«Нават Лукашэнка казаў не зносіць дабротныя дамы». У Горадні дабіваюць легендарныя «Белыя росы»


Былым уладальнікаў дамоў з садамі даюць кватэры ў гарадзенскіх шматпавярховіках

Вёску Дзевятоўка, якая стала кінапляцоўкай для савецкай стужкі «Белыя росы» канчаткова зносяць, каб пабудаваць шматпавярховік і супермаркет.

Колішнюю вёска Дзевятоўка, якая з часам урасла ў спальны раён гораду, перадаўшы яму сваю назву, зносяць. Нягледзячы на тое, што размовы пра знос ідуць ужо трыццаць гадоў, апошні цвік мае быць убіты бліжэйшым часам.

Станам на сёння ад вёскі застаўся адзін мураваны дом, падзелены на дзве сям’і, ды пару дамкоў па іншы бок ад вуліцы Курчатава, якая разрэзала былую вёску ў 2013 годзе. Тады, чатыры гады таму, было знесена адзінаццаць будынкаў разам з прысядзібнымі пабудовамі і садамі, сёлета – яшчэ пяць.

Былым уладальнікаў дамкоў з садамі даюць кватэры ў шматпавярховіках на вуліцах Лідскай і Татарскай. Пры гэтым, далёка не ўсе задаволеныя такім абменамі. У адрозненні ад некаторых старых будынкаў у цэнтры гораду, тут людзі трымалі моцную гаспадарку, даглядалі дамы і тэрыторыю, што да яе прылягае.

«Абяцалі кватэры, а пасля правялі пераацэнку»

«Папярэдзілі пра знос гады два таму, – распавядае спадар Рычард, жыхар аднаго з мураваных дамоў. – Абяцалі кватэры. Спачатку зрабілі адну ацэнку, пасля – пераацэнку, маўляў, кошты на нерухомасць упалі. Мы атрымалі грошы, набылі кватэру. Сёння хадзілі глядзець кватэру, але як атрымліваецца? Наш дом нібыта зносяць, але ў газетах пішуць, што застаецца. Незразумела».

Спадар Рычард, жыхар Дзевятоўкі

Паводле нашага суразмоўцы, рэшта жыхароў дому, які разлічаны на некалькі сем’яў, яшчэ нічога не атрымалі, хоць у дзяржаўных СМІ пішуць, што дамкі даўно знеслі і ўсе ўжо маюць на руках сваю кампенсацыю.

«Чакаем, ці збяром ураджай, ці не збяром? – паціскае плячыма спадар Рычард, – Знясуць ці не – незразумела. Гэта калісьці быў бацькоўскі драўляны дом, адзін агульны. Цяпер з аднаго боку катэдж і наш мураваны дом злучаны з ім. Дык што – катэдж пакінуць, а наш абрэжуць?»

«Мы жылі надзеяй»

Ваяваць за сваё жытло і пісаць чыноўнікам жыхары не маюць жадання. Маўляў, які сэнс грукацца ў чынавецкія кабінеты, калі размова пра знос ідзе ўжо 30 год і на паперы ўсё даўно вырашана.

«Мы жылі надзеяй – Лукашэнка казаў не зносіць дабротныя дамы! – працягвае жыхар. – Мы нават думалі, няхай наш участак, 35 сотак, абрэжуць, але сам дом застанецца. Калі раней яшчэ да гораду аднеслі, то апынулася, што 15 сваіх маем сотак, рэшта – у арэнду. Дых хоць так. Не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца».

Пад знос трапіць і мінірынак, якім карысталіся жыхары Дзевятоўкі. Сёння тут яшчэ гандлююць фруктамі ды гароднінай, але ў перспектыве на гэтым месцы мае паўстаць супермаркет або гандлёвы цэнтр.

Калода, на якую Мішка Кісель клаў галаву

Варта ўзгадаць, што фільм «Белыя росы» 1983 году, які і праславіў вёску на ўвесь былы Саюз, акурат і тычыўся зносу вясковых хатаў ды перасялення герояў у панэльныя шматпавярховікі.

Сёння пра стужку нагадвае адно сімвалічная студня ды калода, на якую Мішка Кісель клаў галаву, каля Фядос гразіўся яму сякерай.

Куток з легендарнай студняй ды калодай

Побач з «кінематаграфічным кутком» расце старая груша, на якой акурат цяпер вісяць спелыя, сакавітыя плады. Малаімаверна, на жаль, што і гэта рэлікт мінулага дажыве да наступнага году.

Алесь Кіркевіч

Глядзі таксама
Каментары