Нацбанк прагназуе ў канцы наступнага года долар па 19 350 рублёў


Да канца наступнага года долар падаражэе не больш, чым на 7 %, мяркуюць у Нацбанку.

Паводле інфармацыі БелаПАН, Нацбанк чакае, што ў канцы 2016 года курс долара будзе складаць 19350 рублёў.

Афіцыйныя прагнозныя паказчыкі, якія ўлады падрыхтавалі на наступны год, прадугледжваюць, што сярэдняя цана нафты на сусветным рынку складзе $ 50 за барэль, а долар у сярэднім будзе каштаваць у Расеі 63 расейскіх рублі.

Штопраўда, 5 снежня долар у Расеі каштаваў амаль 68 расейскіх рублёў, а барэль нафты на сусветным рынку – каля $ 43.

Курс у наступным годзе будзе ўтварацца па рынкавым прынцыпе, бо на штучны курс няма грошай.

«Рынкавае курсаўтварэнне будзе адной з умоваў міжнародных фінансавых арганізацыяў, у якіх мы сёння просім крэдыты. Да таго ж сёння адсутнічаюць усялякія палітычныя матывы для штучнага падтрымання абменнага курсу беларускага рубля», – кажа эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Кацярына Барнукова.

Толькі сёлета беларускі рубель дэвальваваўся амаль на 52 %: 1 студзеня курс долара складаў 11 900 рублёў, а сёння – 18 087.

Калі ж верыць прагнозу Нацбанку, то да канца наступнага года курс долара ў стасунку да рубля вырасце толькі на 7 %.

На адкрыцці таргоў Беларускай валютна-фондавай біржы 7 снежня долар вырас на 87 рублёў да 18 174 рублёў. Еўра вырас на 70 рублёў да 19 749 рублёў.

НМ, belsat.eu, паводле Naviny.by

Стужка навінаў