Нацбанк адрэагаваў на словы Лукашэнкі пра «тлустых катоў» адмысловай пастановай


Нацбанк Беларусі падрыхтаваў пастанову №544, якая ўстанаўлівае патрабаванні да арганізацыі сістэмы ўзнагароджанняў i кампенсацый у банкаўскай сферы. У Нацбанку адзначаюць, што патрабаванні сфармуляваны з улікам міжнародных стандартаў.

«Неад’емнай часткай карпаратыўнага кіравання ў банку зʼяўляецца сістэма ўзнагароджанняў i кампенсацыяў, эфектыўнасць функцыянавання якой у сукупнасці з іншымі складнікамі карпаратыўнага кіравання дазваляе забяспечваць устойлівасць і бяспека функцыянавання банка ў доўгатэрміновым перыядзе», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Нацбанка.

Закладзеныя ў пастанове № 544 падыходы прадугледжваюць стварэнне ў банках камітэту па ўзнагародах, які ўзначальвае незалежны дырэктар; вызначэнне памеру ўзнагароджанняў з улікам прынятых банкамі рызыкаў; адмену выплаты ўзнагародаў у выпадку розных парушэнняў ці неэфектыўнай дзейнасці банку; выплату кіраўніцтву банку ўзнагароджання па выніках гадавой працы часткамі на працягу некалькіх гадоў ды інш.

«Эфектыўнасць створаных у банках сістэмаў узнагароджанняў i кампенсацый будзе ацэньвацца Нацыянальным банкам пры ажыццяўленні ацэнкі эфектыўнасці сістэмы карпаратыўнага кіравання банку», – адзначаюць у Нацбанку.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў банкіраў за высокія заробкі і бонусы. «Хацелася б, каб банкаўская сістэма не была, цытую народ, «зборышчам тлустых катоў» (гэта не толькі кажа рабочы ды селянін, гэта кажа ўся інтэлігенцыя). Банкаўскія работнікі павінны адпавядаць таму ўзроўню, які склаўся ў краіне па заробкам і даходам», – заявіў ён у лістападзе 2017 года.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў