Нацбанк: старыя рублі буйных наміналаў амаль выйшлі з абарачэння


Да канца года беларусы могуць разлічвацца як дэнамінаванымі, так і новымі рублямі.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банку, старыя грошы буйнога наміналу амаль цалкам вынятыя з абарачэння. А вось драбязы на руках у беларусах па-ранейшаму застаецца шмат. Пра гэта распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанку Сяргей Гайко.

«Банкнотаў буйных наміналаў (50 000, 100 000 і 200 000 рублёў) вы ўжо амаль не сустрэнеце на руках. Яны практычна вынятыя – на 98,3 %. А вось драбязы яшчэ застаецца шмат. Мы разлічваем, што да Новага году ў касы Нацбанку вернуцца ўсе банкноты буйных наміналаў. І каля паловы дробных», – заявіў Сяргей Гайко.

Нацбанк раней прызнаваў тое, што беларусы яшчэ не прызвычаіліся да манетаў. І выражаў сваю занепакоенасць камерцыйным банкам, папярэджваючы, што да 1 студзеня новага году наяўнае грашовае абарачэнне не будзе забяспечанае дастатковай колькасцю манетаў.

Чытайце таксама >>> Беларусь – лідар сярод краінаў былога СССР па колькасці дэнамінацыяў

Да гэтага часу можна разлічвацца, як старымі, так і новымі грашыма.

Дэнамінацыя была праведзеная ў Беларусі сёлета 1 ліпеня. Тады былі выпушчаныя грошы новага ўзору – банкноты без чатырох нулёў, а таксама манеты.

НМ, belsat.eu, паводле «Рэспубліка»

Глядзі таксама
Каментары