Вызначыць узрост гэтых рыбінаў даволі цяжка: метад аналізу кальцыфікацыі тканак не можа дапамагчы ў сувязі са спецыфікай біялагічнай будовы гэтых жывёлаў. Навукоўцы вырашылі выкарыстаць незвычайную тэхніку – радыевугляродны аналіз (папулярны, напрыклад, у археолагаў).

Адным з дапаможных індыкатараў сталі радыеізатопы, што паходзяць з перыяду эксперыментальных выбухаў тэрмаядравых (вадародных) бомбаў у сярэдзіне 50-х гадоў XX стагоддзя. Радыеактыўныя ізатопы вугляроду ўступалі ў кантакт з морам і марскімі арганізмамі, і надоўга заставаліся ў іх целах.

Вынікі даследаванняў сталі сенсацыйнымі. Высветлілася, што жаночыя асобнікі палярнай акулы дажываюць да 392 (± 120) гадоў, а палавой спеласці дасягаюць ва ўзросце 156 (± 22) гадоў.

Такім чынам, гэтая невялікая акула стаў рэкардсменам паводле працягласці жыцця сярод пазваночных – дагэтуль першае месца належала грэнландскаму кіту (211 гадоў), які таксама жыве ў Арктыцы.

ДД, belsat.eu паводле «Science»

Глядзі таксама
Каментары