Навальны адмаўляецца выконваць рэжым хатняга арышту


Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны зрэзаў электронны бранзалет, які ўжываюць, каб адсочваць перасоўванні чалавека пад хатнім арыштам.

Аляксей Навальны, якога ў справе кампаніі «Ив Роше-Восток» расейскі суд пакараў 3,5 гадамі зняволення ўмоўна, не бачыць законных падстаў для таго, каб заставацца пад хатнім арыштам, падае korrespondent.net.

«Так, я ўсё разумею, і пасля таго, як тэрмін атрымання тэксту прысуду мінуў, буду рабіць усё выключна паводле закону ў адпаведнасці са сваім высокім узроўнем правасвядомасці. Я адмаўляюся выконваць патрабаванні майго незаконнага ўтрымання пад хатнім арыштам», – напісаў Навальны.

Апазіцыянер нагадаў, што паводле расейскага закону, хатні арышт выкарыстоўваюць толькі ў дачыненні да падазраваных і абвінавачаных. «Гэтым бессэнсоўна выхваляцца, але я адзіны ў гісторыі расейскіх судоў чалавек, які сядзіць пад хатнім арыштам пасля вынясення прысуду», – цытуе навальнага Бі-Бі-Сі.

Таксама ён адзначыў, што зрэзаў электронны бранзалет, які ўжываецца, каб сачыць за чалавекам пад хатнім арыштам, і выклаў фатаграфію парэзанага бранзалета на сваім акаўнце ў «Тўітэры».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Навальны паведаміў, што не мае намеру нікуды з’язджаць, яго «патрэбы перамяшчэння зводзяцца да паездак з кватэры ў офіс ды назад, правядзенні вольнага часу з сям’ёй».

Браты Аляксей і Алег Навальныя абвінавачваюцца ў прысвойванні Ru 26 млн у кампаніі «Ив Роше-Восток» і яшчэ Ru 4 млн 4 у шматпрофільнай працэсінгавай кампаніі.

Апазіцыянер Аляксей Навальны атрымаў пакаранне тэрмінам 3,5 гады зняволення ўмоўна. Ягоны брат Алег – 3,5 гады пазбаўлення волі.

Суд спагнаў з братоў Навальных больш за Ru 4 млн паводле пазову пацярпелай кампаніі.

МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net, bbc.co.uk

Стужка навінаў