«Нашу цішотку з надпісам «Я – не гей». Гісторыя гарадзенца, які кінуў будоўлю і стаў майстрам па педыкюры


28-гадовы Максім Пальчыкаў кінуў будаўнічыя спецыяльнасці і цяпер працуе ў найлепшым гарадзенскім салоне прыгажосці. Пры гэтым носіць адмысловую цішотку, «каб не ўзнікала непатрэбных пытанняў».

Часцяком стэрэатыпы дыктуюць нам спосаб на тое, як жыць, яны глыбока закадаваныя грамадствам у нашых галовах. Гэтыя стэрэатыпы несупынна нараджаюць нетактоўныя пытанні кшталту «Чаму ты яшчэ не замужам?», «Чаму ты не скончыў адукацыю?», «Чаму вы не маеце яшчэ дзяцей?» або «Ты працуеш у салоне прыгажосці? Ты што, гей?».

Максім Пальчыкаў займаецца педыкюрам амаль год. Да гэтага прайшоў вялікі шлях сапраўдных «мужчынскіх» работ. Пасля школы паўгода працаваў цясляром-станочнікам, пазней паклікалі ў войска. Пасля службы далучыўся да свайго бацькі і працаваў зваршчыкам. Потым крыху сантэхнікам і ў рэшце заняўся вентыляцыяй.

«Вентыляцыяй мне таксама падабалася займацца. Працаваў на будоўлях, але апошняй кропляй стала тое, што я быў вымушаны рабіць не сваю працу. Я спецыяліст па кандыцыянерам, а ў выніку трэба было зямлю капаць, кабелі цягаць. Пасля звольніўся. Пайшоў на курс манікюру, таму што без манікюру педыкюру не вучаць. Самае галоўнае, што мне падабаецца. Няма такога, як на будоўлі, што нехта напружвае. Дзе лічаць цябе, груба кажучы, за сабаку», – распавядае Максім.

Ідэю «падкінула» жонка Максіма

Максім Пальчыкаў – адзіны майстар-мужчына ў Горадні, які займаецца педыкюрам

Звольніўшыся з будоўлі, некаторы час Максім не мог знайсці працу. Моцную падтрымлівала жонка, якая сама працуе цырульніцай у адным з салонаў прыгажосці ў Горадні.

«Гэта было увечары, пасля чарговага працоўнага дня. Калі я стомленая закінула ножкі на каленкі мужу і сказала: «Зайчык, рабі, калі ласка, тое, што ты добра ўмееш». Проста, ён сапраўды вельмі добра робіць масаж. Тады я падумала, ці не запрапанаваць яму стаць майстрам па педыкюры? Напачатку не ведала, як ён адрэагуе. Аднак, калі сказала, Максім падтрымаў маю ідэю і мы пачалі гэта развіваць. І вось зараз ён пілуе пятачкі», – распавядае Аляксандра, жонка Максіма.

Уплыў аказала таксама размова Аляксандры са стваральніцай салона прыгажосці «MakeUpLab» Кацярынай Казакевіч, якая абдумвала, чым такім можна было б узбагаціць салон, чаго б не было ў іншых. Так і атрымалася. Цяпер муж Аляксандры – адзіны мужчына – майстар па педыкюры ў Горадні.

«Па позірках я зразумеў, што нешта не так»

«Калі я прыйшоў на курсы, па позірках дзяўчат, якія там былі, я зразумеў, што нешта не так. У нас прынята лічыць, што, калі мужчына працуе ў сферы прыгажосці, то ён нетрадыцыйнай арыентацыі, так скажам. Але не я. Пажартаваў, што зраблю цішотку, каб не ўзнікала непатрэбных пытанняў. Цяпер гэта мая працоўная вопратка. Мне нават прапанавалі запатэнтаваць», – тлумачыць наваспечаны майстра па педыкюры.

Як распавядае Максім, першапачаткова яму крыху бракавала веры ў сябе. Пасля, як пачаў практыкавацца, хлопец зразумеў, што ўсё рэальна.

«Што самае цяжкае для мяне? Пяткі. Ёсць расколіны, якія краваточаць, іх трэба асцярожна апрацоўваць. Ёсць яшчэ праблемы з пазногцямі. Калі яны становяцца цёмнымі. З імі трэба доўга працаваць, часам проста спілоўваеш палову пазногця і робіцца мадэляванне. Нічога непрыемнага тут няма. Хутка я паеду вучыцца да розных майстроў, каб лепш спазнаць медычны бок. Хачу навучыцца працаваць з грыбкамі. Я не лекар, але трэба быць падрыхтаваным да ўсяго і ведаць, як з гэтым змагацца. Нешта параіць чалавеку. Карацей вучыўся і вучуся далей», – тлумачыць малады майстар, які хутка збіраецца наведаць курсы ў Калінінградзе і Маскве.

Неспадзяванкай для Максіма стала тое, што дзяўчыны часам яго саромеюцца.

«Дзяўчыны кажуць, што трэба перш дэпіляцыю зрабіць, каб прыйсці да майстра па педыкюры. Яны думаюць, што павінны выглядаць ідэальна пры наведванні майго кабінета. Для мяне гэта не важна. Для мяне вось важная частка цела – стопы. Камплексуюць: маўляў, я спачатку зраблю ўдому педыкюр, а потым да цябе прыйду. Я не быў гатовы да таго, што людзі будуць гэтак рэагаваць. Ёсць жа лекары, гінеколагі – тыя ж мужчыны», – распавядае хлопец.

«Шмат цікавага для сябе дазнаешся таксама. На прыклад, калі чалавек п’е мала вады або стала знаходзіцца пад уплывам стрэсаў, усё адбіваецца на нагах. Нельга ненатуральныя рэчы насіць. Пасля мыцця абавязкова ножкі трэба выціраць на суха, каб не трэскалася скура», – раіць малады майстар.

«Мара любога мужыка: дзесяць дзяўчат і я адзін»

У свае 28 гадоў кардынальна Максім змяніў не толькі працу, але і калектыў, які стаў цалкам жаночым. Сам хлопец на дыскамфорт не скардзіцца і лічыць, што прывыкнуць можна да ўсяго.

«Ну… мужчынскі калектыў мне ўсё ж такі больш родны. Але гэта справа часу. Нядаўна на лецішча ў лазню ўсе разам ездзілі. Дзесяць дзяўчат і я адзін, з жонкай. Мара любога мужыка, як мы жартуем», – пасміхаецца хлопец.

Максім Пальчыкаў ажаніўся з Аляксандрай амаль сем гадоў таму ў пятніцу 13-га. Да гэтага доўгі час стасаваліся ў адной кампаніі гарадзенскіх нефармалаў. Маюць трохгадовую дачушку Машу. У вольны час малады тата любіць вырвацца з сябрамі на рыбалку. У дзяцінстве марыў стаць дальнабойшчыкам, але пасля таго, як атрымаў пасведчанне кіроўцы, зразумеў, што болей любіць ездзіць па горадзе. 9 гадоў аддаў футболу. Займаўся іншымі відамі спорту. Іграў на гітары. У пэўны час хацеў стаць фатографам, але жыццё павярнулася інакш. Максім не хавае, што да гомасексуальных асобаў ставіцца без піетэту.

«Я вырас на Кабяка (вуліца па-за цэнтрам Горадні – рэд.). Там немагчыма стаць геем. Суворы раёнчык, – жартуе Максім. – Сябры крыху прыкалваюцца, але ў меру».

«Дагэтуль ёсць такі стэрэатып, што педыкюр робяць толькі мужчыны «не зусім той арыентацыі». Але Максім годна гэта ўспрымае і пераносіць, і, думаю, што ў хуткім часе яго сябры, з боку якіх ён чуў насмешкі, будуць сядзець і кусаць локці, а мой муж будзе паспяхова прагрэсаваць. Я вельмі пазітыўна стаўлюся да яго працы і таксама падумваю зрабіць цішотку з надпісам: «Мой муж – не гей», – дадае жонка Аляксандра.

Гістарычная справядлівасць

Як ні парадаксальна, але сёння цяжка ўявіць, што першапачаткова прафесія педыкюршчыка была выключна мужчынскай. Першым педыкюрыстам, які сябе так называў, быў мужчына Дэвід Лоў, які з 1780 году пачаў займацца зрэзваннем мазалёў, што стала вельмі прыбытковым заняткам. У 1785 ён выдае навуковую працу пад назвай «Хірападалогія», дзе ўпершыню выкарыстоўвае тэрмін «майстар педыкюру». І толькі пасля таго, як мінула паўстагоддзя, у Нью-Ёрку адчынілася першая ў свеце школа педыкюру і праўдзівай сенсацыяй стала тое, што сярод 14-ці першых выпускнікоў была адна жанчына.


Глядзіце ўсе фота пра мужчыну-майстра па педыкюры:

Максім Пальчыкаў – адзіны майстар-мужчына ў Горадні, які займаецца педыкюрам
салоны прыгажосці, педыкюр
Максім Пальчыкаў, майстар па педыкюры
педыкюр, салон прыгажосці
салон прыгажосці, цырульня

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў