НАТО трымае напагатове баявыя караблі і рыхтуе вайскоўцаў хуткага рэагавання


У Чорным моры цягам гэтага тыдня могуць з’явіцца чатыры баявыя караблі НАТО. Пра гэта паведамляе ананімная вайскова-дыпламатычная крыніца. У мінулым жа месяцы на Балтыйскім моры скончыліся супольныя вучэнні ваенна-марскіх суднаў НАТО і Літвы. Хоць заходнія войскі пакуль не ўмешваюцца ў канфлікт ва Украіне, яны займаюць пазіцыі на самых межах краінаў-чальцоў НАТО.

Роля вартавой вежы перад тварам агрэсіі цяпер належыць краінам Балтыі. І гэта пацвярджае сённяшні візіт прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы ў Талін. У парадку дня – сустрэча з эстонскім прэзідэнтам Тоомасам Ільвэсам, а таксама кіраўнікамі Латвіі ды Літвы Андрысам Бэрзіньшам і Даляю Грыбаўскайце. Кіраўнік Амерыкі запэўніў, што ваенна-палітычны блок усур’ёз успрымае акты вайсковай агрэсіі, што здзяйсняюцца вельмі блізка да межаў Балтыі.

Прэзідэнт ЗША не наведваў краінаў Балтыі 10 гадоў, і вераснёўскі візіт нельга назваць выпадковым. Оўбама запэўніў, што балтыйскія краіны – пад шчытом НАТО. Заявіў пра размяшчэнне ў Эстоніі сваіх войскаў і даў гарантыю – у выпадку агрэсіі альянс будзе абараняць любога свайго чальца згодна з 5-ым артыкулам Паўночнаатлантычнай дамовы.

«Улічваючы дактрыну замежнай палітыкі Оўбамы, візіт толькі падкрэслівае гэтак званыя чырвоныя лініі, – падкрэсліў палітычны аглядальнік Лінас Каяла. – Прэзідэнт і раней казаў, што дзяржавы НАТО – найбліжэйшыя хаўрусніцы ЗША, якія будуць абараняцца ўсімі магчымымі сродкамі, нават аднабакова».

І хоць наведванне Оўбамы мае большае значэнне для балтыйскіх дзяржаў, відавочны водгалас на сітуацыю ва Украіне.

«Гэты візіт дэманструе, што з Украінай праблемы будуць вырашацца іншымі шляхамі, палітычнымі і дыпламатычнымі. Хоць гэта не вельмі эфектыўна, НАТО паказвае, што межы іхнага блоку вельмі ясныя. Аднак Украіна да іх не адносіцца», – заўважыў спадар Каяла.

Ужо заўтра Барак Оўбама адправіцца на саміт Арганізацыі паўночнаатлантычнага альянсу ва Ўэльсе.

Палітолагі мяркуюць: сустрэча стане выпрабаваннем у стрымліванні расейскага рэваншызму. Ужо вядома, што блок рыхтуе стварэнне кантынгенту хуткага рэагавання з 4 тыс. вайскоўцаў, якія здольныя развярнуцца за 48 гадзінаў.

Настасся Яўмен, Вільня, belsat.eu

Стужка навінаў