Наступ на недзяржаўныя газеты. Міністэрства інфармацыі штампуе папярэджанні незалежным выданням


Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні адразу шэрагу незалежных рэгіянальных выданняў. Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамляе, што ва ўсіх выпадках папярэджанні тычацца дробных прыдзірак у выходных дадзеных. Рэдактары збіраюцца звяртацца ў суд.

Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні аб парушэнні закона «Аб СМІ» як мінімум тром рэдакцыям рэгіянальных выданняў: «Газеце Слонімскай», «Intex-Press» у Баранавічах і «Ганцавіцкаму часу».

У прыватнасці, «Газету Слонімскую» звінавачваюць у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў пазначаны наклад газеты. Разам з тым, як бачна з выкладзеных на сайце PDF-версій газеты, наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ.

Рэдакцыю газеты «Intex-Press» у Баранавічах вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь» у выходных дадзеных выдання.

– Досыць было б званку з Міністэрства інфармацыі, каб мы выправілі гэтае скарачэнне, калі яно насамрэч не адпавядае заканадаўству. Але Мінінфармацыі вырашыла вынесці менавіта афіцыйнае папярэджанне. Відавочна, што гэта дэманстрацыя сілы: глядзіце, мы трымаем вас усіх на кручку», – пракаментавалі прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» сітуацыю ў рэдакцыі «Intex-Press».

Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі мае і да рэгіянальнай газеты «Ганцавіцкі час».

– Па-першае, нідзе ў законе «Аб СМІ» не напісана, што ў друку нельга ўжываць скарачэнняў. Таму, безумоўна мы будзем абскарджваць дадзенае папярэджанне. А па-другое, абсалютная большасць дзяржаўных рэгіянальных выданняў або выкарыстоўваюць такія ж самыя скарачэнні, або наогул не пазначаюць «Рэспубліка Беларусь» у выходных дадзеных, – заявіў прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі.

Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд. ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць чарговы раз патрапіць пад пераслед уладаў.

МЛ, паводле baj.by

Стужка навінаў