Навальны падаў у суд на Раскамнагляд


Відэасюжэт «Вот так» пра скандал вакол Дзерыпаскі

Аляксей Навальны падаў судовы пазоў супраць «Раскамнагляду», які запатрабаваў выдаліць з сайту Navalny.com інфармацыю аб расследаванні пра мільярдэра Алега Дзерыпаску і кіраўніка апарату ўраду Сяргея Прыходзьку.

Пазоў пададзены ў Танагскі раённы суд Масквы. Апазіцыйны палітык патрабуе прызнаць дзеянні Раскамнагляду незаконнымі і абавязаць выключыць ягоныя старонкі з рэестру забароненай інфармацыі.

У пазове адзначаецца, што 10 лютага Навальны атрымаў апавяшчэнне ад Раскамнагляду пра тое, што дзве старонкі ягонага сайта ўнесеныя ў рэестр забароненай інфармацыі. Падставай для гэтага стала рашэнне Усць-Лабінскага раённага суду Краснадарскага краю ад 9 лютага. У пазове прыводзяцца звесткі з расследавання Навального, у прыватнасці, што меркавана Прыходзька адпачываў на яхце, якая належыць ТАА «Яхт-клуб Цэнтр». Канчатковым бенефіцыярам гэтай кампаніі з’яўляецца маці Алега Дзерыпаскі – Валянціна Пятроўна Дзерыпаска.

«Бязвыплатнае карыстанне водным суднам, якое належаць на праве ўласнасці юрыдычнай асобе, зʼяўляецца атрыманнем узнагароджання (даходу) у натуральнай форме, не прадугледжанага заканадаўствам для чальца ўраду Расейскай Федэрацыі», то бок хабарам, гаворыцца ў пазове.

Навальны ў пазове адзначае, што звесткі, якія змяшчаюцца ў расследаванні, не могуць быць расцэненыя як атрыманая канфідэнцыйна інфармацыя. Расследаванне, нагадвае ён, было праведзена на падставе адкрытых крыніц, уключаючы кнігу Насці Рыбкі і фатаграфіі з яе «Instagram». Навальны таксама падкрэслівае, што інфармацыя з расследавання зʼяўляецца грамадска значнай.

У спіс забароненых матэрыялаў расследаванне Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Навальнага трапіла з-за пазову, які Алег Дзерыпаска падаў да Насці рыбку ў судзе свайго роднага гораду Усць-Лабінск.

Згодна з пастановай пленума Вярхоўнага суду, інфармацыю можна распаўсюджваць без згоды грамадзяніна пры наяўнасці публічнай цікавасці. Гэта значыць, грамадзянін зʼяўляецца публічнай фігурай, а абнародаванне інфармацыі зʼяўляецца грамадска значным. «Расследаванне мела на мэце раскрыць факты карупцыі з боку службовай асобы ўраду Расейскай Федэрацыі», – гаворыцца ў пазове.

НМ, belsat.eu, паводле «Ведомости»

Глядзі таксама
Каментары