Naviband: Мы спяваем для людзей, якія жывуць тут


Пасля гарачага канцэрту ў Горадні Арцём і Ксенія распавялі «Белсату», як рыхтуюцца да Еўрабачання, пра што мараць і як жывуць паза кулісамі сцэны. Зараз гурт ладзіць невялічкі тур па Беларусі.

Не так даўно Беларусь ускалыхнула навіна, што маладыя салісты гурта Navi у рэшце рэшт прадставяць Беларусь на «Еўрабачанні-2017» з песняй на беларускай мове. Паўфінал адбудзецца ў траўні гэтага году, а пакуль на канцэрце ў Горадні выдалася выдатная магчымасць пагутарыць з Ксеніяй Жук і Арцёмам Лук’яненка, якіх ледзь-ледзь удалося адцягнуць ад бясконцых фанатаў.

Шок. Столькі людзей да вас падыходзіць. Кожны вас абдымае. Вы столькі энергіі аддаяце. Не цяжка?

Арцём: А колькі мы забіраем? – Вось Вам і адказ.

На пытанне, як ідзе падрыхтоўка да міжнароднага конкурса, Арцём бязлітасна пачаў мяне троліць.

«Рыхтуем з Ксюшай нумар з хадулямі. Я буду жангляваць. Касцюмы будуць скураныя цалкам. На пачатку мы думалі з бульбы рабіць. Вось у Ледзі Гагі з мяса, а ў нас з бульбы, – смяюцца Арцём з Ксюшай. – Насамрэч, падрыхтоўка ідзе. Вось усё, што мы можам сказаць. Ідзе як трэба, мы сабралі каманду, з якой нам камфортна. З ёй мы і рушым».

А на гітары ад Brutto будзеце граць ці яшчэ не вырашылі?

Арцём: Вось сёння ўжо выпрабоўвалі.
Ксенія: Ці будзем браць гітару на галоўны выступ, пакуль вырашаем.

А рожкі знакамітыя пакінеце?

Ксенія: Думаю, што пакінем.

А як настрой? Баявы дух?

Арцём: Ну, а куды ж без баявога настрою?! Сядзець, склаўшы рукі? То нічога не атрымаецца.

Ксенія: Бываюць, канешне, дні, калі не паспяваеш адпачыць, і мы настолькі стомленыя, ногі самі сабой цягнуцца да ложка і не хочацца нікога бачыць і не слухаць нічога. Але гэта дзень і ўсё. І ты ўжо такі… Ізноў у тонусе. Такі тэмп. Ён заўсёды падтрымлівае тонус і ты едзеш на канцэрт сустракаешся з людзьмі, і гэта крута. Гэта для нас неверагодны зарад.

І пры гэтым усім Вы яшчэ робіце зараз тур па Беларусі?

Арцём: Мы вырашылі крыху паездзіць, каб проста была магчымасць пераключацца ад падрыхтоўкі, сустракацца з нашымі слухачамі. І для нас гэта такое пераключэнне. Мы хочам падтрымліваць гэтую хвалю хвалю лёгкасці і пазітыву і толькі за кошт канцэртаў і сустрэчаў з нашымі людзьмі мы можам яе атрымаць.

«Мы вязем беларускую мову на Еўрабачанне ўпершыню»

Вашай ініцыятывай была – беларуская мова на Еўрабачанні. Як Вы думаеце, наколькі плённы гэты крок да папулярызацыі беларускай мовы?

Арцём: Гэта не было такой ідэяй. Мы проста вырашылі: давай мы будзем спрабаваць. Не атрымаецца, дык не атрымаецца. Канцэртаў у нас хапае. Мы ездзім паўсюль. А тут – хоп і атрымалася. Цяжкае пытанне, бо мы вязем беларускую мову на Еўрабачанне ўпершыню.
Ксенія: Гэта з аднаго боку папулярызацыя. Хоць не, гэта з усіх бакоў папулярызацыя. Але па-першае, я б хацела сказаць, што мы атрымліваем шмат відэа ці паведамленняў са школаў пра тое, што настаўнікі і настаўніцы па беларускай мове і літаратуры ставяць у прыклад нашыя кліпы дзецям у школе. І нам гэта дасылаюць: «Вось, глядзіце ў Пінскай школе нумар там т-т-т ваш кліп паказвалі на беларускай мове». Мы атрымліваем вялікае задавальненне, што мы можам паўплываць на гэта.

А на ангельскай мове не хацелі нумар рабіць?

Арцём: А навошта? Мы спяваем для людзей, якія жывуць тут.
Ксенія: Якія будуць нас разумець і ганарыцца за тое, што вось пра Беларусь усё ж такі даведаюцца і пра беларускую мову, што яна існуе.

А самі карыстаецеся беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, паміж сабой?

Арцём і Ксенія: Так, безумоўна.

«Пераўтварай думкі, каб трымаць іх у руках»

А чаго б Вы яшчэ хацелі дасягнуць у сваім творчым жыцці? Увогуле, пра што марыце?

Арцём: Наша галоўная мэта – сабраць Палац спотру ў Менску з сольным канцэртам. Мне хочацца пазнаёміцца са Стынгам. Усё мару яму ліст напісаць, але хіба што ўжо пасля «Еўрабачання» напішу. Мне здаецца, што нашыя мары ўжо здзяйсняюцца таму, што мы займаемся толькі музыкай і зараз мы нідзе не працуем, акрамя нашага гурта. Для нас гэта вялікае шчасце спяваць нашыя песні, а не каверы, не быць пад начальнікам. А быць гуртом.

«Тут я начальнік і бос!» – жартуе Ксенія.

Ксенія: Вось вы кажаце пра мары. У нас ёсць такі радок у песні. «Пераўтварай думкі, каб трымаць іх у руках». І вось гэта пажаданне, мне здаецца, кожнаму чалавеку. Таму, што мы працуем над гэтым. Мы робім нешта з нашымі марамі, каб трымаць іх ужо ў руках. Не толькі трымаць, але і бачыць, і жыць з гэтымі марамі побач.

Глядзіце праграму Belsat Music Live з удзелам Naviband

Як вам удаецца ствараць на сцэне такую добрую энергетыку?

Арцём: Мы самі гэтага не ведаем. Гэта людзі ствараюць. 50 адсоткаў. Мы ствараем свае песні, а атмасферу людзі ствараюць. Калі б людзі сядзелі і не адказвалі нам, то нічога б не атрымалася. Людзі адказваюць, і нас гэта ўзрушвае проста.
Ксенія: Мы бачым усмешкі. Мы бачым вось гэтыя вочы пранікнёныя. Погляды такія. Гэта не можа не радаваць і не даваць вось гэтую эмоцыю, якую мы чапляем і потым аддаем.

А што вам не падабаецца ў жыцці музыкаў?

Арцём: Ёсць музыканты, якія любяць знаходзіць апраўданне сваёй нерэалізаванасці. Чамусьці ўсе навокал вінаватыя. Вінаваты арганізатар, што людзі не прыйшлі, а не людзі. Або людзі вінаватыя, што не слухаюць іх песняў. Сядзь, падумай і зрабі якасны прадукт – і тады ўсё атрымаецца. Я ў гэта веру.

А ці ёсць у гурта ўвогуле свае нейкія забабоны, прыкметы, фішкі нейкія?

Арцём: Мы абдымаемся перад кожным выступам. Гэта абавязкова. Чалавек-палішынэль. Гэта такі рытуал, які мы не можам прапусціць, і кожны гэта ведае.
Ксенія: А яшчэ ведаеце, побач з намі такія людзі, сябры, музыкі. Кожны з іх перажывае некаторыя моманты, нават больш, чым мы. Напрыклад, калі мы даведаліся на Белтэлерадыёкампаніі. Нам кажуць, мы першыя, мы там. Яшчэ да першай гадзіны ночы нешта рабілі, пытанні, шмат журналістаў, і таксама: «а што Вы думаеце?», «а Вы чакалі?» сыпалася з усіх бакоў. Пасля мы сыходзім на першы паверх, нас сустракае наш гукарэжысёр, ён падыходзіць, і ў яго слёзы ў вачах. І кажа: «я не веру ў гэта».

Цікава, якое яно, вашае жыццё паза сцэнай?

Арцём: У нашай камандзе ў жыцці ўсё, як і на сцэне. Няма такой розніцы.
Ксенія: Немагчыма быць іншымі, таму што мы не выконваем ролі на сцэне, мы шчырыя. Мы тыя, хто мы ёсць. Мы шчыра адносімся да нашай музыкі, да нашай творчасці і да нашага жыцця. У гэтым, можа, і нейкі сакрэт. Я не ведаю. Можа і не.

Я часта жартую, калі ў нас пытаюцца што вы робіце паза сцэнай.

Дык вось кажу: «у нас такая скучная жызнь. У нас толька музыка адна. Больше нічэво».

Ну гэта жарт, канешне, але зараз для нас нельга падзяліць сцэну і жыццё. Але гэта для нас такое шчасце, калі ты не ідзеш на працу, там дзе трэба нешта рабіць, чаго рабіць не хочаш. А ты ідзеш у студыю як на працу, – гэта нас задавальняе. Гэта нас натхняе. Гэта ўсё, аб чым мы марылі.

Гутарыла Паўліна Валіш

Глядзі таксама
Каментары