Навукоўца з Горадні атрымала ўзнагароду ад прэм’ер-міністра Польшчы


«Нашыя навукоўцы – найлепшая візітная картка Польшчы», – заявіла прэм’ер-міністр Польшчы на цырымоніі ўручэння прэміі за выдатныя навуковыя і артыстычныя дасягненні.

Сярод адзначаных апынулася беларуска Ганна Паўлоўская, кандыдат навук у галіне літаратуразнаўства Варшаўскага ўніверсітэту.

«Праца датычыла гарадзенскіх кляштарных хронік XVII і XVIII стагоддзяў. Аказалася, гэта вельмі актуальная тэма ў сучаснай навуцы, нароўні з мікрабіялогіяй ды камп’ютарнымі праграмамі для кантактавання з хворымі амаль у коме».

Агулам былі ўганараваныя сорак чатыры асобы ды дзве даследчыя групы.

Эва Копач адзначыла, што польская навука мусіць заставацца на самым высокім узроўні, таму сёлета бюджэтныя выдаткі на адукацыю павялічыліся на 10 %, а амбітная мэта – выдаткоўваць на навуку 2 % ВУП.

Ганна Паўлоўская вучылася ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы на філалагічным факультэце, у дзвюх аспірантурах: Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі ды на факультэце Artes Liberales Варшаўскага ўніверсітэту.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў