Наста Лойка пра калегаў, чачэнскіх уцекачоў, страх і КДБ. Вялікае інтэрв'ю


Словазлучэнне «вядомая праваабаронца» не гучыць, але пра Настассю Лойку можна было б так сказаць. У Беларусі яе ведае кожны, хто патрапіў пад рэпрэсіі дзяржавы і звярнуўся па дапамогу ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Мы сустрэліся ў офісе «Вясны» – звычайнай менскай трохпакаёўцы, каб пагутарыць пра незвычайныя рэчы. Суды, вобшукі, допыты, «маскі-шоу». Прайшоўшы праз усё за гэта за восем гадоў, Наста Лойка вырашыла пакінуць працу ў «Вясне», але сваю місію па-ранейшаму бачыць у тым, каб «зрабіць улады больш гуманнымі».

Як усё пачыналася

-Чаму восем гадоў таму ты вырашыла прыйсці ў сферу абароны правоў чалавека? З чаго ўсё пачалося для цябе?

– Насамрэч, я пачала больш за дзевяць гадоў таму – да «Вясны» я працавала ў Камітэце абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць». Праваабарончая дзейнасць для мяне была адзінай сферай, дзе я бачыла магчымасць якасна прыкласці сваю юрыдычную адукацыю, хаця ў самой юрыспрудэнцыі ў Беларусі была ўжо глыбока расчараваная.

У 19 гадоў я дакладна ведала, што мне важна вырашаць грамадскія праблемы, ну і хацела, каб на працу можна было ў кедах хадзіць. І тады мне вельмі пашанцавала пазнаёміцца з праваабаронцай Энірай Браніцкай, яна працавала ў «Салідарнасці» і запрасіла мяне. Аднак пасля сыходу Эніры ў дэкрэт мне было дыскамфортна працягваць, я звольнілася і думала, чым бы далей заняцца. Быў варыянт паспрабаваць сабе ў фотакарэспандэнцыі, але Валянцін Стэфановіч паклікаў у «Вясну». З 1 сакавіка 2010 года я пачала працаваць у грамадскай прыёмнай «Вясны».

Ну а пасля кароткай лібералізацыі наступіла Плошча і зіма 2011-га з масавымі рэпрэсіямі… Як выглядала тады твая праца?

– Колькі слёз пабачыла гэтая кватэра! Ведаеш, сваякі некаторых арыштаваных за Плошчу, часта далёкія ад палітыкі, спачатку верылі, што іх сын – злачынца. Мая справа была тлумачыць, што не, ён пакараны несправядліва, вінаватая дзяржава, а не ён. Мабыць, такія моманты пакінулі найбольш яскравае ўражанне.

– А хто з калегаў ці сяброў моцна паўплываў на цябе як на асобу і праваабаронцу?

Эніра Браніцкая і Валянцін Стэфановіч шмат чаму мяне навучылі. Магу назваць імя расейскага праваабаронцы Андрэя Юрава. Вельмі люблю замежных калегаў – Машу Шышчанкову з Front Line Defenders, Сашу Кулаева з FIDH, ну і мае беларускія калегі шмат у чым на мяне ўплывалі. Не магу не адзначыць Алеся Бяляцкага, якому я асабліва ўдзячная за падтрымку Валанцёрскай службы «Вясны». Паўла Сапелку і Ўладзя Лабковіча лічу вельмі крутымі юрыстамі. Яшчэ падчас працы ў «Вясне» мне падабалася супрацоўнічаць са смелымі адвакатамі, а калі іх рэпрэсавалі за кантакты з намі – вельмі перажывала і адчувала персанальную віну.

«Страшна асабліва не было»

Наста Лойка, Алесь Бяляцкі і вяланцёры “Вясны”. Фота “Валантэрскай службы “Вясна”

– Ты кажаш пра адчуванне віны, а што наконт страху? Ці рабілася табе ў нейкіх сітуацыях проста страшна за сябе? Які перыяд выдаўся найцяжэйшым?

– Страшна асабліва не было. У нейкі момант проста прызвычайваешся да таго, што ты пад кантролем і на праслухоўцы, у любы момант могуць завесці крымінальную справу за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» («Вясну» пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі яшчэ ў 2003 годзе, – К.А). Цяжка прызвычаіцца, што ты мала на якія падзеі ўплываеш, хаця я і адчувала сваю місію ў тым, каб зрабіць улады больш гуманнымі да людзей. Для мяне гэта не супрацьстаянне, а спроба ім дапамагчы выконваць свае міжнародныя абавязкі. І мне шкада, што яны не заўжды гатовыя слухаць.

Самы складаны час быў пасля Плошчы. Пачаліся «крыміналкі», вобшук у мяне дома і допыт у КДБ, вобшук у офісе, арышт Бяляцкага.

Што датычыцца допытаў і турмы, то на мяне цяжка націснуць, я не маю такіх кропак, на якія сілавікі маглі б уздзейнічаць. Напрыклад, як у маладафронтаўцаў: Наста Дашкевіч спадзявалася, што дапаможа Змітру Дашкевічу, калі фармальна пагодзіцца на супрацу з органамі. Са мной гэта было б бессэнсоўна.

– Дарэчы, пра супрацу. Незалежная праваабарончая арганізацыя ў Беларусі – спрыяльная глеба для інфільтрацыі агентаў КДБ. Вось прыходзіць да вас валанцёр, як выявіць, што ён не будзе пасля «зліваць» інфармацыю ў органы?

– Я ведаю, што ў КДБ ёсць цэлы аддзел, які займаецца праваабаронцамі. Мы ставімся да такой сітуацыі спакойна, без залішняй параноі. У офісе «Вясны», вельмі імаверна, стаіць праслухоўка, яе мог пакінуць хто заўгодна з выпадковых наведнікаў. Застрахавацца цалкам немагчыма.

Валанцёры ПЦ “Вясна” 25 сакавіка 2017 года. Здымак зроблены за гадзіну да ўварвання сілавікоў у офіс “Вясны”. Фота Ірыны Арахоўскай
Затрыманні валанцёраў 25 сакавіка 2017 года ў офісе “Вясны”. Наста Лойка стаіць ля сцяны. Фота Ірыны Арахоўскай

– Скажы, як у цябе складаліся стасункі ўнутры «Вясны»? Што магло стаць нагодай для дыскусіі ці нават спрэчкі?

– Ты маеш на ўвазе прычыну звальнення? Першасная прычына майго сыходу – стомленасць. Восем гадоў ты працуеш з праблемамі, якія глабальна не вырашаюцца. Мець справу толькі з наступствамі парушэнняў правоў чалавека складана, ну праўда. Вызваленне палітвязняў першапачаткова цешыць, але потым саджаюць новых і кола замыкаецца.

«Вясна» – структура шмат у чым іерархічная, новая ініцыятыва не заўсёды ўспрымаецца. Гэтак сталася з маім жаданнем дапамагаць замежнікам, якіх пераследуюць у Беларусі і высылаюць на радзіму. У першую чаргу, гаворка пра чачэнцаў. У 2016 годзе мы з паплечнікамі на ўласным энтузіязме заснавалі ініцыятыву Human Constanta. Праца там займала час, гэта не падабалася калегам з «Вясны».

Берасце, раздача валанцёрамі гуманітарнай дапамогі ўцекачам з Чачэніі. Фота Ірыны Арахоўскай

Ну і трошкі адрозніваецца падыход да працы і да разумення правоў чалавека калегаў старэйшага пакалення і «маладняка». Шмат маладых людзей загараюцца рознымі аспектамі абароны правоў чалавека, але не могуць сябе рэалізаваць у арганізацыях, якія не бачаць сэнсу ў пашырэнні сваёй дзейнасці. Таксама для большасці праваабаронцаў старэйшага пакалення прабеларускія каштоўнасці (мова, сімволіка) важнейшыя за роўнасць, свабоду і чалавечую годнасць.

– А што стаіць на першым месцы для цябе?

– Прызнанне і абарона правоў чалавека незалежна ад палітычных поглядаў, арыентацыі, сацыяльнай групы. Мая пазіцыя – чыста праваабарончая. Хаця і тут узнікаюць неадназначныя сітуацыі. Напрыклад, па міжнародных стандартах абарона не павінна распаўсюджвацца на тых, хто за ідэалогію бярэ нянавісць, заклікае да гвалту ці генацыду, як неанацысты.

Калі чалавек выйдзе з плакатам «Смерць жыдам», сілавікі могуць спыніць яго. Канешне, ужываць фізічны гвалт міліцыянт не павінен нават у такім выпадку, і я гэта асуджаю ўсё адно. Але важна разумець, права на сход – не абсалютнае, калі яно сапраўды пагражае бяспецы і свабодам іншых асобаў, яно можа быць абмежаванае.

«Міліцыя застаецца карным органам»

– Што кажуць праваабаронцы, калі ўдзельнікі акцыі пачынаюць заступацца за іншых, адбіваць ад міліцыі, як гэта зрабіў Святаслаў Барановіч летась 15 сакавіка?

– З Барановічам атрымалася наступная гісторыя. Паміж сілавікамі, відаць, не было добрай камунікацыі і адзін з супрацоўнікаў паспеў забегчы ў тралейбус і пачаць затрымліваць людзей у той час, калі астатнія міліцыянты атрымалі загад не заходзіць у транспарт. Той міліцыянт апынуўся заблакаваны ў тралейбусе і ягоны калега пачаў яго выцягваць адтуль. Паколькі ўсе яны былі ў цывільным, то Барановіч убачыў: нейкі чалавек цягне за куртку іншага. Падумаўшы, што «вінцяць» удзельніка мірнай акцыі, Барановіч ударыў таго, які цягнуў. Думаю, гэта сапраўды быў машынальны жэст.

Улічваючы, што міліцыянт не пацярпеў, па медычную дапамогу не звяртаўся, пакаранне для Барановіча – празмерна жорсткае, а дзеянні міліцыі былі непрапарцыйныя ў той сітуацыі. Святаслаў падаў апеляцыйную скаргу на прысуд і я лічу, нагода для пераразгляду справы ёсць.

– Ведаю, што «Вясна» не прызнала яго палітвязнем. Ці не варта ў Беларусі пашырыць крытэр, паводле якога зняволеных прызнаюць палітычнымі?

– Усё варта часам крытычна пераглядаць, але пакуль што мне не зусім зразумела, як гэта магчыма. Калі я хачу дапамагаць Іллі Валавіку ці Станіславу Барановічу – я буду гэта рабіць і без статуса «палітвязняў», а проста таму, што яны сталі ахвярамі несправядлівасці.

– Мне асабіста прысуд Барановічу падаецца вельмі несправядлівым. Нават, калі ён і штурхнуў, той сілавік быў у цывільным, без апазнавальных знакаў…

– Сілавікі працуюць у цывільным, бо ў заканадаўстве не акрэслена, як павінен выглядаць супрацоўнік і ў розных сітуацыях кіраўніцтва дае розныя ўнутраныя інструкцыі. Відавочна, сёння яны злоўжываюць гэтай магчымасцю і дзейнічаюць абсалютна неадэкватна і беспакарана. Міліцыя не імкнецца быць бліжэй да людзей, застаючыся карным органам. Незалежныя апытанні пацвярджаюць негатыўнае стаўленне грамадзянаў. І калі ў апытанцы НІСЭПі 15% беларусаў давяраюць міліцыі, то ў афіцыйных справаздачах лічбы значна завышаюць. Калі пайсці запытаць на вуліцах, пачуеш праўдзівы адказ, бо шмат хто ў Беларусі сутыкаўся з бязмежжам.

Настасся Лойка. Фота Ірына Арахоўская / Белсат

– А калі ты апошнім разам была сведкай такога бязмежжа?

– Падчас майго затрымання 25 сакавіка я ўбачыла, наколькі непрафесійна працуюць міліцыянты. Яны не могуць правільна аформіць дакументы, сфармуляваць свае дзеянні. Ну што гэта за ўзровень падрыхтоўкі – правесці дагляд і вопіс рэчаў, каб тут жа неўзабаве іх аддаць? Было адчуванне, што яны дзейнічалі без каардынацыі. Мне падаецца, пры іхным дастаткова вялікім заробку, гэтак выконваць працу – поўнае дармаедства.

Пра «людзей Кадырава» у Беларусі

– Паўтары гады таму Human Constanta узялася дапамагаць уцекачам з Каўказу, якія праз Берасце спрабуюць выехаць у Польшчу. Памятаю, калі пісалі рэпартаж пра гэтыя чачэнскія сем’і, шмат хто казаў пра «кадыраўцаў у Берасці», якія нібыта сочаць за ўцекачамі. Гэта праўда?

– Да нас таксама трапляла такая інфармацыя. Я думаю, гэта праўда, і людзі Кадырава сапраўды назіраюць за ўцекачамі. Але карт-бланшу на сілавыя дзеянні яны не маюць. Імаверна, існуе дамоўленасць паміж беларускай уладай і Кадыравым, каб тыя толькі сачылі. Няёмкае адчуванне, калі ў Беларусі дзейнічаюць спецслужбы іншай дзяржавы. Аднаго з уцекачоў, спартоўца Мурада Амрыева, беларусы самі вывезлі на мяжу і перадалі ў рукі чачэнскім сілавікам. Яны такім чынам працуюць па дамоўленасці.

– Ці сітуацыя з выкраданнем украінца Паўла Грыба ў Гомлі…

Думаю, там КДБ яго забрала ўсё ж, давезла да расейскай мяжы і перадала ФСБ. У любым выпадку, гэта не працэсуальны і незаконны акт. У Human Constanta мы дамагаемся, каб замежнікаў і асобаў без грамадзянства, у тым ліку прэтэндэнтаў на статус уцекача не высылалі з краіны. Высылка – найгоршы варыянт, бо за два дні чалавека могуць проста адправіць на радзіму, дзе яго чакае смерць або турма. А тым больш мы асуджаем такія выкраданні.

«Хацела б працаваць у Афрыцы»

– Якія праекты ты рыхтуеш на новым месцы працы, у Human Constanta?

– У межах Human Constanta у мяне вельмі шмат планаў. У першую чаргу, далучуся да працэсу, які ўжо ідзе: у нас ёсць юрыдычная прыёмныя ў Менску і Берасці, буду дапамагаць там. Таксама збіраюся весці семінары па правах чалавека. Яшчэ мяне цікавяць тэмы мовы варожасці, злачынстваў на глебе нянавісці, пераслед за «экстрэмізм».

Фота “Валантэрскай службы “Вясна”

– Наста, а той, хто працуе самааддана, напэўна, марыць пра нейкае прызнанне? Ты яго атрымліваеш?

– За мінулы год мяне намінавалі на дзве прэстыжныя беларускія прэміі – як праваабаронцу года (прэмія праваабарончых арганізацыяў) і як лідарку грамадзянскай супольнасці. І хоць прэміі дасталіся не мне, сам факт намінацыяў для мяне быў нечаканым прызнаннем. На жаль, унутры «Вясны» я не адчувала такой падтрымкі і ацэнкі сваёй працы, а ад ролі «цяглавога каня» трошкі стамляешся. Можа, я і сама вінаватая, што зашмат «балела» і зашмат на сябе брала.

– Ты хацела б заўсёды працаваць у Беларусі?

– Пакуль што я разглядаю Беларусь як асноўную пляцоўку для праваабарончай дзейнасці. Але ў будучыні мне было б цікава далучыцца да працы ў краінах Афрыкі. Адна з вельмі вострых праблемаў там – гвалт над жанчынамі. Я хачу аказваць ім прававую дамапагу. І я ведаю, што магу быць карыснай і ў самых аддаленых ад Беларусі кутках свету.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў