Наста Дашкевіч: Магчыма, гэб’ё раззлавалася на нас, што мы абсмейвалі іхную спецаперацыю


Наста Дашкевіч у Курапатах

Жонка палітычнага актывіста Змітра Дашкевіча распавяла, як КДБ прымушаў яе падпісаць паперу аб супрацы.

Пра дэталі сваіх кантактаў з прадстаўнікамі КДБ Наста Дашкевіч напісала ў сваім «Фэйсбуку», падаем тэкст ніжэй:

«У лютым 2011-га камітэтчыкі выклікалі на асобныя допыты мяне і Міколу Дземідзенку. Міколу сказалі: пішы – выйдзе Наста. Мне: пішы – і выйдзе Дашкевіч (то бок гэта было нават недатычна майго выхаду з СІЗА КДБ).

Мы, як тыя, хто разумее, як дзейнічае ЧК, адразу па маім вызваленні з Амерыканкі паставілі адзін аднога ў вядомасць. Далей абмеркавалі гэтую сітуацыю на Ўправах МФ, дамовіліся адразу паведамляць усім пра любым рухі гэбэ. Але рухаў ніякіх і не было. Нам не давалі заданняў, ад нас не патрабавалі інфармацыі.

Нас, пад падпіскай аб неразгалошванні, цягалі на допыты і размовы, сутнасць якіх мы тут жа распавядалі адзін адному. Мажліва, трэба было праводзіць прэсухі і пра высілкі КДБэшнікаў распавядаць, але сутнасць у тым, што і распавядаць-та не было і няма пра што. Мы ўвялі ў курс, тых, каго гэта раптам магло бы быць датычным. А далей проста гагаталі ад спробаў канспіратыўнасці гэбэшнікаў.

Маю крымінальную справу за «Плошчу-2010» чыталі дзясяткі людзей і ў судзе чулі сотні – я не сказала ніводнага слова, якое магло б камусьці нашкодзіць.

Калі КДБэшнікам патрэбны былі допыты і быццам бы таемныя сустрэчы толькі каб зразумець, якія мы, што намі кіруе і як бачым Беларусь – яны гэта атрымалі. Калі ім трэба было гэта, каб пісаць наверх справаздачы – яны зарабілі зорачкі. Сам факт размоваў ніяк не ўплываў і не стрымліваў нас ні ад выказванняў за ўвядзенне санкцый, ні ад несанкцыянаванай вулічнай барацьбы.

Потым кожны атрымаў свае тэрміны: я – умоўны, Зміцер – канкрэтны. Рушыла звычайнае жыццё змагара: арышты, спецпрыёмнікі, безліч этапаў і зонаў, якія прыйшлося аб’ездзіць за тры гады. Нічога болей ніколі не нагадвала пра тую сітуацыю.

Магчыма, гэб’ё і раззлавалася на нас за тое, што мы іх спецаперацыю публічна абсмейвалі. Бо за тым пайшоў перыяд, калі Мікола не вылазіў з 15/25-суткавых арыштаў, у Змітра пачалося ў зонах сапраўднае пекла і я паехала ўслед за ім па дрыбінскіх ізалятарах.

Канечне, калі зараз паглядзець на ўсё з вышыні пройдзеных год і атрыманага досведу, я разумею, што мне ліслівілі, гаворачы, што ад цябе нешта там залежыць.

Безумоўна, ад нас нічога не залежала. Ад Міколы не залежала, калі выйду я, а ад мяне, калі выйдзе Зміцер. Але тады мне хацелася верыць, што я раблю хоць нешта для таго, каб дапамагчы Змітру.

Кажуць, што клопатам за бліжніх можна апраўдаць любое злачынства. Дык каб расставіць усе кропкі над і. Калі мне паставілі выбар агаварыць кагосьці, даць на кагосьці паказанні, зрабіць камусьці благое ўзамен на вызваленне Змітра – я б не змагла на такое пайсці. І Мікола не мог бы. Мы рызыкавалі толькі сваёй рэпутацыяй. І маглі падставіць толькі саміх сябе. Больш нікога».

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў