NATO занепакоенае магчымым размяшчэннем ядравай зброі ў Крыме


Міністры замежных справаў краінаў НАТО патрабуюць ад Масквы спыніць дэстабілізацыю Украіны і непакояцца нарошчваннем вайсковай прысутнасці Расеі ў Чорным моры.

Пасля сустрэчы з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным дзяржсакратар ЗША Джон Керы накіраваўся ў Анталью (Турцыя) на сустрэчу міністраў замежных справаў краінаў НАТО.

«Я думаю, што ўсе краіны НАТО згадзіліся наконт таго, што гэта крытычны момант для Расеі і сепаратыстаў, каб прытрымлівацца менскіх пагадненняў», – пракаментаваў вынікі сустрэчы Керы.

Прадстаўнікі 28 краінаў-сябраў НАТО заклікалі Маскву спыніць дэстабілізацыю ўсходняй Украіны. А генеральны сакратар вайскова-палітычнага блоку Енс Стольтэнбэрг агучыў апасенні, што нарошчванне Расеяй вайсковай моцы ў Чорным моры можа прадвяшчаць размяшчэнне ядравай зброі ў Крыме.

Версію пра тое, што ў Крыме можа знаходзіцца расейская ядравая зброя два месяцы таму ў эфіры «Белсату» выказала журналістка часопісу «Новое время» Вольга Духніч (глядзіце ў відэа ніжэй).

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў