Навошта беларусы балатуюцца ў парламент?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/48U_5Fbfgro”][vc_column_text]Грамадскія актывісты кажуць, што выбары – найлепшы момант каб заявіць пра мясцовыя праблемы. А магчыма – і вырашыць іх.

Выбараў у Беларусі няма, але ёсць магчымасць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Як кажуць некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, гэта час, калі можна выйсці да людзей са сваймі ідэямі, не баючыся арыштаў і буйных штрафаў.

«Мы выкарыстоўваем гэты выбарчы фарс, каб заявіць пра свае праблемы», – кажа грамадскі актывіст Алесь Макаеў.

Не толькі заявіць, але і запрапанаваць шляхі іх развязання ў сваім горадзе вырашыў грамадскі актывіст, інвалід-вазочнік са Светлагорску Юрый Ляшэнка. Ягоная ініцыятыўная група актыўна збірае подпісы за вылучэнне ў кандыдаты на дэпутацтва.

«Я ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі таму, што з’явілася магчымасць сустракацца, размаўляць аб праблемах: экалогія, заводы ды іншае. Я хачу трапіць на тэлебачанне, каб людзі ўбачылі праблемы і даведаліся, што іх можна развязаць», – кажа прэтэндэнт на дэпутацтва.

Да прыкладу, як зрабіць Светлагорск больш прыязным для інвалідаў. У адрозненне ад праўладных прэтэндэнтаў на дэпутацтва, Юрыя Ляшэнку ў горадзе добра ведаюць.

«Я ведаю, як ён дапамагае дзецям-інвалідам, шматдзетным сем’ям, сталым людзям. Займаецца актыўнай дзейнасцю для інвалідаў-вазочнікаў», – кажа мясцовая жыхарка.

І ўсё ж не абыходзіцца без прыкрых момантаў. Пікетоўцам пагражаў ды абражаў іх чалавек нападпітку. Як кажуць удзельнікі ініцыятыўнай групы, невядомага раз’юшыў бел-чырвона-белы сцяг.

«Трэба было быць тут, каб наш сцяг, нашыя нацыянальныя каштоўнасці луналі ў такія не вельмі добрыя для нас часы», – лічыць Макаеў.

А ў іншых гарадах выбарчыя пікеты ўсё часцей спалучаюць з акцыямі, якія ў звычайны час правесці складана. У Менску падчас збору подпісаў за вылучэнне Аляксея Янукевіча, кіраўніка Партыі БНФ, распачалася кампанія дзеля рэабілітацыі выбітнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

«Асноўная мэта – гэта рэабілітацыя Ларысы Геніюш, у будучыні – усталяванне помніку, таксама магчыма называнне адной з вуліцаў», – заяўляе Мікіта Краснакуцкі з «Моладзі БНФ».

На цяперашні момант сабралі ўжо каля тысячы подпісаў. Як кажуць удзельнікі акцыі, асоба Ларысы Геніюш выклікае зацікаўленасць. Нярэдка можна сустрэць і тых, хто добра ведае лёс таленавітай суайчынніцы.

«Яна была вельмі шчырай беларускай, за што і пацярпела. Мы ведаем з гісторыі яе вельмі складаны лёс», – кажа грамадскі актывіст Анатоль Паплаўны.

Да сённяшняга дня вядомая беларуска ўсцяж не рэабілітаваная: улады Беларусі ўслед за савецкімі адмаўляюцца зрабіць гэты крок.

«Яна небяспечная для беларускай улады. Беларуская ўлада амаль што не змянілася. Яна засталася са сталінскіх часоў», – кажа Паплаўны.

«Моладзь БНФ» плануе перадаць сабраныя подпісы ў Генеральную пракуратуру ды Вярхоўны Суд. Гэткія акцыі падчас выбарчых пікетаў праходзяць, між іншага, у Гомлі, Магілёве і Берасці.

Ян Бабіцкі

Стужка навінаў