Навагодні падарунак для беларусаў: улады прыдумалі новы падатак


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGcXFPZDZGVFYxT28lMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Электраэнергія і газ могуць падаражэць з новага году на 20 адсоткаў – за кошт таго, што на гэтыя паслугі для насельніцтва плануецца пачаць налічваць падатак на дададзеную вартасць. І гэтае ўздаражэнне не выключае іншых надбавак да жыроўкі.

Указам Аляксандра Лукашэнкі нумар 550 ад 2013 году жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі ў год могуць павялічвацца, у эквіваленце, не больш як на 5 долараў для сям’і з трох асобаў у двухпакаёвай кватэры. Апрача таго, кожны квартал аплата індэксуецца яшчэ да росту сярэдняга па краіне заробку. Беларусы ж даволі скептычна ставяцца да новага падатку.

«Гэта моцна ўдарыць па пенсіянерах» – кажа мінак.

«Гэта мяне засмучвае, бо ў мяне маленькая пенсія і маленькі заробак. Мне будзе складана выжываць» – дадае жанчына.

Аляксандр Лукашэнка ў падаражэнні паслугаў ЖКГ ківае на міжнародных крэдытораў. Сапраўды, МВФ рэкамендуе скасаваць гэтак званае перакрыжаванае субсідаванне. Калі дзяржава прадае электраэнергію насельніцтву танней, а прадпрыемствам – даражэй. З-за гэтага выдаткі айчынных заводаў на энергетыку атрымліваюцца ў разы большыя, чым у іх замежных канкурэнтаў.

«Мы атрымліваем такі пластаваны пірог. Таму што сярод арганізацыяў ёсць такія, якія таксама атрымліваюць льготы. Тыя, хто вырошчвае гародніцу для гарадоў у цяпліцах і парніках, заводы па вытворчасці ўгнаенняў…» – кажа эканаміст Міхал Залескі.

У жыроўках, якія мы атрымліваем штомесяц, сказана, што мы аплочваем толькі чвэрць ад сабекошту камунальных паслугаў, а астатняе нам субсідуе дзяржава. Праўда, нават Аляксандр Лукашэнка два гады таму выказваў меркаванне, што лічбы ў жыроўках – завышаныя, а на самай справе, улічваючы танныя энергарэсурсы, якія Беларусь атрымлівае з Расеі, людзі ўжо аплочваюць паслугі ЖКГ, амаль па сабекошце.

«Кажуць, што 60% трэба спажывання… а сёння гэтага няма. А я скажу, што 70% ёсць. Бо я ня ведаю тарыфаў ЖКГ і мне здаецца, што там павялічаны сабекошт» – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Цяпер беларусы плоцяць па 5 еўрацэнтаў за кілават электраэнергіі ў гадзіну. У Літве ж, якая купляе расейскія энергарэсурсы ў разы даражэй, чым Менск, электрычнасць, без усялякіх субсідыяў, каштуе 12 еўрацэнтаў – удвая менш, чым сабекошт, указаны ў беларускіх жыроўках.

Адмыслоўцы тлумачаць – у сабекошт сваіх паслугаў беларускія субекты ЖКГ уключаюць усе мэтавыя і нямэтавыя выдаткі, у тым ліку, як гэта было ў Бабруйску – калі водаканал набыў прагулачны цеплаход.

Камітэт дзяржаўнага кантролю перыядычна, выяўляе нямэтавыя выдаткі, заводзяцца крымінальныя справы. Але ліквідаваць дзяржаўную манаполію на аказанне камунальных паслугаў улады адмаўляюцца.

Станіслаў Івашкевіч[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў