Наталля Радзіна: «Мы гатовыя дайсці да суда». «Беларускі дом» просіць «Хартыю'97» вызваліць памяшканні


Рэдакцыя сайта «Хартыя’97» паведамляе, што атрымала патрабаванне вызваліць памяшканні, якія займае ў «Беларускім доме» у Варшаве. Галоўная рэдактар рэсурсу Наталля Радзіна не выключае, што гэта – элемент атакі з боку спецслужбаў. Кіраўніцтва «Беларускага дому» тлумачыць пазіцыю.

Рэдакцыя «Хартыі’97» (Фармальна – Фундацыі «Хартыяʼ97» ды «Фундацыя Андрэя Саннікава – Еўрпаейская Беларусь») займаюць ў «Беларускім доме» два памяшканні.

У лісце, які атрыманы 2 траўня ад іх патрабуюць выселіцца да 5 траўня, пасля чаго, паводле ліста, «рэчы і тэхніка, якія застануцца ў памяшканнях пасля вызначанага тэрміну, будуць прынятыя на баланс Фундацыі «Беларускі дом».

«Нас не могуць так проста выселіць»

«Гэта ўносіць пэўныя цяжкасці ў нашую далейшую працу. Цяпер мы хочам зразумець і разабрацца, што гэта адбываецца і чаму. Я не выключаю, што гэта можа быць атакаю з боку спецслужбаў, бо ўжо надта шмат супадзенняў: адначасова з гэтым мы бачым разгорнутую прапагандысцкую кампанію ў лукашэнкаўскіх СМІ, з паклёпам супраць мяне, “Хартыі’97” і Андрэя Саннікава, чыноўнікі патрабуюць закрыцця сайту. Шмат «супадзенняў», – сказала галоўная рэдактарка «Хартыі’97» Наталля Радзіна ў інтэрвʼю belsat.eu.

Яна запэўнівае, што ліст з патрабаваннем выселіцца стаўся поўнаю нечаканасцю, бо раней такіх размоваў з прадстаўнікамі «Беларускага дому» не вялося.

«Яны («Беларускі дом» – рэд.) не могуць нас так проста выселіць. У свой час «Беларускі дом» у Варшаве ствараўся на ўмовах такіх, што тут будзе працаваць рэдакцыя «Хартыі’97». Нас дзеля гэтага запрашалі ў Варшаву, каб мы маглі тут працаваць.

Мы будзем высвятляць акалічнасці і бліжэйшымі днямі пра іх паведамім. Мы настроеныя рашуча і гатовы нават дайсці да суда», – падкрэсліла Наталля Радзіна.

«Беларускі дом»: Гэта просьба, звязаная з пашырэннем статутнай дзейнасці

Кіраўніцтва «Беларускага дому» выпусціла адмысловую заяву, у якой тлумачыць, што «Хартыяʼ97» мае таксама іншае памяшканне ў цэнтры Варшавы.

«Рэдакцыя парталу “Хартыяʼ97” заўжды знаходзілася і працавала менавіта ў гэтым памяшканні на Маршалкоўскай. Беларускі Дом просіць кіраўніцтва Фонду “Хартыя’97” вызваліць адзін пакой памерам 19.79 м.кв., які быў на працягу 5 гадоў бясплатна прадстаўлены для працы некалькіх супрацоўнікаў фонду Хартыя97 у Беларускім Доме ў Варшаве на Вейскай 13/3».

У адказ на артыкул, апублікаваны на сайце «Хартыі», кіраўніцтва «Беларускага дому» падкрэслівае, што не супрацоўнічае з беларускім КДБ «і іншымі спецслужбамі іншых дзяржаваў свету», а тое, што на сайце «Хартыі» назвалі ўльтыматумам, «Беларускі дом» называе просьбаю, якая звязаная з «пашырэннем статутнай дзейнасці арганізацыі». «Мы больш не можам прадстаўляць частку памяшкання БД на патрэбы фонду “Хартыяʼ97″», – гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі ад імя праўлення “Беларускага дому” Алесь Зарэмбюк і Уладзімір Кобец.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў