НАТА мяркуе, што расейскія войскі нясуць небяспеку для Беларусі

video

Сустрэча з прадстаўнікамі расейскага абароннага ведамства была плённай і карыснай, але даверу няма – заявіў па выніках паседжання савету НАТО-Расея генеральны сакратар паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг. І справа не толькі ў анексіі Крыму, падтрымцы прарасейскіх баевікоў на Данбасе і ў дзеяннях Крамля ў Сірыі.

НАТО асцерагаецца расейска-беларускіх вучэнняў Захад-2017

«Мяркуючы па вопыце папярэдніх вучэнняў, у нас ёсць усе падставы меркаваць, што будзе задзейнічана значна больш вайскоўцаў, чым афіцыйна заяўляецца. Таму мы заклікаем Расею прытрымлівацца Венскага дакументу і дапусціць правядзенне інспекцыяў у мэтах празрыстасці і назіранні за вучэннямі», – заявіў Енс Столтэнберг.

У беларускай частцы вучэнняў будуць удзельнічаць каля 3000 расейскіх вайскоўцаў. Каб перавезці, а затым вярнуць іх разам з тэхнікай, спатрэбіцца больш за 4000 транспартных вагонаў. Гэта менш, чым падчас самых маштабных сумесных вучэнняў 2009-га года, калі ў манеўрах прымалі ўдзел больш за 10 000 салдат, але ў 2009-м годзе не было вайны на Данбасе, а Масква не анексавала частку суседняй дзяржавы.

Наколькі рэальная небяспека вучэнняў для Беларусі?

Большасць прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў упэўненыя, што пагроза таго, што расейскія войскі не вернуцца дадому пасля заканчэння вучэнняў рэальная. Такую верагоднасць падкрэслівалі абаронныя ведамствы Украіны і краінаў Балтыі. Гэты сцэнар не патрэбны не толькі ім, але і самому Менску.

Апасенні ж краінаў НАТО цалкам зразумелыя, улічваючы дзеянні Расеі апошніх гадоў, кажа эксперт. Бо на папярэдніх вучэннях, першапачатковы іх размах і на самай справе быў у выніку перавышаны.

Пры гэтым магчымасць акупацыі, ці нават таго, што расейцы «затрымаюцца» ў Беларусі – вельмі малая. Нягледзячы на гэта, апытаныя намі Менчукі выказаліся пераважна супраць вучэнняў Захад-2017.

Вось толькі меркаванне беларускіх грамадзянаў па гэтым пытанні арганізатараў гэтых вучэнняў, відавочна, не хвалюе.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vitaly Timkiv / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары