Навошта ўлада сама сабе падгадзіла?

Крыху «аслаблены» варыянт «хапуна», што праходзіў да і пасля ўрачыстага канцэрту-акцыі, прысвечанага 100-годдзю БНР, пакінуў пэўнае здзіўленне: навошта? Навошта ўлада вырашыла такім чынам сапсаваць нам свята?

Гэта значыць, калі гэты «мікрахапун» тычыўся асобаў з імем, якія заклікалі арганізаваць несанкцыянаванае шэсце, ён прынамсі выглядаў лагічна. Маўляў, усе гэтыя някляевы, статкевічы, вінярскія настолькі знахабіліся, што мы іх пасадзім на содні, каб яны, барані Божа, ня вымусілі
нас ужыць адносна іх больш сур’ёзны артыкул. І прэвентыўныя дзеянні міліцыі ў адносінах да магчымых арганізатараў шэсця менавіта так і ўспрымаліся – з асуджэннем «хапуна», але, прынамсі, з разуменнем намераў.

Але далей пачалася нейкая суцэльная бязглуздзіца. Арганізатараў несанкцыянаванага шэсця на свабодзе практычна не засталося. Ды і саміх людзей на плошчы Якуба Коласа відавочна сабралася не столькі, каб іх рух да Опернага тэатру можна было б назваць шэсцем. Так, шпацыр. Але іх пачалі хапаць і паводле некаторых схопленых, не занадта нахабна (бо свята, так?!) – запіхваць у аўтазакі.

Растлумачце мне – на фіга? У вас жа, спадарства ўлада, усё схоплена – то бок, усе асобы на відэа запісаныя. Апазнаць іх можна вельмі лёгка.

Здыміце рух ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі – вось вам жывы доказ таго, што людзі парушылі ваш загад. І выклікайце іх потым да сябе позвамі, каб штрафаваць або «содні» распісваць. Гэта – вашае права. Але свята псаваць – гэта як цешча з благога анекдота, якая валасы са шчоткі ў рондаль з баршчом кідае:

– Мама, што вы робіце?!
– А, злыя вы… Пайду я ад вас…

Але ў дадзеным выпадку боршч ува ўсёй краіне ёсць. Што ж вы робіце? Ладна. Але вось ужо канцэрт скончыўся, і людзі пачалі разыходзіцца. І тут ізноў пачаўся «мікрахапун». Трэба меркаваць, аўтазакі вызваліліся, а
АМАПу стала сумна – хлопцы захацелі размяцца? Думаю, не. Хутчэй за ўсё, гэта таксама было далёка не спантаннае рашэнне, прычым прынятае свядома і загадзя. Вылучылі гэтым самым аматарам БНР пляцоўку для гулянняў, дазволілі карыстацца сімволікай, і нават стварылі пры гэтым бачнасць некаторых прыстойнасцяў.

Але толькі вы з бел-чырвона-белым сцяжком, што прынеслі самі з дому ці набылі тут жа, спрабуеце прайсці да аўтобуснага прыпынку і паехаць дадому, вас хапаюць, нібыта вы зрабілі нешта забароненае.

– Улада, што ты робіш?!
– А, не падабаецеся вы мне… Думаеце не так, як я…

На самой справе – і гэта зразумела. Плошчу на Траецкай гары вылучылі для акцыі супраць жадання ўлады і ператварылі ў пэўную рэзервацыю свабоды. На ёй, сапраўды, было можна выказацца, выказаць свае палітычныя і гістарычныя сімпатыі. Праспяваць, нарэшце, хорам, паслухаць «Дзецюкоў» і ўдосталь памахаць бел-чырвона-белым сцяжком.

Але толькі вы пакідаеце рэзервацыю, вы ператвараецеся ў жаданы аб’ект палявання. Асабліва тыя, хто сам сябе пазначыў трыма палоскамі на твары з нагоды юбілею.

Свабоды хочаце? Вяртайцеся ў рэзервацыю. Ах, вы і за межамі міліцэйскае агароджы яе хочаце? А вось гэтага не будзе.

Але ж увесь свет бачыў, што арганізатары акцыі цалкам выканалі ўзятыя на сябе абяцанні. А беларуская ўлада? Зноў аднаму з амапаўцаў пачулася, што нехта яго аблаяў матам? Дык у гэты дзень і дараваць можна было б – тым больш, што хапалі хатніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх ні з якім Афнагелем не зблытаеш. Затое карцінка была б проста ідэальная: беларуская ўлада нарэшце ўстрымалася ад «хапуна».

– Улада, ку*ва старая, якога чорта ты гэта робіш?! Вось навошта – растлумач?!
– А я такая!

Ну, трымайце. Пра тое, што арганізатары акцыі ўсе свае абяцанні выканалі, перадалі асноўныя інфармацыйныя каналы, якія асвятляюць падзеі ў Беларусі. На долю ўлады, якая магла зняць сваю частку вяршкоў і плевак, дасталіся запісы ў Фэйсбуку арыштаваных журналістаў і праваабаронцаў, здымкі абураных бабуль, якіх пад шумок таксама запіхнулі ў аўтазак, і чарговая порцыя анекдотаў.

– Улада, ты хацела гэтага баршчу? Ну, на самоце. Тут мы табе не партнёры.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў