Нацбанк патлумачыў, як будуць спаганяць «падатак на працэнты»


Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які змяняе класіфікацыю банкаўскіх укладаў.

Дэкрэт N7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады» пачынае дзейнічаць з 12 лістапада. У адпаведнасці з ім, дамовы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Безадзыўныя ўклады нельга будзе зняць датэрмінова.

Укладчыкі будуць абавязаныя плаціць падаходны падатак у памеры 13 % на адсоткі, якія яны атрымліваюць з банкаўскага дэпазіту, размешчанага ў беларускіх рублях на тэрмін менш за 1 год, а ў замежнай валюце на тэрмін менш за 2 гады.

Калі ўзяць у якасці прыклада «Ашчадны ўклад» «Беларусбанку», то аддаўшы банку Br 100 млн, укладчык атрымае за тры месяцы на працэнтах Br 6,45 млн. З іх давядзецца аддаць дзяржаве амаль Br 840 тыс.

Норма аб падатку на працэнты пачне дзейнічаць з 1 красавіка 2016 года.

Паводле Нацбанку, новыя падыходы да класіфікацыі банкаўскіх укладаў, прадугледжаныя Дэкрэтам N7, цалкам адпавядаюць міжнароднай практыцы. Дэкрэт мае паспрыяць фармаванню банкамі Беларусі доўгатэрміновай рэсурснай базы і больш эфектыўнаму яе выкарыстання «за кошт павышэння даступнасці крэдытаў для субектаў гаспадарання і насельніцтва, адзначае Нацбанк».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў