Наталлю Папкову асудзілі на пятнаццаць содняў


15 содняў арышту берасцейскай актывістцы Наталлі Папковай 19 красавіка прысудзіў суддзя суда Ленінскага раёну Берасця Алег Міранюк.

Наталлю Папкову затрымалі супрацоўнікі міліцыі 17 сакавіка недалёка ад чыгуначнага вакзалу Берасця за пераход дарогі па-за пешаходным пераходам. Папковай прапанавалі праехаць у Ленінскі РАУС, але яна адмовіліся.

У выніку дзяўчына была затрымана і змешчана ў ІЧУ Берасця. На наступны дзень у Ленінскім РАУС Папкова атрымала штраф 3 базавых велічыні за пераход дарогі па-за пешаходным пераходам. Таксама на актывістку склалі пратакол па артыкуле 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

Вечарам 18 красавіка Папкову даставілі ў суд, дзе яна папрасіла даць магчымасць звярнуцца па юрыдычную дапамогу, заключыць дамову з адвакатам на ажыццяўленне абароны. У выніку суд быў перанесены на 19 красавіка. Гэтым разам Папкова папрасіла яшчэ час для пошуку абаронцы і заявіла адвод суддзе: Алег Міранюк заўважаны за палітычна матываванымі прысудамі актывістам і журналістам.

Атрымаўшы адмову, Папкова пакінула судовую залю, і вырак 15 содняў арышту быў зачытаны без яе прысутнасці. Паводле дзяўчыны, яна плануе хавацца.

Папкову двойчы судзілі за ўдзел у Маршы недармаедаў (ч.1 арт.23.34 КаАП), і прысуджалі 7 і 5 содняў. Таксама змяшчалі ў псіхіятрычны дыспансэр і каралі штрафамі.

СА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары