Наталка Бабіна: «Каб не гэта – я не стала б літаратарам…»


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI2NDAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzNjAlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGVl9QdldiTUtNN0ElMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]За апошнія некалькі гадоў шмат хто з творцаў Беларусі тым ці іншым чынам выказвалі сваё падтрыманне Украіне. Летась з’явілася і ініцыятыва ў шэрагах літаратараў, якую ачоліла мая сённяшняя госця – літаратарка, якая піша па-ўкраінску і па-беларуску, а пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў заснавала Таварыства ўкраінскай літаратуры, аўтарка дэтэктыву «Рыбін горад» і кнігі апавяданняў Наталка Бабіна.

Прапануем вашай увазе фрагменты гутаркі з Натлкаю Бабінай з праграмы «Зоры не спяць».

Давайце, можа, з гэтага і пачнем – з беларускага дэтэктыву. Адкуль у Вас з’явілася ідэя пасля кнігі апавяданняў стварыць менавіта дэтэктыў?

Ведаеце, гэта не была ідэя стварыць менавіта дэтэктыў. Я ўвогуле заўсёды бянтэжуся і не ведаю, што адказваць, калі ў мяне пытаюцца: «Чаму Вы пішаце»… Пра гэта немагчыма пытацца ў пісьменніка. Гэта неяк так адбываецца само па сабе, і мне вельмі падабаецца такая фармуліроўка, што не пісьменнік піша кнігу, а кніга піша пісьменніка. А цяпер нашыя чытачы такія, што, як мне здаецца, яны найбольш рэагуюць на нейкі закручаны сюжэт, на нейкія таямніцы, на нейкія тайныя хады, што адбываюцца ў тэксце.

Цяпер ці заўжды?

Можа, і заўжды… Можа, і заўжды.

Паводле Караткевіча хоць бы мяркуючы…

Так, так. Караткевіч стаў нашым усім, я так думаю, менавіта дзякуючы таму, што пісаў дэтэктывы, па вялікім рахунку. Ведаеце, свайго часу стварыў нацыю ўкраінцаў Шаўчэнка – ён не пісаў дэтэктываў, ён пісаў вершы ў народным стылі, і гэта адпавядала запытанню грамадства, запытанню часу. Караткевіч пісаў дэтэктывы – і гэта таксама адпавядала часу. Я думаю, што і цяпер тыя пісьменнікі, якія будуць пісаць захапляльныя рэчы, маюць больш шанцаў. Але я з пачатку не ставіла перад сабою такой задачы. Гэта адбылося неяк само па сабе.

Змест вызначаў «па дарозе» форму?

Ну, так. І змест сам па сабе «па дарозе» з’яўляўся. У мяне не было такога плану, каб я ведала, што тое, тое і тое будзе адбывацца. А потым адбыліся такія драматычныя падзеі, калі арыштавалі майго брата пасля выбараў 2006 года нібыта за нецэнзурную лаянку, і вось гэтае прыніжэнне, якое мы ўсе адчулі, гэты страх, гэтае бяссілле нешта змяніць… Такія рэчы, адмоўныя эмоцыі, яны даюць штуршок натхненню. І пасля гэтага кніжка ўжо напісалася вельмі хутка.

І зрабілася папулярнаю. Кніга «Рыбін горад» была перакладзеная на ангельскую і на польскую мовы, і я сама як шараговы чытач прыгадваю, што літаральна амаль не выпусціла яе з рук, пакуль не прачытала да канца. Бачу таксама, што асобнік, які Вы прынеслі сёння – гэта ўжо другое выданне, бо першае разышлося цалкам.

Так, кніжка вытрымала два выданні, але якім накладам? Першы наклад быў – тысяча асобнікаў, і другі – тысяча. І гэта бестселер? Магчыма, гэта добрая нагода, каб пагаварыць агулам пра стан беларускае літаратуры. На жаль, нам няма чым пахваліцца, літаратарам, якія пішуць па-беларуску. Кніжкі выдаюцца накладам 300 асобнікаў. Вось апошняя кніга Барыса Пятровіча «Пуціна» выйшла накладам якраз 300 асобнікаў – гэта што? А калі кніжка выходзіць накладам 2 тысячы і гэта ўжо лічыцца поспехам – то гэта што?

Ну, я так разумею, што гэта вынік таго, што аўтар выдае за ўласныя грошы ў недзяржаўных выдавецтвах…

Але ў дзяржаўных выдавецтвах, у той жа «Мастацкай літаратуры» тое ж самае – кнігі, якія выдаюцца, рэдка-рэдка перасягаюць мяжу тысяча ці 2 тысячы асобнікаў. І вось пытанне: чаму? Чаму людзі не купляюць кніг па-беларуску?

Але факт застаецца фактам – Вашай кнігі не купіць. І я яе, тым не менш, рэкамендую ўсім пашукаць і знайсці. Скажыце, як яе прынялі чытачы – якія звесткі да Вас даходзілі?

Ну, былі людзі, якія, як і Вы, праехалі свой прыпынак. Была студэнтка, якая напісала, што мусіла рыхтавацца да сесіі, але чытала ды не магла адарвацца, і я страшна перажывала, чытаючы ліст, вось зараз яна напіша, што не здала – але не, яна выцягнула шчаслівы білет, і ўсё абышлося.

У Польшчы кніжку прынялі таксама добра, была вельмі добрая прэса. Ва Украіне таксама была прэса някепская, але ясна, што Украіне цяпер не да таго, не да літаратуры. Хаця яны – нацыя, якая чытае. І да слова, калі можна… У Львове кожны верасень, што б ні адбывалася, праходзіць вялізная літаратурная імпрэза – Кніжны кірмаш. Я была ўражаная, як далёка яны апярэдзілі нас, беларусаў, у гэтым сэнсе. Як яны аператыўна перакладаюць на ўкраінскую мову ўсе навінкі, усе ўзнагароджаныя кнігі…

У нашым беларуска-ўкраінскім альманаху «Справа», дарэчы, чытачы могуць прачытаць фрагмент з апошняй кнігі Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» па-ўкраінску.

Паколькі гэтая «Справа» – альманах, які выдаецца Саюзам беларускіх пісьменнікаў, займае ўвесь вольны час Наталлі апошнія паўтара года – зараз мы звернемся да яго падрабязней. Але спачатку пытанне пра Украіну: каб быць нацыяй, што актыўна чытае, мала мець спрыяльную палітыку і дзяржаўную падтрымку. Трэба, каб было нешта яшчэ. Чым мы адрозніваемся ад іх?

Я пра гэта часта думала. І не магу зразумець, як так адбылося – украінцы захавалі сваю мову, і ганарацца ёю, а беларусы – масава ад мовы адмовіліся. Чаму так? Канечне, гэта пытанне адукацыі. Калі ты ходзіш у расейскамоўную школу, то нават калі ўдома ты гаворыш па-беларуску ці па-ўкраінску, то паступова ты будзеш ад гэтага адыходзіць.

Мала таго – расейская будзе атаясамлівацца з моваю культуры ды асветы…

Дакладна. А яшчэ, я часта думаю, што ва ўкраінцаў цягам усёй іхнай гісторыі ды ў прыватнасці Савецкага Саюзу было шмат людзей, шмат культурніцкіх дзеячаў, якія былі нонканфармістамі, ішлі наўпрост на канфлікт з дзяржаваю, каб захаваць нацыянальную годнасць. Я нядаўна для сябе адкрыла Васіля Стуса – вядомы ўкраінскі паэт, герой Украіны, якога два разы кідалі ў лагер, у 1972-м і ў 1980-м. У выніку ў лагеры ён і загінуў. Але ўсім сваім жыццём і ўва ўсёй сваёй творчасці ён даводзіў думку: калі не я, то хто? Хто пастаіць за зняважаны гонар майго народу? Хто будзе называць рэчы сваймі імёнамі? І там цэлая кагорта такіх людзей. А ў нас – іх можна пералічыць па пальцах. Ларыса Геніюш, яшчэ некалькі асобаў – і ўсё. Людзі, гатовыя пайсці на ўсё, да канца, нават на смерць – але застацца пэўным маральным аўтарытэтам. Можа быць, і ў гэтым прычына таго, што ўкраінцы свайго не адракліся. Захавалі свае карані, захавалі сваю сутнасць.

Якую яны цяпер мусяць абараняць і ў літаральным сэнсе. Альманах «Справа» паўстаў як сімвал падтрымкі ўкраінскага грамадства нашымі літаратарамі?

Гэта ініцыятыва Таварыства ўкраінскай літаратуры, якое я маю гонар узначальваць, пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Яно паўстала паўтары года таму, у красавіку 2014 года, як пэўны адказ на цяперашнюю сітуацыю ва Украіне. Бо мы шукалі адказу на пытанне – як дапамагчы творчым людзям Украіны? Можна збіраць рэчы, можна паехаць валанцёрам, а можна – вось так. Спачатку нас сабралася 15 чалавек, цяпер – больш за сотню актыўных. І нас яднае думка, што мы вельмі мала ведаем пра ўкраінскую культуру, пры абсалютным засіллі расейскае культуры. …Тэксты ў альманаху па-ўкраінску і па-беларуску, і яшчэ мы друкуем тэксты на ўкраінскіх гаворках Берасцейшчыны ды плануем друкаваць тэксты на беларускіх гаворках Чарнігаўшчыны. Ёсць, аказваецца, шмат людзей, якія жывуць ва Украіне, але пішуць па-беларуску, ці жывуць у Беларусі, а пішуць па-ўкраінску.

Як выглядае рэдакцыйная палітыка? Аўтары – беларусы, якія пішуць пра Украіну? Ці гэта проста нашыя літаратары, якіх вы як рэдактары хочаце прэзентаваць украінскаму грамадству?

Па-рознаму. Напрыклад, мы надрукавалі твор вядомай украінскай пісьменніцы Аксаны Забужка, якую, напэўна, мала хто ведае ў Беларусі – а гэта сусветна вядомая пісьменніца. Такога твору я ў нашай літаратуры не ведаю. Я б сказала, што гэта народная легенда, пераказаная феміністкаю.

А ці не цяжка беларусам чытаць па-ўкраінску? Можа, варта было б рабіць два выданні, на дзвюх мовах?

Мы друкуем асноўныя правілы прачытання, а лексіка ў нас вельмі падобная, супольнага ў ёй – 86 %. Дастаткова зрабіць над сабою невялікі высілак.

Як вы распаўсюджваеце сваю «Справу»?

Праз рэдакцыю, праз Саюз беларускіх пісьменнікаў, ёсць у некаторых кнігарнях, а таксама мы часта сустракаемся з чытачамі і ў Беларусі, і ва Украіне.

Думаю, не выпадкова менавіта Вы ачолілі Таварыства ўкраінскае літаратуры – вядома, што Вы пішаце і гаворыце па-ўкраінску.

Так, я паходжу з поўдня Берасцейшчыны, і там – трэба гэта разумець і спакойна да гэтага ставіцца – ёсць вялікія тэрыторыі, гэта Берасцейскі раён, Кобрынскі, Камянецкі, Жабінкаўскі, Маларыцкі, дзе ўсё карэннае насельніцтва гаворыць украінскаю моваю, вельмі блізкаю моваю. Як я гэта зразумела? Я да 18 гадоў не ведала, што гавару ўкраінскаю моваю. І толькі калі я выпадкова адкрыла «Кабзара» Шаўчэнкі – зразумела, што гэтыя геніяльныя радкі «За що ж ти караєш її, молоду?» напісаныя на той мове, якою гавару я і мае аднавяскоўцы. Гэта быў такі магутны штуршок у плечы, які даў мне паскарэнне на ўсё жыццё. Калі б я гэтага не зразумела тады – я б не стала беларускаю пісьменніцаю, не аддавала б дзяцей у беларускія школы і не разумела б каштоўнасці беларускай ідэі.

Гучыць даволі парадаксальна.

Разумееце, Берасцейшчына была далучаная да Беларусі ў 1939 годзе. І адразу пасля далучэння рабіліся ўсе захады, каб адрэзаць яе ад украінскасці. Я ведаю людзей, якіх высылалі ў Сібір за тое, што яны хацелі запісаць сябе як украінцаў. І Савецкаму Саюзу ўдалося адрэзаць Берасцейшчыну ад укранскасці, але далучыць да беларускасці не ўдалося. …І культурныя эліты вельмі доўга не хацелі лічыцца з гэтым фактам.

А які Вы бачыце рэцэпт?

А рэцэпт вельмі просты: да людзей трэба звяртацца. Трэба нагадваць ім, хто яны такія, адкуль паходзяць, што за імі стаць вялікая культура, і гэта не імперская культура. Мой аптымізм вынікае з таго, што калі мы прыязджаем на Берасцейшчыну, паказваем нашых альманах, размаўляем з людзьмі – я бачу іхную рэакцыю: яна добрая, людзі пачынаюць пасміхацца, у іх пачынаюць гарэць вочы.

Вы звяртаецеся да іх па-ўкраінску?

Так, я звяртаюся да іх на іхнай мове. І калі яны бачаць, што гэтая мова такая ж паўнавартасная, як усе іншыя мовы, то адбываецца – як Вы сказалі? – выбух свядомасці для іх.

А каб вы звярталіся да іх па-беларуску, што было б?

Ну, трэба разумець, што такога водгуку не было б. Хай на мяне ніхто не крыўдуе, але хачу сказаць, што там, дзе для людзей родная мова – беларуская, там трэба звяртацца да іх па-беларуску, і я так заўсёды і раблю, тут, у цэнтральнай Беларусі. Але калі я бываю ўдома, на Берасцейшчыне, то намагаюся гаварыць з людзьмі моваю, якая родная для мяне і для іх. …Я хачу нагадаць маім землякам пра тое, хто яны ёсць.

А хто яны ёсць?

Украінскамоўныя грамадзяне Беларусі.

Далей у праграме:

Беларусь як мультыкультурная краіна
Дзе літаратарка Наталка Бабіна знаходзіць час на творчасць, «Справу» і траіх дзетак
І каму яна ўдзячная найбольш

Гутарыла Вольга Гардзейчык, «Зоры не спяць»

Стужка навінаў