Наста Дашкевіч пра аборты: Ты не маеш права забіраць гэтае жыццё


Калі чалавек вырашае, што дзіця яму непатрэбнае, то ён можа пакінуць яго дзяржаве, адзначыла ў інтэрвʼю «Белсату» грамадская актывістка Наста Дашкевіч.

«Я прыхільніца ідэі, што дзяцей трэба нараджаць. Калі ёсць такое жаданне, то дзяцей можна пакідаць у Доме малюткі. Ты не маеш права забіраць гэтае жыццё – ты пакідаеш дзіця дзяржаве, калі ты вырашыў, што яно табе непатрэбнае. Гэта дае магчымасць адкруціць назад. Калі жанчына перадумала, калі ейная жыццёвая праблема вырашылася, калі яе пакінуў партнёр, які не хацеў дзіцяці, калі ў яе змены ў працы і яна разумее, што яна здольная выхаваць гэтае дзіця, у яе ёсць крок назад – яна можа пайсці і ўсынавіць сваё дзіця», – падкрэсліла спадарыня Дашкевіч.

Каб тэма спаронаў сталася толькі самай крайнім захадам – патрэбная вялікая асветніцкая і адукацыйная праца, пачынаючы са школаў, мяркуе актывістка.

«Таксама мусяць быць агромністыя змены ў сацыяльнай палітыцы. Дзіця – гэта не цяжар для жанчыны, гэта радасць для мамы і таты, гэта паўнавартасныя абавязкі мамы і таты. Гэта значыць, што мусіць быць дэкрэтны адпачынак не толькі для маці, але і для таты. Калі я хачу далей займацца прафесійнай дзейнасцю, то я мушу мець магчымасць аддаць сваё дзіця ў год у адпаведны садок, дзе ёсць 5-7 дзетак, 2 выхавальніцы. Безумоўна, патрэбная фінансавая падтрымка. Калі б мой муж меў заробак у 2-3 разы вышэйшы за сярэдні па краіне, то я б была гатовая адмовіцца ад дзяржаўных грошай, якія ідуць мне, каб яны былі накіраваныя таму, каму яны больш патрэбныя», – заўважыла Наста Дашкевіч.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў