Настаўніцу-фальшываманетніцу з Рэчыцкага раёну асудзілі на 5 з паловай гадоў турмы


Настаўніца малодшых класаў з 20-гадовым стажам займалася крадзяжом, вырабам, захоўваннем і збытам падробленых грошай. 

На злачынства сяльчанка пайшла праз фінансавыя цяжкасці: за некалькі гадоў яна набрала ў банках крэдыты, якія не змагла аплочваць.

Зламысніцу злавілі пасля таго, як яна расплацілася ў мясцовай краме падробленай купюрай. Ліпавымі грашыма жанчына разлічвалася не толькі ў краме, але і на пошце. Акрамя таго яна крала ў састарэлага бацькі. Каб стары не заўважыў прапажу, скрадзеныя купюры дачка замяняла фальшыўкамі.

У хаце яна арганізавала друкарню. Падчас ператрусу ў жанчыны канфіскавалі кампутарную тэхніку, каляровы прынтар, падробленыя банкноты наміналам па Br 50 тыс., Br 100 тыс., Br 200 тыс., $ 100, а таксама лісты з каляровымі і чорна-белымі малюнкамі банкнот. Падробкі былі нізкай якасці, адзначаюць праваахоўнікі. Грошы вырабляліся на звычайным каляровым прынтары шляхам кропельна-струменнага друку.

За фальшываманецтва жанчына 5 з паловай гадоў правядзе ў калоніі агульнага рэжыму. Ейную маёмасць канфіскуюць.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў