Навошта амерыканскім камандас патрэбныя «калашнікавы» made in USA?


Афіцэр курдскіх узброеных фарміраванняў у Іраку з кулямётам ПКМ. Фота wikimedia.org

Камандаванне сілаў спецыяльнага прызначэння ЗША задумалася над арганізацыяй выпуску на амерыканскай тэрыторыі стралковай зброі савецкага ўзору, піша выданне nationalinterest.org.

У прыватнасці структура, якая ажыццяўляе нагляд над падраздзяленнямі камандас Сухапутных войскаў, Корпусам марской пяхоты, ВМС і ВПС ЗША, апублікавала бізнес-прапанову для амерыканскіх прадпрымальнікаў – стварыць праект мясцовай вытворчасці савецкіх кулямётаў.

Фармуліроўка гучыць як «распрацаваць інавацыйную магчымасць вырабляць цалкам функцыянальныя копіі зброі замежнай вытворчасці, якія не саступаюць ці пераўзыходзіць замежныя ўзоры».

Перш за ўсё Камандаванне сілаў спецыяльнага прызначэння (SOCOM) цікавяць ручны кулямёт калібру 7,62×54R, які будзе аналагам савецкага кулямёта ПКМПулемет Калашникова Модернизированный»), і цяжкі кулямёт калібру 12,7×108, аналаг кулямёта НСВНикитин, Соколов, Волков», ён жа «Утёс»).

7,62×54R – гэта вядомы ўсім расейскі патрон «ад трохлінейкі», які дагэтуль выкарыстоўваецца ў кулямётах і снайперскіх вінтоўках.

Каму? Партнёрам па вайне

Дастаткова паглядзець любое відэа з апошніх «гарачых кропак» (Самалі, Лівія, Сірыя, Ірак), як мы ўбачым, што большасць удзельнікаў з кожнага боку выкарыстоўваюць зброю савецкай вытворчасці ці яе замежныя копіі. Часта, каб не вельмі выдзяляцца, амерыканскія камандас у Сірыі ці Іраку таксама ўзбройваліся тымі ж аўтаматамі ці кулямётамі Калашнікава.

Каму ж могуць пастаўляцца новая «савецкая» зброя амерыканскай вытворчасці?

«Калашнікаў» стаіць каля сцяны ў памяшканні, дзе моляцца перад ежай жанчыны з хрысціянскіх сірыйскіх атрадаў. Фота ypgrojava.org.

Перш за ўсё гэта курдскія фармаванні ў Сірыі і Іраку, якія сталі асноўнымі хаўруснікамі ЗША ў вайне супраць ісламістаў. Па-другое, гэта арабскія, асірыйскія, армянскія, туркменскія, чэркескія і нават чачэнскія мусульманскія і хрысціянскія баявыя адзінкі сірыйскай дэмакратычнай апазіцыі рэжыму Башара Асада – «Сірыйскія дэмакратычныя сілы». Па-трэцяе, гэта могуць быць іракскія і афганскія ўрадавыя войскі, якія ваююць супраць тэрарыстаў у сваіх краінах.

Асобна варта згадаць канфлікт на Данбасе – Украіна мае сваю вытворчасць стралковай зброі, таму ёй могуць спатрэбіцца хіба што боепрыпасы. Аднак копіі савецкіх боепрыпасаў Украіна купляе сама.

Што гэта дае?

У апісанні праекту гаворыцца, што хаўруснікі ЗША, з якімі супрацоўнічаюць камандас, доўгія дзесяцігоддзі выкарыстоўваюць узбраенне, якое не вырабляецца ў Амерыцы, а набываецца ў пасярэднікаў на вонкавым рынку. Дадамо, што вялікая колькасць такой зброі дастаецца ЗША ў якасці трафеяў.

«Калашнікавы» захопленыя падчас антытэрарыстычнай аперацыі ў Багдадзе. Фота U.S. Department of Defense.

Такім чынам разнастайныя ўзоры зброі вытворчасці розных краін часта немагчыма стабільна падтрымліваць у парадку – не хапае запчастак, нізкая стандартызацыя, хаўруснікі ЗША (напрыклад, курдскія ўзброеныя фармаванні) не могуць рэгулярна папаўняць свае запасы ўзбраенняў.

Акрамя таго амерыканскім камандас не хочацца губляць час на перавучванне хаўруснікаў на новыя ўзоры зброі – няхай яны атрымліваюць аўтаматы і кулямёты, з якімі ўжо ведаюць, што рабіць.

Гэтую праблему і хоча вырашыць SOCOM – каб не быць у залежнасці ад спарадычных пакупак зброі сумнеўнай якасці. Адначасова Пентагон хоча поўнай аўтаноміі Амерыкі ў гэтай сферы – сыравіна, камплектуючыя, вытворчыя магутнасці і працоўныя – усё павінна быць амерыканскім і знаходзіцца ў ЗША.

Кулямёт НСВ. Фота wikimedia.org

Абʼём планаванай вытворчасці не называецца, аднак згадваецца, што будуць улічаныя толькі праекты, якія прадугледжваюць «масавую вытворчасць». Апошнія два гады, як згадалі ў SOCOM, толькі камандас куплялі па 500 замежных кулямётаў згаданых вышэй савецкіх узораў кожны год.

Афіцыйная замова на вытворчасць зброі, падобнай на савецкую, аніяк не сведчыць пра планы амерыканскіх спецслужб потым выкарыстаць гэтую зброі, каб «падставіць Расею» падчас нейкай фантастычнай правакацыі. Арыгінальнай савецкай зброяй і яе копіямі, як вядома, карыстаюцца баевікі і тэрарысты на ўсіх кантынентах, большасць постсавецкіх краін і нават арміі некаторых краін-сябраў НАТО.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары