Навошта Варшаве новая дывізія на памежжы з Беларуссю?


«Мая мэта – стварыць ва ўсходняй Польшчы новую дывізію прафесійнага войска», – заявіў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак яшчэ 15 сакавіка 2018 года.

Сёння нашых заходніх суседзяў абараняюць тры дывізіі, асноўныя сілы якіх размяшчаюцца на захадзе і поўначы краіны. Чаму Варшава павялічвае войскі ды чаму новыя сілы размесціць акурат на ўсходнім кірунку? І галоўнае: як гэта паўплывае на Беларусь? Пра гэта – гутарка Сяргея Пелясы з госцем «ПраСвету», экс-міністрам абароны Польшчы Янушам Анышкевічам (Janusz Onyszkiewicz).

Праблему каментуе таксама Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog».

Спадару міністр, галоўнае пытанне: ці Польшча разглядае Беларусь як свайго патэнцыйнага праціўніка?

Я думаю, што Польшча прымае пад увагу тое, што Беларусь – у вайсковым саюзе з Расейскаю Федэрацыяй, і ў гэтым саюзе яна вельмі шмат гадоў. Яна ўвайшла ў гэты саюз раней, чымся Польшча далучылася да NATO. У сувязі з гэтым нельга Беларусь разглядаць як нейтральную дзяржаву. І на выпадак, калі б наагул дайшло да канфлікту, калі б у Расеі перамаглі такія канцэпцыі, а я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца, тады б адкрыўся фронт на памежжы з Беларуссю. А ў гэтым кірунку ў нас у Польшчы практычна ніякіх баявых частак няма. Мы маем баявую брыгаду каля Варшавы, ёсць адзін полк на ўсходзе – і ўсё. У сувязі з гэтым нельга здзіўляцца, што мы разглядаем магчымасць крыху павялічыць вайсковую прысутнасць на гэтай тэрыторыі. Павялічыць не радыкальным чынам, бо гэта вельмі дорага. Рэч цяпер у сферы свабодных разважанняў.

Калі б вы былі на гэты момант міністрам абароны Польшчы ды стаяла б заданне стварыць ці аднавіць чарговую, чацвёртую дывізію, то дзе варта яе размясціць: больш на поўдзень – Люблін, Хэлм, каб прыкрыць паўднёвы фланг, ці ў Седльцах, Беластоку? Які кірунак больш карысны ў сэнсе абароны Польшчы?

Натуральна, для нас Украіна не ёсць краінаю, якая можа ствараць праблемы ў вайсковым сэнсе. Хутчэй, беларускі кірунак важнейшы. Толькі трэба выразна сказаць, што кошт стварэння чацвёртай дывізіі вялізны. Гэта таксама азначае павелічэнне колькасці аператыўных войскаў, якія цяпер паводле закону абмежаваныя да 100 тысяч жаўнераў – я кажу пра аператыўныя войскі, а не пра Войскі тэрытарыяльнай абароны. У сувязі з гэтым, прымаючы пад увагу, што мы выдаткоўваем вялізныя грошы, напрыклад, на развіццё супрацьпаветранай абароны ды на іншыя вайсковыя праекты, хаця вайсковы абарончы бюджэт расце, бо расце нашая эканоміка, а наш вайсковы бюджэт звязаны з эканамічным ростам, то гэтых грошай можа проста забракаваць на чацвёртую дывізію.

Давайце паслухаем, як ідэю стварэння чацвёртай дывізіі сухаземных войскаў у Польшчы пракаментаваў беларускі эксперт Андрэй Паротнікаў.

Фармальнае тлумачэнне – тое, што гэтая дывізія будзе абараняць гэтак званы сувальскі калідор, то бок кароткі, вузкі адцінак польска-літоўскай мяжы, на якім фактычна «вісіць» уся лагістыка імавернай групоўкі NATO ў краінах Балтыі. Але, як мне падаецца, фактычна гэтая дывізія будзе мабільным рэзервам хуткага рэагавання войскаў Балтыйскіх краінаў. У выпадку нейкага абвастрэння заданнем гэтай дывізіі будзе не абараняць гэты сувальскі калідор, а праз яго хутка ўвайсці на тэрыторыю Літвы і Латвіі.

Беларусь ніяк на гэта не можа адрэагаваць, прынамсі вайсковым ці вайскова-палітычным шляхам. Найлепшы варыянт – умацаваць захады даверу, палітычную супрацу і больш актыўна кансультавацца з дыпламатамі суседніх краінаў. Вельмі важна ўсё-такі неяк палепшыць беларуска-літоўскя дачыненні, бо на сёння крызіс у гэтых стасунках шмат у чым стрымлівае развіццё супрацы паміж Беларуссю і Еўразвязам, Беларуссю і NATO. Безумоўна, у Менску асаблівага задавальнення ад таго, што ў рэгіёне працягваецца разгортванне дадатковых вайсковых злучэнняў, не праяўляецца, бо гэта азначае, што павышаецца магчымасць нейкага ціску з боку Расеі на Беларусь, каб у адказ зладзіць супольныя захады. З іншага боку, ёсць разуменне таго, што гэта ўсё скіравана не супраць Беларусі.

Спадару міністр, падсумоўваючы меркаванне Андрэя Паротнікава, мабільны рэзерв Балтыйскіх дзяржаваў мае абараніць сувальскі калідор, які аддзяляе Калінінградскую вобласць і Беларусь, то бок памежжа Польшчы ды Літвы, або ўвайсці на тэрыторыю Літвы і Латвіі ды абараніць гэтыя краіны. То бок цалкам іншае, чымся тое, пра што мы гаворым, не абарона Варшавы і цэнтру Польшчы. Што вы пра гэта думаеце, ці ён мае рацыю?

У першую чаргу трэба памятаць пра тое, што адная з трох дывізіяў месціцца ў паўночна-ўсходнім куце Польшчы – гэта 16-ая дывізія. І калі трэба было б узмацніць абарону Літвы ці Латвіі, то, натуральна, у першую чаргу з гэтай дывізіі магло б ісці падтрыманне, бо яна там на месцы. Дывізія, пра якую мы гаворым, – нешта гіпатэтычнае, гэта дывізія, якую б размясцілі на ўсход ад Варшавы, была б так далёка ад таго, каб падтрымаць сілу, што дзеіць у Літве ці Латвіі, так, як іншыя дывізіі, што месцяцца на захадзе Польшчы. У сувязі з гэтым, калі думаць пра гэтую дывізію, трэба думаць у катэгорыях абароны, запоўніць пустку на ўсход ад Варшавы ў абароне, а не як пра першае падтрыманне таго, што можа адбывацца ў Літве.

У Польшчы цяпер трывае дыскусія, ёсць дзве спрэчныя канцэпцыі. Паводле першай, папярэдняй канцэпцыі, галоўныя сілы трэба трымаць у рэзерве ў глыбіні краіны, каб пры магчымым канфлікце з Расеяй і Беларуссю контрударам прабаваць гэтыя сілы, што атакуюць, разбіць. Другая – новая канцэпцыя сённяшняга ўраду – заключаецца ў тым, каб перакінуць сілы на ўсход і абараняць цэлую краіну. Частку сілаў ужо перакідваюць, батальён танкаў «Леапард» у Варшаву ўжо перакінулі. Якія слабыя і моцныя бакі гэтых канцэпцыяў?

Натуральна, што мы ў Польшчы вельмі добра памятаем год 1939. Калі была канцэпцыя абароны проста на самой мяжы ўсёй тэрыторыі краіны. Гэтая канцэпцыя скончылася поўнаю паразаю. Аднак пасля трох тыдняў гэта не было кепска, тры-чатыры тыдні мы абараняліся – Францыя пала, маючы мацнейшае войска, здалася яшчэ раней. Гэта навука, пра якую мы памятаем – 1939 год. У сувязі з гэтым мы не можам увесь час думаць пра тое, каб галоўныя сілы канцэнтраваць над самою мяжою. Тады няма магчымасці манеўру, але ёсць магчымасць таго, што нас могуць акружыць і паўторыцца сцэнар 1939 года. Толькі што ў 1939-ым мы не толькі змагаліся з немцамі, але была яшчэ інтэрвенцыя з боку Савецкага Саюзу.

Мне падаецца, што канцэпцыя стварэння чацвёртай дывізіі, калі б яе размясцілі на ўсход ад Варшавы, напрыклад у Седльцах, не заключаецца ў тым, каб размясціць на мяжы, але прыблізна пасярэдзіне дарогі – ад Берасця да Варшавы. Якім чынам яшчэ Польшча ўзмацняе свой абарончы патэнцыял? Мы ведаем, што ствараюцца Войскі тэрытарыяльнай абароны, якія ўжо размяшчаюцца ў Беластоку, Любліне, на памежжы з Украінаю, ці, хутчэй, з Беларуссю і Расеяй. Як цяпер выглядае гэты працэс?

Гэты працэс – не толькі разгортванне Войскаў тэрытарыяльнай абароны. Гэтыя войскі ўвесь час існавалі, цяпер мы іх толькі развіваем, разбудоўваем і крыху змяняем канцэпцыю адносна таго, дзе іх можна выкарыстоўваць, калі і пры якіх абставінах. Але ў першую чаргу мы канцэнтруемся на мадэрнізацыі польскіх аператыўных сілаў. Найперш на ўзмацненні супрацьпаветранай абароны. Бо яна абапіраецца на самалёты F-16, на вельмі старыя сістэмы з часу Савецкага Саюзу, якія не спраўджваюцца на сучасным полі бою. Таксама мы мадэрнізуем іншыя разнастайныя сістэмы. І будзем шчырыя: мы будуем патэнцыял адпужвання, які заключаецца ў тым, што, калі б мы сталіся аб’ектам атакі, тады мы маем адказ у постаці розных ракетаў, здольных дасягнуць розныя элементы нашага праціўніка.

Польшча ўвесь час павялічвае адсотак бюджэту, скіраваны на абарону. Адкуль разуменне гэтай патрэбы, што трэба павялічваць выдаткі на абарону?

Гэта вынікае ў першую чаргу з таго, што адбываецца ў Расеі. Давайце прыгадаем, што адбылося ў 2014 годзе, калі Расея збройна заняла Крым і правяла інтэрвенцыю на Данбасе. Не буду нагадваць пра тое, што адбылося ў 2008 годзе, калі Расея не толькі адказала ўзброена на акрэсленую правакацыю з боку прэзідэнта Грузіі Саакашвілі, але і заняла тэрыторыю Абхазіі ды прыморскай Грузіі. У сувязі з гэтым бачна, што Расея ўвяла ў свой арсенал магчымых дзеянняў прэвентыўную вайну. Гэта вайна, якую абвяшчаюць не ў адказ на пагрозу, але ў адказ на магчымую пагрозу, і гэта вельмі небяспечна. Таму трэба быць падрыхтаваным, каб у Расеі не было спакусы, як сказаў Сувораў, памацаць Польшчу штыхом.

Натуральна, мы кажам толькі пра нешта гіпатэтычнае, але які сцэнар вы асабіста ўяўляеце сабе як найбольш рэалістычны, калі б дайшло да нейкай формы агрэсіі супраць Балтыйскіх дзяржаваў і ў гэты канфлікт мусіла б умяшацца Польшча як хаўруснік з NATO?

Праўду кажучы, я мяркую, што поўнамаштабная вайна, якая вынікае з агрэсіі з боку Расеі на нас, на Польшчу, на краіны NATO, больш імаверная, чымся 10 гадоў таму, але ўсцяж, на шчасце, яна вельмі малаімаверная. Але могуць быць розныя версіі малой вайны – такой, якую вядзе, напрыклад, Ізраіль са сваймі арабскімі суседзямі. Малой вайны, скіраванай не толькі супраць Балтыйскіх краінаў, але і супраць іншых дзяржаваў – каб іх змякчыць, асабліва такія краіны, як балтыйскія. Яны падатлівыя, бо яны адносна слабыя. І можна даволі лёгка сабе ўявіць, што, ствараючы пагрозу гэтым дзяржавам, якую будуць успрымаць як рэальную, паўстане сітуацыя, калі гэтыя дзяржавы зробяцца слабымі элементамі ў натаўскай сістэме. А натаўская сістэма дзеіць на падставе кансэнсусу. Калі б Балтыйскія дзяржавы палічылі, што нейкія дзеянні NATO правакуюць Расею, то такіх дзеянняў NATO не можа распачаць. То бок пошук такіх магчымасцяў, дзе Балтыйскія краіны будуць траянскім канём у NATO.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Глядзі таксама
Каментары