НАТО: Кіеў прайграў вайну на Данбасе


Адпаведную скептычную ацэнку даў высокапастаўлены вайсковец нямецкаму часопісу «Der Spiegel».

Паводле крыніцы газеты, цяперашнія ўлады Украіны фактычна страцілі кантроль над усходнімі тэрыторыямі. У артыкуле адзначаецца, што пасля таго, як прарасейскія баевікі захапілі аэрапорт Луганску, іхная перавага стала відавочная.

«Spiegel» таксама адзначае, што асаблівая ўвага Альянсу цяпер надаецца баям у раёне буйнога прамысловага цэнтру і порту Марыупалю на Азоўскім моры, дзе ўмацоўваюцца баевікі.

У Кіеве настойваюць на ваенна-тэхнічнай дапамозе краінаў НАТО. У ЗША шэраг палітыкаў выказваюцца за тое, каб падобную дапамогу прадставіць.

Тым часам «BBC» паведамляе, што баевікі на Данбасе ўпершыню за час ваенных дзеянняў выказалі згоду застацца ў складзе Украіны ў абмен на «асаблівы статус» Данецкай і Луганскай абласцей і іншыя саступкі з боку Кіева.

Наступная сустрэча кантактнай групы для ўрэгулявання канфлікту на Данбасе пройдзе ў Менску 5 верасня.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў