Навукоўцы-жартаўнікі публікавалі лухту ў навуковых феміністычных выданнях


Аўтары розыгрышу. Фота https://areomagazine.com

Матэматык, філосаф і культуролаг пісалі свядома антынавуковыя і часам проста абсурдныя артыкулы ў аўтарытэтныя амерыканскія часопісы, якія прысвечаныя гендарнай тэорыі, вывучэнню праблем фемінізму і падобным сферам сацыяльных навук. У выніку з 20 такіх артыкулаў часопісы безумоўна прынялі 7, а чатыры з гэтых сямі ўжо апублікавалі. Не пагадзіліся прыняць толькі 6 артыкулаў, яшчэ 7 папрасілі дапрацаваць.

На іхнае меркаванне, артыкулы, сярод якіх быў нават перапісаны мовай сучаснага фемінізму раздзел гітлераўскай кнігі «Майн Кампф», атрымлівалі пазітыўныя водгукі і друкаваліся перш за ўсё з прычыны левай, сацыялістычнай палітычнай ангажаванасці акадэмічных выданняў.

«Нешта пайшло не так у нашай навуцы, асабліва ў некаторых сферах гуманітарных навук», – лічаць даследчыца і журналістка Гэлен Плакроўз, доктар матэматычных навук Джэймз Лінзі, прафесар філасофіі Пітэр Багоўзьян, якія на гэтым тыдні знялі маскі і распавялі пра тое, як ажыццявілі свой план.

Бодзібілдынг тлушчу?

Гэтак вельмі вядомым часопісам «Gender, Place & Culture: A Journal of Feminist Geography» быў апублікаваны артыкул «Рэакцыі людзей на культуру сексуальнага гвалту і кўір-перфарматыўнасць у гарадскіх парках для сабакаў», у якім аўтары заяўлялі, што сцэны часам бісексуальнага і не заўсёды добраахвотнага сексу паміж сабакамі ў парках ёсць вынікам сістэматычнага прыгнёту сабак людзьмі. Назіранне за рэакцыямі людзей на сексуальныя паводзіны сабак у гарадскіх парках можа даць інфармацыю пра тое, як адвучыць мужчын ад сексуальнага гвалту і дрэннага стаўлення да секс-меншасцяў, заяўлялася ў артыкуле, які атрымаў пазітыўныя водгукі гендарных навукоўцаў.

Гэтым артыкулам планавалася праверыць, ці часопіс прыме яўна смеху вартыя і ненавуковыя аргументы, калі яны даюць магчымасць увесь час згадваць пра «мужчынскую таксічнасць» і гетэранарматыўнасць адпаведна з пэўнай сацыяльна-палітычнай праграмай, пішуць аўтары-пранкеры.

Таксама быў прыняты і апублікаваны артыкул «А суддзі хто? Пераадоленне антрапаметрыі і база для бодзібілдынгу тлушчу». У ім заяўлялася, што «толькі прыгнёт культурных нормаў прымушае грамадства разглядаць нарошчванне мускулаў як прыгожае, а нарошчванне тлушчу – як непрыгожае». Прапаноўвалася змагацца з «фобіяй тлушчу», развіваць «бодзібілдынг тлушчу» і актывізм у гэтай сферы.

Тут ідэяй было паглядзець, ці акадэмічны часопіс прыме артыкул, у якім смешнымі аргументамі будуць абараняць ідэі, якія адкрыта небяспечныя для здароўя людзей, але якія затое адпавядаюць пэўным сацыяльна-палітычным поглядам пра бодзіпазітыўнасць.

Аўтары нават напісалі артыкул пра сваю ўласную дзейнасць з пункту гледжання сваіх будучых крытыкаў.

Гэтак у вядомым акадэмічным часопісе «Hypatia: A Journal of Feminist Philosophy» быў прыняты артыкул «Калі з вас смяюцца: феміністычны погляд на тое, як пазіцыянальнасць уплывае на сатыру». Аўтары заявілі, што неэтычнымі ёсць акадэмічныя розыгрышы ці іншыя формы сатырычнай ці іранічнай крытыкі вучоных, якія працуюць з тэмамі сацыяльнай справядлівасці. Любая такая крытыка заснаваная на жаданні жартаўнікоў захаваць свае прывілеі і працягваць прыгнёт жанчын, расавых ці сексуальных меншасцяў, адзначалася ў артыкуле.

У 2017 годзе ружовыя капялюшыкі сталі сімвалам амерыканскага фемінізму. Потым іх сталі крытыкаваць, бо капялюшыкі «дыскрымінуюць трансгендараў». Фота https://www.pussyhatproject.com/

Гэтым артыкулам планавалася праверыць, ці часопіс прыме меркаванне, якое яўна скіраванае на абмежаванне свабоды слова ў будучыні.

Яшчэ адзін акадэмічны часопіс пра гендарныя даследаванні «Affilia» прыняў артыкул «Нашая барацьба – гэта мая барацьба: Салідарны фемінізм як інтэрсекцыянальны адказ неаліберальнаму фемінізму і фемінізму па выбары». У артыкуле была перапісаная з выкарыстаннем гендарнай тэрміналогіі частка 1-га раздзелу 1-га тому «Маёй барацьбы» Адольфа Гітлера. Артыкул атрымаў пазітыўныя водгукі адпаведных спецыялістаў.

У кожным жарце…

Цяпер вядомы толькі каментар рэдактара аднаго часопіса, які прыняў працу пранкераў за сапраўдную навуку.

«Я вельмі расчараваная тым, што два артыкулы, якія былі нядаўна скіраваныя часопісу «Hypatia», з’яўляюцца фэйкавымі. Рэдакцыя часопіса абумоўлівае свае рашэнні падвойным ананімным навуковым рэцэнзаваннем… Рэцэнзенты ўкладваюць шмат часу і сілы ў напісанне рэцэнзій, і тое, што гэтыя асобы адправілі фэйкавыя матэрыялы, парушае многія этычныя і акадэмічныя нормы», – напісала рэдактар «Hypatia» Эн Джэры.

Навукоўцы-жаўртаўнікі адзначаюць, што мелі на мэце паказаць актуальныя праблемы пэўных сфераў сучаснай гуманітарыстыкі. «Мы зрабілі гэта, каб выкрыць палітычную карупцыю, якая апанавала навуку», – кажа Джэймз Лінзі ў відэа, дзе ён з паплечнікамі распавядае пра свой розыгрыш.

«З той прычыны, што адкрыты і шчыры дыялог на тэмы ідэнтычнасцяў, такіх як раса, гендар і сексуальнасць (а таксама навуковае вывучэнне ў гэтай сферы), зараз амаль немагчымыя, нашай мэтай ёсць пачаць яго зноў. Мы спадзяемся, што гэтая праца дасць людзям – асабліва тым, хто верыць у лібералізм, прагрэс, адкрытае мысленне і сацыяльную справядлівасць, – нагоду ўбачыць варʼяцтва, якое сыходзіць ад левых актывістаў у навуцы і на вуліцах і сказаць: «Не, гэта не для мяне. Не выступайце ад майго імя», – гаворыцца ў вялікім артыкуле навукоўцаў-пранкераў.

«Не буду хаваць, мы даволі добра павесяліліся, калі працавалі над гэтым праектам. Аднак паверце нам, мы маем справу з сурʼёзнай праблемай», – кажа Джэймз Лінзі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары