Naviband на дзень КДБ Беларусі: Хто каго вярбуе?

Паведамленне пра тое, што беларускамоўны гурт Naviband выступіў на канцэрце ў гонар 100-годдзя беларускага КДБ выклікала заўважны розгалас у беларускіх СМІ. Прагназавана прагучалі папрокі ў супрацы з нашчадкамі сталінскай тэрарыстычнай машыны, у здрадзе, праводзіліся паралелі з канцэртам з нагоды юбілею нацысцкага гестапа.

Аднак, як падаецца, мы не назіраем «здраду» з боку Naviband, мы назіраем трансфармацыю ў самім КДБ.

Іншага СД у мяне для вас няма

Скажам шчыра, найбольш неасцярожна робяць тыя, хто праводзіць гістарычныя паралелі паміж сучасным беларускім КДБ і супрацай з нацысцкімі спецслужбамі. Толькі гэтыя паралелі сведчаць на карысць Naviband, а не наадварот.

Папракаюць гурт у выступе на канцэрце перш за ўсё нашыя самыя зацятыя антыкамуністы (зрэшты, антыкамуністам з’яўляецца і аўтар гэтых радкоў). Аднак нашыя антыкамуністы ў часе Другой сусветнай вайны паводзілі сябе як прагматыкі і рэалісты, калі трэба было рабіць карысную для народа справу.

Яны, напрыклад, імкнуліся не толькі ваяваць супраць СССР, але і атрымліваць зброю ад нацысцкай Нямеччыны, імкнуліся… выступаць з канцэртамі, лекцыямі, выступамі перад набранымі з беларусаў батальёнамі, якія ваявалі супраць савецкіх партызан і дыверсантаў. У тым ліку перад 13-м беларускім паліцэйскім батальёнам пры СД – то бок пры выведцы СС.

Чаму? Таму што нацыянальная інтэлігенцыя разумела, што мясцовыя людзі з паўнамоцтвамі і зброяй, якімі б гэтыя людзі не былі, павінны стаць беларускімі патрыётамі, жыць у кантэксце беларускай культуры. Толькі гэта давала шанец на тое, што ў выпадку краху Масквы і Нямеччыны (як у Першай сусветнай вайне, калі па чарзе разваліліся і Германская, і Расейская імперыі) незалежная Беларусь будзе мець шанец на існаванне.

Знакамітая Наталля Арсеннева напісала ў 1943 годзе ў акупаваным Менску духоўны гімн «Магутны Божа», які друкаваўся ў цэнзураванай нацыстамі беларускай прэсе, а зараз гэты гімн спяваюць і беларускія праваслаўныя, і католікі, і пратэстанты.

Мужам паэткі быў Францішак Кушаль – кадравы вайсковец, які ўдзельнічаў у арганізацыі ці не большасці беларускіх антысавецкіх частак, пад уласнай рэдакцыяй выдаваў спецыяльна разлічаны на беларускіх паліцэйскіх і вайскоўцаў на службе Трэцяга Райху часопіс «Беларус на варце».

Не трэба сябе падманваць ружовымі казкамі з аднаго ці іншага боку – у той бязлітаснай вайне, якая адбывалася ў нямецкім тыле, беларусы з абодвух бакоў тысячамі забівалі адзін аднаго – гэта гістарычны факт. У тым ліку ад беларускіх рук (і ад партызанскіх, і ад паліцэйскіх) гінулі беларускія мірныя жыхары, дзеці, старыя, жанчыны – і гэта таксама факт. Калі адныя падпарадкоўваліся злачынцам у Маскве, другія ў той ці іншай ступені супрацоўнічалі з нацысцкім СС.

Думаю, кожны разумны чалавек разумее, што сучасны беларускі КДБ – не НКВД БССР часоў Сталіна і не беларускі аддзел СД часоў Гітлера. Але беларускія паэты, музыканты, пісьменнікі 1940-х выступалі і перад беларускімі аддзеламі пры СД. Людзі мастацтва змагаліся за сэрцы і душы людзей, якія маюць зброю.

Два ў адным

Не ведаю, ці ўсе чытачы паглядзелі трансляцыю канцэрта. На ўсякі выпадак коратка распавяду яго змест. У зале пад беларускамоўным дэвізам «Доўг, Гонар, Айчына» і расейскамоўным лозунгам «Разам за моцную і квітнеючую Беларусь!» спачатку хвілін 20 выступаў Аляксандр Лукашэнка і неаднаразова згадаў, што мэта КДБ РБ – абарона беларускага суверэнітэту.

Уласна канцэрт распадаўся на 2 часткі – «гістарычную» і «сучасную».

У першай гучалі савецкія «хіты» з фільмаў пра чэкістаў, рэвалюцыю, Другую сусветную і Халодную вайну. Гучала музыка да «17 імгненняў вясны», «Свайго сярод чужых», «У жніўні 1944», «ТАСС упаўнаважаны заявіць». Былі прапетыя «Песня чекистов», «Священная война», «Не думай о секундах свысока», «Он не вернулся із боя». Усе песні былі на расейскай мове.

Але вось у фінальнай «сучаснай» частцы канцэрта рашуча пераважала беларуская мова, усе песні былі прысвечаныя Беларусі і службе на карысць Беларусі. Спачатку – «Мой родны кут» на словы Я.Коласа:

«Люблю цябе мой бераг родны,
Дзе льецца Нёман срэбраводны,
Дубы дзе дружнай чарадою
Стаяць, як вежы, над вадою».

Потым расейскамоўныя радкі «Синеокая… понимаешь, не нужны мне страны дальние, здесь моя любовь, здесь моя земля» амаль у лоб распавядалі службоўцам, што ўвесь агульнасавецкі багаж застаўся ў мінулым, цяпер яны служаць менавіта і толькі Беларусі.

Naviband праспавялі пра тое ж самае:

«Крочым далей удвох
Скрыжаваннямі родных дарог.
Тое месца, дзе спяваюць вятры,
Там калісьці сваю праўду знайшлі».

Наступная беларускамоўная песня зноў агарнула зал і галовы спецслужбоўцаў:

«Ты мой дом, ты мой край залаты як палёў каравай,
Назаўжды ты і я Беларусь, дарагая мая».

Апошняя песня была расейскамоўнай, але яна не сапсавала ўражанне. «Мы за мир и покой Беларуси родной станем крепкой надежной стеной» – прыемна, калі на запісе бачыш, як генерал КДБ падпявае на гэтым месцы.

Як гаворыцца ў культавым для КДБ фільме: «Штырліц ведаў, што лепш за ўсё запамінаецца апошняя фраза. Важна, як увайсці ў патрэбную размову, але яшчэ важней мастацтва выхаду з яе». Думаю, арганізатары канцэрта, як запрошаныя госці, гэтую цытату ведаюць.

Беларускія нацыяналісты ўсе апошнія 100 год змагаліся за тое, каб беларуская культура прасякала ўсё беларускае грамадства, а найперш армію і спецслужбы, ад якіх залежыць выжыванне незалежнай дзяржавы.

Давайце не будзем замінаць Naviband вербаваць для Беларусі новых прыхільнікаў. Спадзяюся, калісьці там будуць выступаць і НРМ, і «Брута» з «Дзецюкамі».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў